Што Расея павінна зрабіць з Украінай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Што Расея павінна зрабіць з Украінай» (рас. Что Россия должна сделать с Украиной) — артыкул Цімафея Сяргейцава, абнародаваны расейскім інфармацыйным агенцтвам «Навіны» 3 красавіка 2022 году[1].

У артыкуле раскрываўся «падрабязны плян генацыду, пачынаючы з поўнай ліквідацыі ўкраінскай дзяржавы»[2]. З гэтай нагоды 4 красавіка 2022 году ўкраінскі тэлежурналіст Алег Казанскі адзначыў: «Тут адкрыта бароніцца неабходнасць этнацыду. Гаворка ўжо не пра «дэнацыфікацыю», а пра «дэўкраінізацыю». Пра тое, што ўкраінцаў трэба прымусіць адмовіцца ад сваёй нацыянальнасьці, мовы і культуры з дапамогай масавых рэпрэсіяў. Расейская дзяржава ўжо проста адкрыта перайшла да рыторыкі нацысцкіх злачынцаў. Цэлы народ аб’яўляецца няправільным, прапагандуецца неабходнасьць зьнішчэньня ўкраінцаў і ўкраінскай дзяржаўнасьці. І пасьля такіх артыкулаў яны яшчэ спрабуюць апраўдацца за Бучу, сьцьвярджаюць, што не чынілі там вайсковых злачынстваў. Такім чынам, паглядзіце, яны на дзяржаўных сайтах абнародавалі заклікі да генацыду ўкраінцаў»[3]. Артыкул быў абнародаваны ў кантэксьце працяглага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у той жа дзень, калі пасьля адступленьня маскальскіх войскаў з украінскага горада Буча былі знойдзены целы дзясяткаў мірных жыхароў[4][5]. Артыкул выклікаў міжнародную крытыку й абурэньне й быў асуджаны як доказ генацыдных намераў.[6][7][8]

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул выступае за «жорсткую цэнзуру» ўкраінскай культуры, маштабнае «перавыхаваньне» і «дэўкраінізацыю» ўкраінцаў на тэрыторыях, акупаваных Расеяй падчас уварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе[9][10][11].

Аўтар настойвае на тым, што этнацэнтрызм Украіны зьяўляецца штучным вычварэнствам,[12] што існаваньне Ўкраіны як нацыянальнай дзяржавы «немагчыма»,[10] і што нельга дапусьціць існаваньня самога слова «Украіна».[4][9] На думку аўтара, Украіна павінна быць дэмантаваная й замененая некалькімі дзяржавамі пад непасрэдным кантролем Расеі[13]. Ён дадае, што «этнічны складнік самаідэнтыфікацыі» Ўкраіны таксама будзе адкінуты пасьля яе акупацыі Расеяй[10].

Аўтар сьцьвярджае, што «хутчэй за ўсё, большасьць» украінскага мірнага насельніцтва — «нацысты»,[10] якія «тэхнічна» ня могуць быць пакараныя як ваенныя злачынцы, але могуць быць падвергнутыя «дэнацыфікацыі»[14]. У той час як Сяргейцаў адзначае, што не існуе нацыстоўскіх партыяў, сымбаляў, расістоўскіх законаў альбо іншых доказаў сапраўднага нацызму, ён паруе гэта, сьцьвярджаючы, што « ўкраінскі нацызм унікальны дзякуючы сваёй аморфнасьці й неадназначнасьці», што, паводле Цімаці Снайдэра, эквівалентна «асаблівае маскальскае вызначэньне нацызму»[15]. Аўтар сьцьвярджае, што бандэраўцы насамрэч маргінальныя для «ўкранацызму», а сапраўдная пагроза — праэўрапэйства.

Ён сьцьвярджае, што ўкраінцы павінны «засвоіць досьведт» вайны «як гістарычны ўрок і адкупленьне [сваёй] віны». Пасьля вайны ў якасьці пакараньня бы выкарыстаны прымусовыя працы, турэмнае зьняволеньне й сьмяротнае пакараньне. Пасьля гэтага насельніцтва будзе «інтэгравацца» ў «рускую цывілізацыю».[10] Аўтар апісвае заплянаваныя дзеяньні як «дэкалянізацыю» Украіны.[12][13]

Як піша ў Haaretz Антон Шэхаўцоў, артыкул зьяўляецца пашыранай вэрсіяй артыкула 2016 году маскальскага аглядальніка Аляксандра Жучкоўскага, якога зьвязваюць з маскальскім імпэрскім рухам. У гэтым артыкуле Жучкоўскі заклікаў да дэгуманізацыі ўкраінцаў, кажучы: «Гэта натуральна й правільна, бо мы ваюем не супраць людзей, а супраць ворагаў, […] не супраць людзей, а супраць украінцаў».[16]

Рэакцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унутраная рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў паўтарыў асноўныя тэзы артыкулу празь некалькі дзён пасьля яго публікацыі. Па словах Мядзьведзева, «гарачая частка ўкраінскага грамадзтва малілася Трэцяму райху», Украіна — нацыстоўская дзяржава, падобная да Трэцяга Райху, якую трэба «дэнацыфікаваць» і «выкараніць», а вынікам гэтага будзе крах Украіны як дзяржавы[17]. Мядзьведзеў сьцьвярджае, што каляпс — гэта шлях да «адкрытай Эўразіі ад Лісабона да Ўладзівастока»[17].

26 красавіка 2022 году Мікалай Патрушаў заявіў, што «амэрыканцы з дапамогай сваіх стаўленікаў у Кіеве вырашылі стварыць антыпод нашай краіны, цынічна выбраўшы для гэтага Ўкраіну, спрабуючы разьяднаць адзіны па сутнасьці народ» і што «вынік палітыкі Захаду й падкантрольнага яму кіеўскага рэжыму можа быць толькі распад Украіны на некалькі дзяржаў».[18]

Міжнародныя рэакцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі заявіў, што артыкул зьяўляецца доказам плянаў Расеі правесьці генацыд грамадзянаў Украіны[7]. Ён адзначыў, што для абазначэньня генацыду ўкраінцаў у артыкуле выкарыстоўваюцца тэрміны «дэўкраінізацыя» і «дээўрапеізацыя». На яго думку, гэта адзін з доказаў для будучага трыбунала над расейскімі ваеннымі злачынствамі ва Ўкраіне[6][19]. Па словах прадстаўніка Ўкраіны на маскальска-ўкраінскіх мірных перамовах Міхаіла Падаляка, гэты артыкул зьяўляецца афіцыйным заклікам да масавых забойстваў украінцаў з-за іх нацыянальнай прыналежнасьці й будзе разглядацца як такі Міжнародным крымінальным судом (Нідэрлянды)[8].

У красавіку 2022 году дэпутат нямецкага Бундэстагу Томас Гайльман падаў у суд на аўтара артыкула. На думку Гайльмана, артыкул можа быць парушэньнем Канвэнцыі аб папярэджаньні генацыду й пакараньні за яго[20]. У траўні 2022 году Генэральная пракуратура Ўкраіны распачала дасудовае расьсьледаваньне па гэтай справе[21].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па словах дырэктара Фінскага інстытуту міжнародных адносін Мікі Аалтолы, артыкул паказаў, што расейская ваенная прапаганда «разьвіваецца ў трывожным кірунку»[22]. Як піша Meduza, артыкул зьяўляецца «па сутнасьці плянам генацыду ўкраінцаў».[12]

Паводле оксфардзкага экспэрта па справах Расеі Сэмюэла Рамані, артыкул «адлюстроўвае мэйнстрым крамлёўскага мысьленьня»[23]. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр напісаў, што тэкст «прапагандуе ліквідацыю ўкраінскага народу як такога»[24]. Пазьней ён адзначыў, што ў ім выкарыстоўваецца спэцыяльнае вызначэньне слова «нацыст»: «нацыст — гэта ўкраінец, які адмаўляецца прызнаць сябе маскальскім». На ягоную думку, артыкул раскрывае генацыдныя намеры Расеі[15].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цімафей Сяргейцаў, РІА «Навіны». «Што Расея павінна зрабіць з Украінай» // Партал «Наша ніва», 4 красавіка 2022 г. Архіўная копія ад 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  2. ^ «Польскае тэлебачаньне». Расейскае інфармацыйнае агенцтва раскрывае план генацыду ўкраінцаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  3. ^ Алег Казанскі, «Цэнзар.нэт». РІА «Навіны» апублікавала артыкул «Што Расея павінна зрабіць з Украінай» з заклікамі да «дэўкраінізацыі» і зьнішчэньня нацыянальнай сьвядомасьці // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 4 красавіка 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  4. ^ а б A Kremlin paper justifies erasing the Ukrainian identity, as Russia is accused of war crimes
  5. ^ Російський посібник з геноциду (укр.) 10 April 2022 г.
  6. ^ а б На державному російському сайті вийшла стаття "Що Росія має зробити з Україною"
  7. ^ а б Article 'What Russia should do with Ukraine' is evidence for future tribunal - Zelensky
  8. ^ а б В ОП напомнили России о международных судах из-за статьи о "перевоспитании" украинцев
  9. ^ а б Russische Nachrichtenagentur ruft zur Vernichtung der Ukraine auf (ням.) 4 April 2022 г.
  10. ^ а б в г д Russian state media: 'Ukronazism' greater threat to world than Hitler
  11. ^ Zelenskiy says more than 300 people killed and tortured in Bucha – as it happened 5 April 2022 г.
  12. ^ а б в Russia's war against Ukraine Daily updates as Moscow's full-scale invasion enters its second month
  13. ^ а б Russische Nachrichtenagentur ruft zum Völkermord auf
  14. ^ Killings in Ukraine amount to genocide, Holocaust expert says
  15. ^ а б Russia's genocide handbook - The evidence of atrocity and of intent mounts 8 April 2022 г.
  16. ^ The Shocking Inspiration for Putin’s Atrocities in Ukraine (анг.)
  17. ^ а б Wie soll der Krieg in der Ukraine enden? Dieser russische Text lässt Böses erahnen
  18. ^ https://rg.ru/2022/04/26/patrushev-zapad-sozdal-imperiiu-lzhi-predpolagaiushchuiu-unichtozhenie-rossii.html
  19. ^ Zelenskyy on RIA Novosti article: One piece of evidence for a future tribunal
  20. ^ Немецкий депутат подал иск на автора статьи о денацификации Украины в РИА «Новости»
  21. ^ Ukraine presses charges against author of Russia's manifesto calling for genocide of Ukrainians
  22. ^ Venäjän propaganda viestii kansanmurhaa - "huolestuttavaa, kammottavaa" (фін.)
  23. ^ 'Genocide masterplan': Experts alarmed after Kremlin intellectual calls for 'cleansed' Ukraine
  24. ^ @ [] — «An article in the official state Russian news agency RIA Novosti...». — (Тўіт праз Twitter).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]