Шклоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 11:46, 17 кастрычніка 2017. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Шклоў
трансьліт. Škloŭ
Меская ратуша
Меская ратуша
Герб Шклова
Першыя згадкі: 1520[1]
Магдэбурскае права: 10 красавіка 1762
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Шклоўскі
Плошча: 10,7 км²
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 16 310 чал.[2]
шчыльнасьць: 1524,3 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2239
Паштовы індэкс: 213010
СААТА: 7258501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 54°12′30″ пн. ш. 30°17′13″ у. д. / 54.20833° пн. ш. 30.28694° у. д. / 54.20833; 30.28694Каардынаты: 54°12′30″ пн. ш. 30°17′13″ у. д. / 54.20833° пн. ш. 30.28694° у. д. / 54.20833; 30.28694
Шклоў на мапе Беларусі ±
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Шклоў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 16 310 чалавек[2]. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў.

Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.

Назва

Паводле пашыранага меркаваньня тапонім «Шклоў» утварыўся ад слова шкло[3].

Гісторыя

Панарама места, гравюра XVIII ст.
Асноўны артыкул: Гісторыя Шклова

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[1]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVIXVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З 2-й паловы XVI ст. места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[1].

Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[1]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[1]. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка цара маскоўскага Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[1]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[1].

У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI ст. адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзейнічалі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[4]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII ст. у Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ ст. Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.

На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскіх, кравецкіх і шавецкіх промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ ст. празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Шклова[5].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVII стагодзьдзе: 1643 год — 4750 чал.[6]; 1650 год — 8540 чал.[1]; 1661 год — 4375 чал.[1]
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 11 363 чал.[7]; 1880 год — 2393 чал., зь іх 1268 праваслаўных, 33 каталікі, 1092 юдэі[8]
  • XX стагодзьдзе: 1924 год — 6617 чал.; 1939 год— 8,1 тыс. чал.; 1959 год — 7,8 тыс. чал.; 1979 год — 11,8 тыс. чал.; 1991 год — 15 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 16,1 тыс. чал.[9]; 2004 год — 15,9 тыс. чал.; 2006 год — 15,6 тыс. чал.; 2008 год — 15,6 тыс. чал.[10]; 2009 год — 16 439 чал.[11] (перапіс); 2015 год — 16 359 чал.[12]; 2016 год — 16 425 чал.[13]; 2017 год — 16 310 чал.[2]

Адукацыя

У Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спэцшкола, цэнтар разьвіцьця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.

Мас-мэдыя

У месьце выдаецца газэта «Ўдарны фронт».

Забудова

Плян

Сучасная меская тэрыторыя выцягнулася ўздоўж Дняпра. Забудова галоўным чынам сядзібнага тыпу. У цэнтры і жылых масівах узводзяцца 2—5-павярховыя будынкі. Захаваўся фрагмэнт пабудоваў XVIII ст. Ёсьць паркавая зона.

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Дзікуна вуліца Сялянская вуліца
Ленінская вуліца Прабойная вуліца
Луначарскага вуліца Касьцельная вуліца[14]
Пралетарская вуліца Маставая вуліца
Савецкая вуліца Мяшчанская вуліца[15]

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Шклоў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю» і «Айчыны славутыя імёны»[16]. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крынічка».

Славутасьці

У Шклове знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня Ніжнінскі роў.

На паўднёвай ускраіне места (в. Рыжкавічы) месьціцца археалягічны комплекс ХІV—XVIIІ стагодзьдзяў, які складаецца з замчышча, рэштак касьцёла і кляштару дамініканаў і руінаў царквы Ўваскрасеньня Хрыстова[17].

Страчаная спадчына

  • Замак (XVI ст.)
  • Кадэцкі корпус (XVIІІ ст.)
  • Касьцёл і кляштар дамініканаў (1619)
  • Сядзіба Крывашэіна (1902, спаленая ў траўні 2004)
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (пач. ХІХ ст.)
  • Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (XVIІ ст., Сьвяты Пасад)

Галерэя

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в г д е ё ж з Лукашэвіч А. Шклоў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 411.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 254.
  5. ^ Геральдика, Шкловский районный исполнительный комитет
  6. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 405.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 409.
  8. ^ Krzywicki J. Szkłów // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 922.
  9. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 423.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 404.
  11. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ У Шклове толькі тры вуліцы захавалі свае гістарычныя назвы. Радыё СвабодаПраверана 2 верасьня 2012 г.
  15. ^ Грудзіна А. «І родныя сэрцу мясціны…». — Шклоў, 2007.
  16. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  17. ^ Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.08.2009 № 1088 [1]

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Шклоўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў