Шандар Пэтэфі
Шандар Пэтэфі | |
Sándor Petőfi | |
Партрэт працы Ігнаца Рашковіча(hu) (1849) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Петравіч |
Нарадзіўся | 1 студзеня 1823 Кішкерэш, Вугоршчына |
Памёр | 31 ліпеня 1849 Сыгішаара, Вугоршчына |
Бацькі | Mária Hrúzová[d] |
Сужэнец | Юлія Сэндрэй[d] |
Дзеці | Золтан Пэтэфі[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, рэвалюцыянэр |
Гады творчасьці | 1842—1849 |
Мова | вугорская |
Дэбют | 1844 |
Подпіс | |
Ша́ндар Пэ́тэфі (па-вугорску: Petőfi Sándor, вымаўл. ˈpɛtøːfi ˈʃaːndor), сапраўднае імя Алякса́ндар Пе́травіч[1][2] (па-славацку: Alexander Petrovič[1], па-сэрбску: Александр Петровић; 1 студзеня 1823, Кішкерэш, Вугорскае каралеўства, Аўстрыйская імпэрыя — 31 ліпеня 1849, Трансыльванскае княства, Аўстрыйская імпэрыя) — вугорскі народны паэт(en), публіцыст, рэвалюцыйны дзяяч сэрбска-славацкага паходжаньня.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў зь небагатай сям’і. Бацька — сэрб Стэфан (Іштван) Петравіч, зьбяднелы шляхціч; маці — славацкая сялянка Марыя Грузава (Груз).
Шандар пайшоў у школу ў пяцігадовым узросьце. У 15 рокаў валодаў сям’ю мовамі. У 1839, ня маючы ніякіх сродкаў для існаваньня, пайшоў на вайсковую службу, адкуль у 1841 быў звольнены з прычыны хваробы.
Быў статыстам у тэатры, вандроўным акторам, падпрацоўваў перакладамі. Назьбіраўшы дастаткова сродкаў, паступіў у калегіюм у Папе. Друкаваўся з 1842 (верш «Той, хто п’е» у «Athenaeum»).
З 1846 року разам са сваім сябрам Янашам Аранем прадпрымаў спробы зьяднаць вугорскі нацыянальна-вызвольны рух. У 1846 у Трансыльваніі пазнаёміўся зь Юліяй Сандрэі, зь якой ажаніўся ў наступным року насуперак бацькоўскай волі. Мелі сына Золтана (1848—1870).
Неўзабаве яшчэ больш захапіўся ідэяй рэвалюцыі ды пераехаў у Пэшт, дзе апынуўся ў асяродзьдзі радыкальна настроенага студэнтцва й інтэлігенцыі. З 1847 ачольваў рэвалюцыйную арганізацыю «Маладая Вугоршчына».
Групоўка, у якую ўваходзіў і Пэтэфі, заплянавала на 19 сакавіка 1848 року скліканьне Народнага сходу, які б зацьвердзіў пэтыцыю з патрабаваньнем незалежнасьці Вугоршчыны. Аднак 15 сакавіка зь Вены дайшла вестка пра пачатак Аўстрыйскай рэвалюцыі, таму было вырашана склікаць сход у той самы дзень. Шандар Пэтэфі стаў аўтарам «12 Pont» — сьпісу з 12 патрабаваньняў — і паэмы «Nemzeti dal», якая запачаткавала Вугорскую рэвалюцыю.
Пэтэфі ў ходзе рэвалюцыі працягваў пісаць вершы і публіцыстыку, крытыкаваў правадыроў рэвалюцыі за іхнюю ўмеранасьць. Вылучаўся ў парлямэнт, аднак ня быў абраны. У верасьні 1848 далучыўся да рэвалюцыйнае арміі Кошута. Са студзеня 1849 — ад’ютант польскага эмігранта Юзэфа Закарыяша Бэма, які камандаваў рэвалюцыйным войскам у Трансыльваніі. Браў удзел у баёх з аўстрыйскімі войскамі, румынскімі і саксонскімі паўстанцамі і расейскімі інтэрвэнтамі.
Паводле традыцыйнае вэрсіі загінуў пад Шэгешварам у баі з казакамі расейскага войска пад кіраўніцтвам царскага генэрала Івана Паскевіча. Згодна зь іншай вэрсіяй, якая пакуль не знайшла пацьверджаньня, быў паранены, узяты ў палон і таемна вывезены ў Сыбір, дзе памёр у 1856 року.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раньняй паэзіі (зборнік «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фальклёрнымі матывамі, галоўныя тэмы — прыгажосьць роднага краю, багаты духоўны сьвет людзей. Пэсымістычна-рамантычныя настроі выразіліся ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстаньня 1846 у Галіччыне і рэвалюцыйных падзеяў у Пэшце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэвалюцыйна-дэмакратычны характар (вершы «Мае песьні», «Вугорац я…», «Нацыянальная песьня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Эўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасьць у перамозе рэвалюцыйных ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасьцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянэра.
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На беларускую мову ягоныя вершы пераклалі Аляксей Зарыцкі, Язэп Семяжон, Мікола Хведаровіч, Мікола Аўрамчык, апавяданьні — Ганна Сапрыка, Мікола Татур.
- Ліра і меч: Выбр. Мн., 1971.
- У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957.
- У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977.
- У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978.
- Выбраная паэзія: Пер. М. Хведаровіча; новая рэд. перакладаў М. Ермалаева. Мн., 2017.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імем Пэтэфі названыя вуліцы і плошчы большасьці местаў Вугоршчыны, Трансыльваніі і паўднёвай Славаччыны, вуліца ў Тбілісі, цэнтральная плошча Ужгараду.
У родным месьце паэта Кішкерэшы створаны мэмарыяльны дом-музэй.
У гонар паэта названы астэроід 4483 Пэтэфі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Lucinda Mallows. The Bradt travel guide Bratislava. — Bradt Travel Guides, 2009. — С. 7. — ISBN 9781841622293
- ^ Sándor Petőfi, George Szirtes. John the Valiant. — Hesperus Press, 2004. — С. 1. — ISBN 9781843910848
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баршчэўскі Л. Пецёфі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шандар Пэтэфі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 1 студзеня
- Нарадзіліся ў 1823 годзе
- Памерлі 31 ліпеня
- Памерлі ў 1849 годзе
- Вугорскія паэты
- Вугорскія рэвалюцыянэры
- Вугорскія грамадзкія дзеячы
- Вугорскія вайскоўцы
- Нарадзіліся ў Кішкерэшы
- Асобы, у гонар якіх названы астэроід
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Асобы на марках