Шаблён:Цяперашні абраны артыкул/2014-03

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кляштар брыгітак
Кляштар брыгітак

Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак у Горадні — помнік архітэктуры раньняга барока (так званага любельскага тыпу рэнэсанснага касьцёла) з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу быў пабудаваны ў 16341642 гадах на вуліцы Язерскай (пазьней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай.

Ансамбль зьяўляецца адной з дамінантаў гораду. Разьмешчаны ў гістарычным цэнтры Горадні па адрасе: вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштару брыгітак уключае ў сябе касьцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль зьяўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.

У архітэктурных дэталях брыгіцкага касьцёла і кляштару бачнае прыметнае адхіленьне ад клясычных барочных формаў. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэляў пілястраў карынцкага ордэну, у дэкаратыўным аздабленьні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брамаў, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць формы заходнеэўрапейскай архітэктуры. На думку дасьледчыкаў, касьцёл брыгітак зьяўляецца адным з найбольш раньніх аўтэнтычных узораў барочнага дзьвюхвежавага фасаду ў сакральным дойлідзтве Беларусі, а спалучэньне ў ім рэнэсансных і барочных рысаў надае яму адметнасьць.

У двары комплексу захаваўся ўнікальны і самы старажытны драўляны будынак Беларусі — лямус, у архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы нашлі сваё адлюстраваньне традыцыі беларускага народнага дойлідзтва.

Ансамбль прадстаўляе вялікую архітэктурную цікавасьць, таму што захаваўся да нашых дзён амаль безь перабудоваў.
(артыкул цалкам…)