Шаблён:Цяперашні абраны артыкул/2011-10
Ян Антоні Чачот (7 ліпеня 1796, в. Малюшычы, Наваградзкі павет — 23 жніўня 1847, мястэчка Ротніца пад Друскенікамі, Гарадзенскі павет) — паэт-рамантык, філямат, фальклярыст, этнограф і драматург; сябра Адама Міцкевіча; адзін з найбуйнейшых дзеячоў беларуска-польскага фальклёрна-літаратурнага сумежжа XIX стагодзьдзя.
Паэт сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасьці зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку зь якіх апублікаваў у беларускім арыгінале. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны» 1846 году ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасьцяў беларускай мовы і ўпершыню паставіў тэарэтычнае пытаньне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. У сваёй баляднай творчасьці Янам Чачотам было адлюстравана дванаццаць паданьняў і народных казак, а таксама дзесяць матываў з народных вераваньняў і звычаяў.
Яго руплівая дзейнасьць па зьбіраньні беларускага фальклёру і спробы ўнармаваньня беларускай граматыкі, паводле польскіх і беларускіх дасьледнікаў, зьяўляецца досьвіткам беларускага нацыянальнага адраджэньня. У пераважнай бальшыні выпадкаў паэт называе беларускую мову XIX стагодзьдзя «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам».
(артыкул цалкам…)