Чорны квадрат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чорны квадрат
Malewitsch.jpg
Мастак Казімер Малевіч
Год 1915
Тып палатно, алей
Памеры 79,5 × 79,5
Месцазнаходжаньне Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэяМасква

«Чорны квадрат» (1915) — самая вядомая карціна Казімера Малевіча. Карціна ўяўляе сабой палатно памерам 79,5 на 79,5 сантымэтраў. На ім намаляваны чорны квадрат на белым фоне.

Гісторыя карціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна была напісаная Малевічам улетку і ўвосень 1915 году[1]. Па сьцьвярджэньні мастака, ён пісаў яе некалькі месяцаў.

Карціна была выстаўленая на апошняй футурыстычнай выставе «0.10», якая адкрылася ў Пецярбургу 19 сьнежня 1915 году. Сярод трыццаці дзевяці карцін, выстаўленых Малевічам на самым бачным месцы, у так званым «чырвоным куце», дзе звычайна вешаюць абразы, вісеў «Чорны квадрат».

Пасьля Малевіч напісаў некалькі копіяў «Чорнага квадрату». Пэўна вядома, што ў пэрыяд ад 1915 да пачатку 1930-х гадоў Малевіч стварыў чатыры варыянты «Чорнага квадрату», якія адрозьніваюцца малюнкам, фактурай і колерам. Адзін з «Квадратаў», хоць і датаваны аўтарам 1913 годам, прынята адносіць да мяжы 1920-х—1930-х гадоў. Ім былі таксама напісаныя карціны «Чырвоны квадрат» (у двух асобніках) і «Белы квадрат» («Супрэматычная кампазыцыя» — «Белае на белым») — адзін.

«Квадрат» адыграў сваю ролю ў афармленьні пахаваньняў Малевіча ў 1935 годзе. Падчас пахаваньняў на адкрытай плятформе грузавіка з малюнкам чорнага квадрату на капоце быў усталяваны супрэматычны саркафаг, а над магілай (блізу вёскі Нямчынаўкі) быў пастаўлены драўляны куб з малюнкам чорнага квадрату. Неўзабаве магіла была зьнішчаная.

Гісторыя напісаньня карціны з «Квадратам»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па сьцьвярджэньнях самога мастака, «Квадрат» займаў цэнтральнае месца ў яго творчасьці. «Я доўгі час ня мог ні есьці, ні спаць» — казаў Малевіч, — «і сам не разумеў, што такое зрабіў».

Існуе вэрсія, што на зьяўленьне «Квадрата» паўплывала сьмерць ад тыфу адзінага сына Малевіча Анатоля ў кастрычніку 1915 году.

Іншая вэрсія складаецца ў тым, што карціна была напісаная пазьней, да выставы — паколькі велізарную залю трэба было чымсьці запоўніць. Гэтая інтэрпрэтацыя заснаваная на лісьце аднаго з арганізатараў выставы Малевічу:

« Трэба пісаць цяпер шмат. Памяшканьне вельмі вялікае, і калі мы, 10 чалавек, напішам карцін 25, то гэта будзе толькі-толькі[2]. »

Інтэрпрэтацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непасрэдная рэакцыя крытыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Правая» мастацкая крытыка ўспрыняла «Чорны квадрат» як антыхрысьціянскі жэст. Найбуйнейшы на той момант мастацкі крытык, заснавальнік аб’яднаньня «Сьвет Мастацтва» Аляксандар Бенуа напісаў адразу пасьля выставы:

« Несумнеўна, гэта і ёсьць той абраз, які спадары футурысты ставяць наўзамен мадоны. »

«Левая» крытыка зразумела «Квадрат» гэтаксама, але рэагавала на яго захоплена. Вядома, што Міхаіл Гершэнзон трымаў адну з копіяў «Квадрата» у сябе ў кабінэце над сталом.

Інтэрпрэтацыі аўтара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сам Казімер Малевіч у сваіх лекцыях, прысьвечаных мастацтву, зваў «Квадрат» «Царскім Немаўлём», тым самым збліжаючы «Квадрат» з малюнкам Хрыста.

У віцебскі пэрыяд творчасьці інтэрпрэтацыя «Квадрата» зьмянілася. У лістку УНАВМА № 1, які выйшаў у Віцебску 20 лістапада 1920 году, гаварылася:

« Зрыньваньне старога сьвету мастацтва ды будзе вычарчана на вашых далонях. Насіце чорны квадрат як знак сусьветнай эканоміі. »

Пазьнейшыя інтэрпрэтацыі «Квадрата»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наступным некаторыя дасьледнікі зьвязвалі «Квадрат» з габрэйскімі матывамі ў творчасьці Малевіча.

Леанід Каціс узводзіць «Чорны квадрат» да тфілін[3]:

« Задамо сабе пытаньне: «Што магло значыць выраз «чорны квадрат на чорным фоне», «чорны квадрат на белым фоне» і т. д. для маладых віцебскіх мастакоў-габрэяў, якія пражылі ўсё сваё жыцьцё ў габрэйскай правінцыі? Як павінны былі яны ўспрымаць гэты прадмет (і ці прадмет гэта?), калі самі яны пісалі: «Насіце чорны квадрат…»? Прынамсі ня менш за 5 разоў на тыдзень бачылі яны, калі не выкарыстоўвалі самі, менавіта прадмет, які ўяўляе сабой «чорны куб на чорным квадратным фоне». Гэта тфілін — рытуальны прадмет, што апранаўся юдэямі пры малітве. Зразумела, што чорны куб на чорным фоне і дасьць нам шуканы «чорны квадрат на чорным фоне». »

Той жа аўтар фіксуе факт нашэньня «чорных квадратаў» некаторымі ўдзельнікамі супрэматысцкага руху.

«Квадрат» часамі супрацьпастаўляюць г. зв. «беламу цмоку», чыстаму лісту без малюнка, што меў сымбалічнае значэньне ў даасізме.

«Чорны квадрат» у літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віктар Пялевін у сваім рамане «Сьвятая Кніга Пярэваратня» піша ад асобы галоўнай гераіні:

« …Я люта ірванулася да чорнага квадрата волі, у якім ужо гарэлі першыя зоркі. Забягаючы наперад, жадаю сказаць, што менавіта гэты досьвед дапамог мне пасьля зразумець карціну Казімера Малевіча «Чорны Квадрат». Я б толькі дамалявала на ім некалькі маленечкіх сіне-белых кропак. Аднак Малевіч, хоць і зваў сябе супрэматыстам, быў дакладны праўдзе жыцьця — сьвятла ў расейскім небе часьцей за ўсё няма. І душы не застаецца нічога іншага, акрамя як вырабляць нябачныя зоркі зь сябе самой — такі сэнс палатна. »

Апошнія экспазыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На знакавай выставе 2004 году ў варшаўскай галерэі «Захента» «Варшава — Масква, 1900—2000», дзе выстаўляліся больш за 300 карцін, скульптур, інсталяцыяў (у прыватнасьці, шмат карцін расейскага авангарду) «Квадрат» з Трацьцякоўскай галерэі быў прадстаўлены ў якасьці цэнтральнага экспаната выставы. Пры гэтым ён быў вывешаны ў «чырвоным куце», як на выставе «0.10».

У 2005 годзе на выставе графікі сучасных мастакоў з краінаў Цэнтральнай Эўропы «Сэнс жыцьця — сэнс мастацтва» (у Расеі была прадстаўленая ў Трацьцякоўскай галерэі з 8 лістапада да 4 сьнежня) экспанаваўся малюнак славенскай арт-групы «IRWIN» — «Тры абразы», дзе чорны квадрат Малевіча вісіць у чырвоным куце. Той жа чорны квадрат зьяўляецца ў малюнках Эрыка Булатава і Леаніда Сокава.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Борис Романов. Картина «Черный квадрат» — Казимира Малевича(рас.)
  2. ^ Александр Шумов. Выпіс з ліста Пуні Малевічу / Икона красного угла(рас.)
  3. ^ Леанід Каціс. Ідэалёгія віцебскага Уновісу, Іерусалімскі Храм і Талмуд = Идеология витебского Уновиса, Иерусалимский Храм и Талмуд (Квадраты К. С. Малевича и Эль-Лисицкого). Toronto Slavic Quarterly(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Чорны квадратсховішча мультымэдыйных матэрыялаў