Чорнае (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чорнае
трансьліт. Čornaje
Вуліца Леніна (2020 год)
Вуліца Леніна (2020 год)
Першыя згадкі: XVI стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Рэчыцкі
Сельсавет: Белабалоцкі
Вышыня: 135 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць:  95 чал. (2009)
нацыянальны склад: беларусы[1]
колькасьць двароў: 88 (2004)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2340
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°28′6″ пн. ш. 30°21′46″ у. д. / 52.46833° пн. ш. 30.36278° у. д. / 52.46833; 30.36278Каардынаты: 52°28′6″ пн. ш. 30°21′46″ у. д. / 52.46833° пн. ш. 30.36278° у. д. / 52.46833; 30.36278
Чорнае на мапе Беларусі ±
Чорнае
Чорнае
Чорнае
Чорнае
Чорнае
Чорнае
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Чорнае[2]вёска ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі.

На 2022 год уваходзіла ў Белабалоцкі сельсавет. Месьцілася за 9 км на поўнач ад Рэчыцы і чыгуначнай станцыі Рэчыца на лініі КаленкавічыГомель, а таксама за 59 км на поўнач ад Гомля. На захадзе знаходзіліся Дняпро і Круглае возера, а на ўсходзе — возера Хоцемля. Прасёлачная дарога зьвязвала з аўтадарогай Рэчыца—Шацілавічы. На 2005 год у Чорным сяле месьціліся камбінат побытавага абслугоўваньня і сярэдняя школа, клюб і бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт і вэтэрынарны ўчастак, аддзяленьне сувязі і крама. Пляніроўка складалася з просталінейнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай скіраванасьці, да якой з усходу далучаліся 2 просталінейныя вуліцы, а з захаду — дугападобная вуліца. Забудова складалася з драўляных сядзібаў[3].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ХІХ стагодзьдзе: 1881 год — 585 жыхароў і 120 двароў, 1886 год — 791 жыхар і 127 двароў, 1897 год — 1250 жыхароў і 178 двароў;
  • ХХ стагодзьдзе: 1909 год — 1765 жыхароў і 197 двароў, 1959 год — 739 жыхароў;
  • ХХІ стагодзьдзе: 2004 год — 144 жыхары і 88 гаспадарак[3], 2009 год — 95 жыхароў[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археолягі выявілі за 500 мэтраў на паўночны ўсход ад Чорнага сяла гарадзішча мілаградзкай і зарубінецкай культураў. Ад XVI стагодзьдзя Чорнае сяленьне было вядома ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводзтва (Вялікае Княства Літоўскае). У 151 годзе знаходзілася ў валоданьні князя Мажайскага. У 1525, 1526 і 1527 гадох згадвалася пры канфліктах Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй. Пад 1560 годам Чорнае сяленьне пазначалася ў Гомельскім старостве. У 1640-х гадох інвэнтар Гомельскага староства згадваў Чорнае сяло ў валоданьні памешчыка Халецкага. Пасьля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1841 годзе гаспадар фальварка меў у Чорным сяле 500 дзесяцінаў зямлі. У 1847 годзе замест старой узьвялі новую царкву Пакрова Багародзіцы. У 1864 годзе пачала дзейнічаць прыстань на Дняпры. 8 студзеня 1882 году ў Чорным сяле згарэла паркетная фабрыка. На 1886 год працавалі 2 ветракі і лесапільня. Паводле перапісу насельніцтва 1897 году ў Чорным сяле працавалі хлебазапасная крама і школа граматы, а таксама карчма і прыстань на Дняпры. На 1909 год сяло знаходзілася ў складзе Чабатовіцкай воласьці Гомельскага павету (Магілёўская губэрня)[3].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чорнае сяло абвясьцілі часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году Чорнае сяло абвясьцілі часткай Беларускай ССР. 26 красавіка 1919 году сяло трапіла ў склад Гомельскай губэрні Расейскай СФСР. У 1919 годзе ў былым памешчыцкім маёнтку ўтварылі аддзяленьне Ўваравіцкай камуны. 8 сьнежня 1926 году сяло стала цэнтрам Чарнянскага сельсавету Ўваравіцкага раёну. У сьнежні 1926 году ў ходзе 2-га ўзбуйненьня Беларускай ССР Чорнае сяло вярнулі ў склад БССР. 4 жніўня 1927 году сяло перадалі ў Рэчыцкі раён Гомельскай акругі. У 1931 годзе ўтварылі калектыўную гаспадарку «Чырвоны востраў». Працавалі 2 ветракі і пачатковая школа. 20 лютага 1938 году ўлучылі ў склад Гомельскай вобласьці. Пачас Нямецка-савецкай вайны нямецкія захопнікі забілі 15 вяскоўцаў.

У жніўні 1941 году нямецкія захопнікі занялі Чорнае сяло ў ходзе Нямецка-савецкай вайны. У сьнежні 1941 году ў Чорным сяле стварылі партызанскі атрад. У 1942 годзе Чорняе сяло апынулася ў складзе партызанскай зоны. У сакавіку 1943 году вяскоўцы перасяліліся з Чорнага сяла ў лес праз напады нямецкага войска. 18 лістапада 1943 году савецкія партызаны і Чырвоная армія занялі Чорнае сяло[5] ў выніку бою. Загінулых у баі партызана і 3-х чырвонаармейцаў пахавалі ў брацкай магіле пасярод сяла. У 1975 годзе пасярод Чорнага сяла насыпалі Курган Славы ў гонар 340 вяскоўцаў Белабалоцкага сельсавету, загінулых падчас вайны на фронце і ў партызанах[3].

У 2007 годзе ў Чорным асьвяцілі капліцу Пакрова Багародзіцы над гаючай крыніцай, што існавала больш за стагодзьдзе. 10 лістапада 2017 году Гомельскі абласны выканаўчы камітэт адкрыў на гранітным шматтонным валуне ў Чорным памятную дошку геолягу Міхайлу Грамыку, які быў вядомым паэтам і этнографам[6].

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міхайла Грамыка (1885—1969) — беларускі пісьменьнік і геоляг, распрацоўнік беларускай навуковай тэрміналёгіі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 году паводле этнічнага складу (Белабалоцкі сельсавет) (рас.) // Партал «Статыстыка насельніцтва Ўсходняй Эўропы», 2022 г. Праверана 15 лістапада 2022 г.
  2. ^ Натальля Багамольнікава, Ірына Гапоненка. Рэчыцкі раён (Белабалоцкі сельсавет) // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь : Гомельская вобласьць / рэд. Валянціна Лемцюгова. — Менск: Тэхналёгія, 2006. — С. 283. — 382 с. — 1320 ас. — ISBN 985-458-131-4
  3. ^ а б в г Станіслаў Марцалеў, Уладзімер Бянько. Рэчыцкі раён (Чорнае) // Гарады і вёскі Беларусі / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Н.У. Кузьмянкова. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 2, кніга 2. Гомельская вобласьць. — С. 369370. — 520 с. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0330-6
  4. ^ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 году ў Гомельскай вобласьці (рас.) // Партал «Статыстыка насельніцтва Ўсходняй Эўропы», 2022 г. Праверана 15 лістапада 2022 г.
  5. ^ Валяр'ян Шкленьнік. Рагачоўскі фронт // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Пад Рэчыцай адкрываюць знак першапраходцу ў пошуках беларускай нафты // Радыё «Спадарожнік», 10 лістапада 2017 г. Праверана 15 лістапада 2022 г.