Перайсьці да зьместу

Чарлі Кэрк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чарлз Кэрк
анг. Charles James Kirk
Жнівень 2024 г.
Імя пры нараджэньні Чарлз Джэймз Кэрк
Род дзейнасьці радыёвядоўца, пісьменьнік, відэаблогер
Дата нараджэньня 14 кастрычніка 1993
Месца нараджэньня Арлінгтан Гайтс, акруга Кук, штат Іліной, ЗША
Дата сьмерці 10 верасьня 2025
Месца сьмерці Орэм, акруга Юта, штат Юта, ЗША
Прычына сьмерці палітычнае забойства
Месца пахаваньня
Грамадзянства ЗША
Адукацыя Каледж імя Ўільяма Харпэра (Іліной)
Месца вучобы Ўілінская сярэдняя школа (2011)
Занятак кансьпіроляг, палітычны актывіст, пісьменьнік, палітычны аглядальнік, падкастэр, апалягет
Навуковая сфэра вяшчальная журналістыка[d]
Месца працы «Паваротная кропка ЗША»
Гады дзейнасьці 2012—2025
Вядомы як арганізатар публічных дэбатаў у ВНУ ЗША
Пасада Старшыня «Паваротнай кропкі ЗША»
Тэрмін 2012—2025
Сябра ў Хлопцы-скаўты Амэрыкі[d] і Рада нацыянальнай палітыкі[d]
Жонка Эрыка Кэрк (ад 2021 году)
Дзеці дачка (2022), сын (2024)
Узнагароды Прэзыдэнцкі мэдаль Свабоды
Сайт charliekirk.com
Подпіс

Чарлз Джэймз Кэрк, больш вядомы як Чарлі Кэрк (1993, Арлінгтан Гайтс, акруга Кук, штат Іліной, ЗША — 2025, Орэм, акруга Юта, штат Юта, ЗША) — амэрыканскі радыёвядоўца, пісьменьнік і відэаблогер.

У 18 гадоў заснаваў некамэрцыйную арганізацыю «Паваротная кропка ЗША». Быў сябрам Рэспубліканскай партыі ЗША, які пашыраў культуру кансэрватызму сярод амэрыканскай моладзі праз сацыяльныя сеткі. Яго прамовы паспрыялі прыцягненьню маладых выбарцаў на бок рэспубліканцаў. На прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2024 году Дональд Трамп набраў сярод выбарцаў у веку да 29 гадоў 46 % галасоў, хоць папярэднія 16 гадоў рэспубліканцы набіралі менш за 40 %. Некалькі ягоных пратэжэ абралі ў Кангрэс ЗША і атрымалі пасады ў адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа. Пераканаў Трампа абраць Джэймза Вэнса на пасаду віцэ-прэзыдэнта ЗША. Таксама ладзіў кампанію ў падтрымку Пітэра Гэгсэта на пасаду міністра абароны ЗША. Карыстаўся падтрымкай Дональда Трампа малодшага[1].

Пасьпяхова ладзіў публічныя дэбаты ў студэнцкіх мястэчках у кожным штаце ЗША, якія набіралі мільённыя прагляды. Яго вэб-бачына мела звыш 5 млн падпісчыкаў. На чале «Паваротнай кропкі ЗША» адчыніў аддзяленьні ва ўнівэрсытэтах і каледжах, якія прыцягвалі кансэрватыўных студэнтаў. Называў амэрыканскія ўнівэрсытэты «ачагамі таталітарызму» праз панаваньне ў іх прыхільнікаў левай ідэалёгіі. Датычна перасяленьня выкрываў «вялікае замяшчэньне» насельніцтва ЗША іншаземцамі. Выказваўся за хрысьціянскую палітыку супраць спаронаў. Належаў да руху «Зробім Амэрыку зноў вялікай», як паплечнік Дональда Трампа і часты госьць у Белым доме за часам яго прэзыдэнцтва. Блізкая да апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ЗША газэта «Нью-Ёрскі час» згадвала яго як «захапляльнага аратара, надзвычай адоранага ўдзельніка дэбатаў»[1]. Ганаровы доктар гуманітарных навук (2019).

У 31-гадовым веку быў застрэлены падчас публічных дэбатаў ва Ўнівэрсытэце Ютаўскай даліны пры адказе на пытаньне пра масавыя забойствы, учыненыя трансвэстытамі. У сваім ушанаваньні яго памяці прэзыдэнт Дональд Трамп адзначыў: «Ніхто не разумеў, ніхто не адчуваў сэрцам амэрыканскую моладзь лепш, чым Чарлі. Яго любілі, ім захапляліся ўсе, асабліва я». У звароце да краіны Трамп, які сам у 2024 годзе зазнаў два замахі, заклікаў СМІ «прызнаць факт, што гвалт і забойства зьяўляюцца трагічнымі наступствамі дэманізацыі з дня ў дзень, з года ў год тых, з кім вы ня згодныя»[1].

Нарадзіўся ў паўночна-заходнім прадмесьці Чыкага. Вырас у яго паўночным прадмесьці Проспэкт Гайтс. Бацька працаваў дойлідам, а маці — псыхатэрапэўткай. Быў сябрам арганізацыі «Хлопцы-скаўты Амэрыкі» (штат Тэхас), дзе атрымаў найвышэйшую годнасьць скаўта-арла. У 2010 годзе, падчас навучаньня ў Ўілінскай сярэдняй школе, быў добраахвотнікам пры пасьпяховым вылучэньні аднафамільца-несваяка Марка Кэрка (нар. 1959) ў Сэнат ЗША ад Рэспубліканскай партыі ў штаце Іліной.

У апошняй клясе ладзіў кампанію за скасаваньне павышэньня цэнаў на печыва ў сваёй школе. Таксама напісаў нарыс для Навіновай сеткі «Брэйтбарт» (штат Каліфорнія) наконт левай прадузятасьці ў школьных падручніках, які зьявіўся ў перадачы тэлеканала «Фокс Занятасьць» (Новы Ёрк). Навучаўся ў грамадзкім Каледжы імя Ўільяма Харпэра ў Палатайне (акруга Кук, штат Іліной), які кінуў.

На Кансэрватыўнай нарадзе палітычнага дзеяньня (2014 год)

Грамадзкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 2012 году на дні ўмацаваньня моладзі ў Бэнэдыктынскім унівэрсытэце ў Лаеле (акруга Дзюпэйдж, штат Іліной) сустрэў кандыдата ў дэпутаты Ўільяма Мантгомэры (1940—2020), які вылучаўся ад Руху чаяпіцьця. Мантгомэры пераканаў Кэрка прысьвяціць сябе палітычнай дзейнасьці. 5 чэрвеня 2012 году заснаваў некамэрцыйную арганізацыю «Паваротнай кропкі ЗША» ў Фініксе (штат Арызона). У жніўні 2012 году на Рэспубліканскім нацыянальным зьезьдзе сустрэўся з інвэстарам Фостэрам Фрысам (1940—2021), якога пераканаў фундаваць «Паваротную кропку ЗША». У 2020 годзе даход арганізацыі склаў 39 млн даляраў. У 2021 годзе сярэднемесячны лік наведнікаў яе вэб-бачыны дасягнуў 111 000.

У траўні 2019 году атрымаў ганаровую ступеню доктара гуманітарных навук ад Унівэрсытэту Свабоды ў Лінчбэргу (штат Вірджынія). У кастрычніку 2020 году пачаў весьці штодзённую 3-гадзінную гутарковую перадачу «Паказ Чарлі Кэрка» на радыёканале «Адказ», якім валодаў вяшчальнік «Салем Мэдыя» ў Ірвінгу (штат Тэхас). У 2021 годзе падкаст яго перадачы быў 21-м найбольш упадабаным на прыладах «Эпл». У 2024 годзе штодзённыя запампоўкі падкасту перадачы перавысілі 500 000. У красавіку 2024 году стварыў уліковы запіс у «Тыктоку», дзе відэазапісы яго гутарак са студэнтамі каледжаў набіралі да 50 млн праглядаў.

З прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам на нарадзе «Паваротнай кропкі» (2023 год)

10 верасьня 2025 году быў застрэлены падчас публічных дэбатаў са студэнтамі ва Ўнівэрсытэце Ютаўскай даліны ў Орэме. 12 верасьня паводле падазрэньня ў забойстве затрымалі 22-гадовага Тайлера Робінсана з Вашынгтону (штат Юта), у чым паспрыяў яго бацька[2].

12 верасьня 2025 году каардынатар грамадзкага аб'яднаньня беларускай дыяспары «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк адзначыў у сваім канале на «Тэлеграме»[3]:

« Галоўная міжнародная падзея — падзея трагічнага сэнсу, якая закранае ўвесь былы і цяперашні Хрысьціянскі сьвет — публічнае забойства геніяльнага Чарлі Кэрка — маладога хрысьціянскага змагара за справядлівасьць і маральнасьць чалавечага існаваньня мільёнаў яго прыхільнікаў — амэрыканскай моладзі. Ён дзеяў у бязбожным марксісцкім асяродзьдзі ў трыдыцыях Хрыста. Яго прарочылі будучым вялікім прэзыдэнтам Амэрыкі. Вечная памяць. »

Зянон Пазьняк«Тэлеграм», 12 верасьня 2025 г.

Пры гэтым Зянон Пазьняк прывёў урывак зь ліста ад сябра маленства, які жыве ў Квэбэку (Канада): «У ворагаў не было што адказаць на ягоныя словы, таму яго прымусілі замаўчаць куляй. Чарлі Кэрк мне нагадваў прапаведніка ў вольнай краіне; у яго ўсё атрымалася. Атрымалася зь нічога стварыць велізарную моладзевую арганізацыю "Паваротная кропка ЗША", што мела шмат тысячаў суполак у навучальных установах. Атрымалася расьціснуць жалезныя сківіцы нэамарксістаў, што яшчэ 10 гадоў таму мёртва трымалі ўсе кампусы ўнівэрсытэтаў у поўным падпарадкаваньні»[3].

  1. ^ а б в Юры Жыгалкін. «Змрочны момант для Амэрыкі» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 верасьня 2025 г. Праверана 15 верасьня 2025 г.
  2. ^ У ЗША затрымалі чалавека, падазраванага ў забойстве кансэрватыўнага актывіста Кэрка // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 верасьня 2025 г. Праверана 15 верасьня 2025 г.
  3. ^ а б Зянон Пазьняк. Падзеі. 12-09-2025. // «Тэлеграм», 12 верасьня 2025 г. Праверана 15 верасьня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]