Перайсьці да зьместу

Царскі тракт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Царскі гасьцінец»)
Масток у Белавескай пушчы з адноўленым дзьвюхгаловым арлом

Ца́рскі тракт, Царскі гасьці́нец (па-польску: Carski Szlak, Droga Królewska, па-падляску: Carśki hostineć[1]) — дарога празь Белавескую пушчу, якая злучала Бельск і Пружану. Набыла асаблівае значэньне ў XIX стагодзьдзі пасьля таго, як была адбудаваная і пачала выкарыстоўвацца чальцамі царскае сям’і і расейскай арыстакратыяй для паездак на паляваньне.

У 1903 року ў гонар цара Мікалая II, які ў гэтую пару праяжджаў з сям’ёй у Белавежу, на мастках уздоўж гасьцінцу былі пастаўленыя чыгунныя парэнчы з дзьвюхгаловымі арламі — герб Расейскай імпэрыі. Зьнятыя ў час Першай сусьветнай вайны.

Гасьцінец страціў сваё значэньне з пабудовай чыгункі БельскБелавежаПружаны ў 1908 року[2].

Беларуская частка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005 року арлы вернутыя на тры масткі зь беларускага боку пушчы[1].

У наш час па Царскім тракце зладжаны турысцкі раварысцкі маршрут[3]: памежны пераход Перароў — мост праз раку Перароўніца — вёска Перароў — уезд у Віскулі — Белы Лясок[4].

Інфармацыйная дошка ў Студзіводах на падляскай і польскай мовах

Гасьцінец, выходзячы зь Бельску, ішоў празь Відава, Агароднікі, Ужыкі, а таксама праз Ракавічы. Жыхары вёсак, празь якія пралягаў тракт, былі абавязаныя пры праезьдзе картэжу запальваць загадзя падрыхтаваныя паходні. Дагэтуль у памяці мяшканцаў Ракавічаў захаваліся розныя гісторыі, зьвязаныя з праездам царскае сям’і. Напрыклад, ня маючы магчымасьці зьвярнуцца з прашэньнем да цара ўласна, вяскоўцы запісвалі свае прашэньні на ілбах, спадзеючыся на іхняе зьдзяйсьненьне[5].

У сярэдзіне 2000-х рокаў паўстаў праект па аднаўленьні гасьцінцу на шляху зь Бельску-Падляскага да Гайнаўкі (граніца зь Беларусяй), фінансаваны Фундацыяй дапамогі вёсцы. У працах бралі ўдзел сябры падляскага Зьвязу беларускай моладзі, Клюбу польска-беларускіх справаў школы ў Бельску-Падляскім, а таксама вучні школы ў Чыжах. Імі быў створаны турыстычны маршрут ад «Музэю малой радзімы» ў Студзіводах (дзяльніца Бельску-Падляскага) празь Бельск-Падляскі, Відава, Ужыкі, Локніцу, Падрачаны, Чыжы, Асоўку, Койлы, Новаберазова, Чыжыкі да Гайнаўкі. Ва ўсіх вёсках былі ўсталяваныя інфармацыйныя дошкі на беларускай, польскай і ангельскай мовах, па выніках працы выдадзеная брашура[6]. На дошках знаходзяцца легенды пра ўзьнікненьне мясцовасьцей і зьвесткі пра найважнейшыя гістарычныя падзеі ў навакольлі[7].

Акрамя таго, цікавасьць выклікаюць таксама суседнія з трактам вёскі Шчыты, Лянева, Ляды, могілкі і гарадзішча «Акопы» каля Грабняку (паміж Чыжамі і Збучам).

  1. ^ а б Ганна Кандрацюк. Дзед Мароз і фабрыка самагонкі // Ніва. — 11 сакавіка 2007. — № 10 (2652). — С. 5.
  2. ^ Carski Szlak (пол.). Urząd Gminy Czyże. Праверана 12 студзеня 2012 г.
  3. ^ Алесь Пілецкі. (25 чэрвеня 2010) Цікавыя раваровыя маршруты па Беларусі Падарожжы. Наша НіваПраверана 9 студзеня 2012 г.
  4. ^ Вариант движения туристов в Пружанско-Свислочском направлении (рас.) Туристические маршруты. Государственное природоохранное учреждение «Национальный парк «Беловежская пуща». Праверана 10 студзеня 2012 г.
  5. ^ Rakowicze Drzewo i Sakrum. Podlaski szlak kulturowy. Związek Młodzieży Białoruskiej. Праверана 9 студзеня 2012 г.
  6. ^ Аляксандар Навіцкі. (30 лістапада 2005) Міхал Стэпанюк: ёсьць Падляшша, і ёсьць Польшча. Польскае радыёПраверана 10 студзеня 2012 г.
  7. ^ Аляксей Мароз. Беларускія назвы не кусаюць // Ніва. — 11 верасьня 2005. — № 37 (2574).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]