Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (Пружаны)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў
Абрэвіятура Царква ЭХБ
Дата ўтварэньня 1905
Тып царква
Месцазнаходжаньне 225133, Пружаны, вул. Тармасава, 9
Пастар Валеры Ахрымук

Царква́ эва́нгельскіх хрысьція́наў-бапты́стаў — суполка эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Пружанах Берасьцейскай вобласьці. Зьяўляецца чальцом Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў. Старшы пастар — Валеры Ахрымук.

Зьяўленьне эвангелісцкае суполкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Гарадзенскай губэрні зьявіліся першыя эвангельскія і баптысцкія суполкі. Да гэтага баптызм ужо распаўсюдзіўся ў Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай губэрнях[1][2]. Акрамя гэтага, эвангельскае хрысьціянства распаўсюджвалася на Беларусі таксама і з паўночнага захаду — зь Нямеччыны і Прусіі.

На пачатку 90-х рокаў эвангельскі рух ужо быў забаронены: 4 ліпеня 1894 року царскі ўрад выдаў загад, паводле якога «баптысцкая сэкта» была прызнаная небясьпечнай для дзяржавы, малітоўныя сабраньні не дазваляліся. Крымінальны кодэкс Расейскай імпэрыі ўтрымоўваў артыкулы, паводле якіх пераход з праваслаўя ў іншае рэлігійнае аб’яднаньне пагражаў пазбаўленьнем грамадзянскіх і асабістых правоў, а распаўсюджаньне новых вучэньняў альбо судзейнічаньне ў гэтым — высылкай у Сыбір, Закаўказьзе і інш[3].

Адной з прычынаў такіх жорсткіх забаронаў лічыцца найперш асьцярога праваслаўнае царквы, якая ў новых рэлігійных плынях бачыла пагрозу сваёй дамінантнай пазыцыі. Урад, які абапіраўся на праваслаўе, ва ўсялякім адхіленьні ад яго догмаў бачыў пакушэньне на непарушнасьць рэжыму. Гэтым і карысталася праваслаўнае духавенства, даючы падкрэсьлена нэгатыўную інфармацыю пра новы рух, «згушчаючы фарбы»[4].

Неўзабаве, усьведаміўшы адсутнасьць наўпроставай пагрозы існаму ладу ад новага веравызнаньня, царызм легалізаваў баптызм. У 1897 року царскім загадам ён быў абвешчаны «цярплівым веравызнаньнем» і прыроўнены да каталіцызму і лютаранства. А пасьля выданьня 17 красавіка 1905 маніфэста Мікалая II пра верацярплівасьць легальны характар набыла дзейнасьць і іншых пратэстанцкіх плыняў (пяцідзясятнікаў, адвэнтыстаў сёмага дню, егавістаў).

Адной зь першых суполак эвангельскіх хрысьціянаў на тэрыторыі сучаснай Берасьцейшчыны стала пружанская (прыкладна 1905—1906 рр.)[5], утвораная зь некалькіх мяшчанскіх сем’яў, што перайшлі з праваслаўя[6]. Меркавана першыя малітоўныя сабраньні ладзіліся ў прыватных хатах вернікаў-перасяленцаў зь Екацярынаслаўлю.

У міжваеннай Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля пераходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы становішча эвангельскіх хрысьціянаў палепшала. Польскі ўрад дазволіў дзейнасьць замежных місіяў і рэлігійных цэнтраў, галоўным чынам паўночнаамэрыканскіх, ангельскіх і нямецкіх. Найболей актыўна разьвівалася дзейнасьць хрысьціянаў веры эвангельскай, эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў і адвэнтыстаў сёмага дню.

1 кастрычніка 1921 року ў Варшаве быў створаны «Саюз славянскіх баптыстаў у Польшчы», у які ўвайшлі таксама баптысцкія цэрквы Заходняй Беларусі і Ўкраіны. 7-10 чэрвеня 1923 року ў Берасьці адбыўся аб’яднаўчы сход Саюзу з эвангельскімі хрысьціянамі, у выніку якога было створанае «Задзіночаньне эвангельскіх хрысьціянаў і баптыстаў Польшчы». Яго старшынём быў абраны Караль Стшэлец, намесьнікам — Людвік Шандароўскі. Аднак на чацьвертым сходзе 17-19 сакавіка 1925 праз супярэчнасьці Задзіночаньне распалася. Кіраўніком «Саюзу славянскіх збораў эвангелісцкіх хрысьціянаў у Польшчы» стаў Шандароўскі; «Саюзу славянскіх баптыстаў у Польшчы» — Людвік Мікса, а ягоным намесьнікам — Лукаш Дзекуць-Малей[7].

Часта новыя пратэстанцкія суполкі засноўваліся «павяртанцамі» з ЗША, якія ў часы Расейскай імпэрыі выяжджалі за мяжу на заробкі. У 1922 року на радзіму ў якасьці місыянэра вярнуўся Язэп Пухоўскі, які зьехаў у Амэрыку зь вёскі Куплін яшчэ да Першай сусьветнай вайны. Ён заснаваў у Пружане баптысцкую суполку, якую ў 1924 року складалі 35 чалавек.

Напачатку набажэнствы ладзіліся ў прыватнай хаце Лукі Ганчаркі, які прыехаў з Расеі. Аднак ужо ў 1924 року з дапамогай «Таварыства ўзаемнай дапамогі эвангельскіх хрысьціянаў» быў набыты будынак у жыдоўскім квартале па адрасе вул. Шарашоўская, 11, у якім раней месьціўся нямецкі кінатэатар.


« Сруль-Янкель Мінс, зьяўляючыся ўласьнікам маёмасьці, якая знаходзіцца па адрасе: г. Пружана, вул. Шарашоўская пад нумарам 11, — і складаецца з сядзібы даўжынёй дваццаць шэсьць аршынаў, шырынёй шаснаццаць аршынаў, якая мяжуе з усходу з хатай Зораха Перкеля, з захаду з вулачкай Ягломскай, з поўдня з сынагогай «Бэйс Янкель» і з поўдня з вуліцай Шарашоўскай, прадае яго за сем тысячаў злотых «Таварыству ўзаемнай дапамогі эвангельскіх хрысьціянаў». »

—Натарыюс Адам Сьляшынскі, Выпіска з дакумэнту пра набыцьцё-продаж, Варшава, 1924

Эвангелізацыйная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве колькасьць прыхаджанаў дасягнула 300 чалавек. У вакольных вёсках ладзіліся пропаведзі, прыкладна раз у рок адбываліся канфэрэнцыі, на якія прыходзілі слухачы зь вёсак на адлегласьці да 35 вёрстаў. Набажэнствы ў царкве адбываліся па-расейску і па-польску. Былы праваслаўны псальмоўнік Антон Валасевіч, які ведаў нотную грамату, вёў хор; дзейнічаў таксама струнны і духавы аркестар.

У 1927 року ў Пружану прыехаў прапаведнік Леў Жабка-Патаповіч, ягоная жонка зладзіла і вяла заняткі ў нядзельнай школе. Выкладаньнем займаліся таксама дыякан Міхаіл Еўтуховіч (1885—1988) і Ганна Івасюк. У 1932 року Жабка-Патаповіч зьехаў у Львоў на рэдакцыйную працу ў штомесячнік «Післанець правди», а замест яго служэньне працягнуў Пётар Гардзееў (падчас Другой сусьветнай вайны зьехаў у Польшчу).

Сярод асноўных задачаў тагачасных місіянэраў было таксама распаўсюджаньне хрысьціянства сярод жыдоў, для гэтага ствараліся асобныя аддзелы ў цэнтральных арганізацыях. Так, у 1929 року ў Берасьцейскім і Пружанскім паветах эвангелізацыйную працу ладзіў доктар М. Энгельштэрн (польск. dr. M. Engelsztern), місіянэр суполкі эвангельскіх хрысьціянаў у Вільні[8]. У 30-я рокі адмысловыя набажэнствы для жыдоў у Пружане, Шарашове і Сяльцы ладзіліся з удзелам эвангельскіх хрысьціянаў-дарбістаў(en), якіх прадстаўляў Майсей Гітлін, кіраўнік Місіі эвангельскіх хрысьціянаў-дарбістаў у Варшаве. Аднак стаўленьне жыдоў да пропаведзі Эвангельля не было адназначным, прапаведнікам пагражалі і часам нават зьбівалі[9]. Падчас візытаў Майсея Гітліна ў Пружану здаралася, што артадаксальныя жыды закідвалі яго камянямі за ягоныя пропаведзі пра Хрыста як Мэсію.

Да пачатку Другой сусьветнай вайны колькасьць баптысцкай суполкі складала каля 500 чалавек (на тэрыторыі павету — каля 700[10]). Былі створаныя таксама даччыныя суполкі ў вёсках Пясчанка, Лука, Млынок, Аляксандраўка.

Празь некалькі рокаў па прыезьдзе Язэпа Пухоўскага з ЗША вярнуўся таксама Павал Дваранінавіч, які прытрымваўся пяцідзясятніцкіх поглядаў. Да яго далучыліся 200 чальцоў баптысцкае суполкі, якія і ўтварылі пяцідзясятніцкую царкву.

Таварыства ўзаемнай дапамогі эвангельскіх хрысьціянаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пружанская царква падтрымлівала стасункі з царквою ў Баранавічах, дзе працавала тая самая місія «Таварыства ўзаемнай дапамогі эвангельскіх хрысьціянаў». Прыхільнікі гэтага таварыства існавалі на тэрыторыі Пружанскага, Кобрынскага, Дарагічынскага, Столінскага паветаў Палескага ваяводзтва, кіраўнікамі былі Ўладзімер Гусарук і Язэп Пухоўскі[11]. Таварыства супрацоўнічала з «Саюзам славянскіх збораў эвангелісцкіх хрысьціянаў у Польшчы» з цэнтрам у Варшаве (кіраўнік Шандароўскі) і з «Саюзам славянскіх баптыстаў у Польшчы» з цэнтрам у Варшаве (кіраўнік Людвік Мікса).

Царква ў Кобрыні ўваходзіла ў «Аб’яднаньне Хрыстовых цэркваў эвангелісцкага веравызнаньня ў Польшчы», якое ўтварылася пасьля выхаду са складу «Саюзу славянскіх баптыстаў», таму цеснай сувязі зь імі пружанскія вернікі не падтрымлівалі.

Даваенныя Саветы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прыходам Саветаў будынак царквы быў нацыяналізаваны і перададзены ў выкарыстаньне Асаавіяхіму для заняткаў з навучэнцамі. Вернікі вымушаныя былі зьбірацца ў прыватнай хаце аднаго зь сябраў царквы, сапожніка-інваліда Рамана Патапчука, па вул. Новай між цяперашнімі хатамі №10 і №12 (згарэла 17 ліпеня 1944 року). Колькасьць парафіянаў паменшала з прычыны таго, што існавала рызыка перасьледу вернікаў, а па-другое, з-за таго, што ў СССР была ўведзеная «пяцідзёнка(ru)», і даволі часта нядзеля прыпадала працоўным днём. Не зьяўляўся на набажэнствы таксама і прэсьвітар царквы Язэп Пухоўскі, і весьці іх даводзілася дыякану царквы Еўтуховічу.

Пад нацысцкай акупацыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вернікі царквы. Па цэнтры — Еўтуховіч і Гардзееў (1943)

Нацысты адчынілі на захопленай тэрыторыі Беларусі мноства малітоўных дамоў і баптысцкіх школаў, павялічылася сетка баптысцкіх цэркваў у Менскай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласьцёх[12]. Пружанскім вернікам быў вернуты Дом малітвы на Шарашоўштрасэ. Аднак колькасьць прыхаджанаў царквы скарацілася: частка іх сышла на фронт, частка была вывезеная нацыстамі ў канцлягеры.

На гарышчы Дому малітвы часта хаваліся жыды, якіх пасьля вернікі перапраўлялі ў бясьпечныя месцы, ратуючы ад сьмерці (царква знаходзілася акурат побач з сынагогай, за якой пачыналася гета). Дом малітвы і суседняя хата №7 (зруйнаваная ў 2000-х роках) ўтваралі вузенькі калідор, празь які жыдам дапамагалі ўцякаць з гета. Жонка Пухоўскага Надзея і жонка Рамана Патапчука (які ў гэты час ужо адышоў ад царквы) Аляксандра неаднакроць кармілі і дапамагалі палонных, у тым ліку і жыдоў, рызыкуючы жыцьцём.

Вернікі баптысцкае царквы сталі сьведкамі жудаснай ліквідацыі жыдоўскага гета ў студзені 1943 року.

Савецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надмагільле Язэпа і Надзеі Пухоўскіх на пружанскіх могілках

У 1944 року частка вернікаў з адступленьнем немцаў зьехала на захад. Прэсьбітэра Язэпа Пухоўскага родныя сыны ад першага шлюбу таксама запрашалі выехаць у Варшаву, аднак ён вырашыў працягнуць служэньне ў Пружане.

Пасьля прыходу Саветаў цэрквы эвангельскіх хрысьціянаў, баптыстаў і пяцідзясятнікаў аб’ядналіся ў Саюз Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (1945). Умовай аб’яднаньня стала адмова пяцідзясятнікаў ад прапаведаньня ўласнае дактрыны пра Духа Сьвятога і ад гаворкі на незразумелых мовах. Гэта дало магчымасьць апошнім легалізаваць сваю дзейнасьць (якая была забароненая яшчэ ў 1939 року адразу па прыходзе Саветаў), хоць многія пяцідзясятніцкія суполкі адмовіліся прызнаваць аб’яднаньне і дзейнічалі падпольна. Пружанскія вернікі пачалі ладзіць супольныя набажэнствы ў баптысцкай царкве. Ад баптыстаў прапаведаваў Язэп Пухоўскі, які вярнуўся да служэньня Богу; з боку пяцідзясятнікаў — Павал Дваранінавіч і Даніла Комса.

15 студзеня 1946 року Дом малітвы суполкі эвангелістаў і баптыстаў быў адабраны рашэньнем №9 Пружанскага раённага савету дэпутатаў працаўнікоў. Аднак ужо 28 студзеня выйшла пастанова СНК СССР №232-101-е «Пра малітоўныя будынкі рэлігійных суполак», паводле якога «царкоўныя органы атрымалі магчымасьць арэнды, будаўніцтва, набыцьця будынкаў ва ўласнасьць дзеля патрэбаў рэлігійных аб’яднаньняў»[13]. 16 лютага 1946 выканкам Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў працоўных скасаваў рашэньне Пружанскага савету дэпутатаў працоўных, вярнуўшы будынак вернікам[14].

На вернікаў распачаўся вялікі ціск з боку МДБ з прапановамі супрацоўніцтва, прэстыжнай працы, кватэры ў Берасьці. За адмову супрацоўнічаць маглі выгнаць з працы.

У 1949 року Дом малітвы ізноў быў адабраны, суполцы было забаронена зьбірацца для набажэнстваў. Прэсьбітару Язэпу Пухоўскаму было забаронена пражываць у Пружанах, прыкладна напрыканцы 1950 року ён зьехаў у Берасьце, а пасьля ў Слонім. Памёр у 1954 року, пахаваны на пружанскіх могілках.

Пасьля 1949 року вернікі езьдзілі на набажэнствы ў Кобрынь альбо таемна зьбіраліся па хатах купкамі па 30 чалавек. Сходы адбываліся ў вёсках Млынок, Астромічы, Аляксандраўка, Вялікія Якавічы.

Сабраньні ў Пружанах узнавіліся ў 1975 року пад выглядам навучаньня музыцы. Аднак ужо ў 60-я рокі была спроба адсьвяткаваць Раство зь елкай і хорам, за што арганізатар сьвяткаваньня Леанід Цыркасевіч быў аштрафаваны. Паступова набажэнствы зь ягонай хаты былі перанесеныя ў дом Паўла Дваранінавіча на Кастрычніцкай вуліцы.

У сярэдзіне 70-х эвангельскія цэрквы атрымалі дазвол рэгістравацца аўтаномна. Пасьля гэтага ў 80-я рокі пачалося будаўніцтва новага храма суполкі хрысьціянаў веры эвангельскай на вуліцы Кірава. Удзел у яго пабудове ўзяла вялікая частка былых прыхаджанаў баптысцкае царквы.

Вяртаньне царквы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па развале Савецкага Саюзу старыя вернікі баптысцкае царквы пачалі дамагацца вяртаньня канфіскаванага ў 1949 року Дому малітвы. Дзякуючы прадастаўленым дакумэнтам пра набыцьцё будынку ва ўласнасьць у 1924 року ўлады пагадзіліся перадаць будынак баптысцкай суполцы. Паколькі за савецкім часам у ім сьпярша разьмяшчаўся музэй, пасьля музычная школа, пракуратура, машынна-лічыльная станцыя, электрасеткі, пачалася ягоная рэстаўрацыя. Адначасна ладзіліся набажэнствы з удзелам 22 вернікаў. Прэсьбітарам стаў Мікалай Барысюк.

27 кастрычніка 1996 року абылося асьвячэньне храма, на якім прысутнічалі вернікі і прэсьбітары зь Менску, Кобрыню, Баранавіч, Санкт-Пецярбургу, госьця з Даніі. Сваімі ўражаньнямі падзяліліся Аляксей Цыркасевіч і Георгі Еўтуховіч, якія навучаліся ў нядзельнай школе царквы яшчэ за польскім часам[15].

Сучасны этап[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве колькасьць вернікаў царквы пачала павялічвацца, у тым ліку дзякуючы місіянэрскай дзейнасьці прадстаўнікоў іншых цэркваў: Аляксандра Андрасюка, Міхаіла Камарчука. Каля 1995 року ў Пружаны прыехаў місіянэр з ПАР Тайс Тэрон з жонкай Антуанэт.

У 1997 року новым прэсьбітарам суполкі стаў Сьцяпан Трубчык з кобрынскае царквы ЭХБ. У гэты час плошча царквы была пашыраная за кошт набытае зямлі і суседняга будынку, які стаў выкарыстоўвацца для заняткаў нядзельнае школы. Пазьней для яе быў пабудаваны новы двухпавярховы будынак з кухняй, санвузламі, настаўніцкай і пастарскай. Таксама ў гэты час значна ўзрасла колькасьць ахрышчаных. Сярод іх быў і Валеры Ахрымук з кобрынскае царквы, які стаў працаваць з моладзю і выконваць абавязкі дыякана пружанскае царквы, а пасьля ад’езду Сьцяпана Трубчыка ў ЗША — прэсьбітара.

На 100-годзьдзе царквы (2005) яе наведалі былыя вернікі Георгі Еўтуховіч і Аляксей Цыркасевіч, чальцы менскай царквы «Галгофа».

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Николай Сергеев. (29 верасьня 2011) Католицизм и протестантизм на Белой Руси: от истории к современности (часть 3) (рас.) Религия. Информационно-аналитический портал постсоветского пространства «Материк». Праверана 10 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Баптизм в Беларуси: история, день сегодняшний (рас.). Беларусь христианская. — З кнігі «Традиционные вероисповедания и новые религиозные движения в Беларуси». Мн.: «Беларусь», 2000. Праверана 10 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Баптизм и баптисты 1969. С. 20.
  4. ^ Баптизм и баптисты 1969. С. 19—20.
  5. ^ Баптизм и баптисты 1969. С. 18.
  6. ^ Иеродиакон Василий (Костюк). История Полесской епархии (1922—1944 гг.). — Брест: Брестская областная типография, 1999. — С. 71. — 500 ас. — ISBN 985-6413-36-2
  7. ^ Уладзімер Канатуш. Жыцьцё цэркваў Заходняй Беларусі // Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку XX стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. — Мн.: Кнігазбор, 2006. — С. 136—137. — ISBN 985-6824-19-2.
  8. ^ Лисовская Т. В. Мессианская деятельность протестантских организаций Западной Беларуси в 20—30 гг. ХХ в. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа… — С. 41
  9. ^ Лисовская Т. В. Мессианская деятельность протестантских организаций Западной Беларуси в 20—30 гг. ХХ в. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа… — С. 42
  10. ^ Иеродиакон Василий (Костюк). История Полесской епархии (1922—1944 гг.). — Брест: Брестская областная типография, 1999. — С. 72. — 500 ас. — ISBN 985-6413-36-2
  11. ^ Баптизм и баптисты 1969. С. 29.
  12. ^ Баптизм и баптисты 1969. С. 33.
  13. ^ Религиозная политика Советского Государства и ее осуществление на Южном Урале в 1941-1958 гг. (рас.) Дипломы 1-2-3 Праверана 19 сьнежня 2011 г.
  14. ^ Решение исполнительного комитета Брестского областного совета депутатов трудящихся от 16 февраля 1946 г. №61 «Об отмене решения Пружанского районного совета депутатов трудящихся от 15 января 1946 года об изъятии дома от общества евангелистов и баптистов».
  15. ^ Асвячэньне храма // «Раённыя будні». — 1 лістапада 1996. — № 89.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (Пружаны)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў