Царква Раства Багародзіцы (Мураванка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Царква Раства Багародзіцы
Царква Раства Багародзіцы
Царква Раства Багародзіцы
Краіна Беларусь
Вёска Мураванка
Каардынаты 53°41′51″ пн. ш. 24°59′59″ у. д. / 53.6975° пн. ш. 24.99972° у. д. / 53.6975; 24.99972Каардынаты: 53°41′51″ пн. ш. 24°59′59″ у. д. / 53.6975° пн. ш. 24.99972° у. д. / 53.6975; 24.99972
Архітэктурны стыль готыка, рэнэсанс
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Царква Раства Багародзіцы на мапе Беларусі
Царква Раства Багародзіцы
Царква Раства Багародзіцы
Царква Раства Багародзіцы
Commons-logo.svg Царква Раства Багародзіцы на Вікісховішчы

Царква́ Раства́ Багаро́дзіцы[a] — помнік архітэктуры XVI ст. у Мураванцы, раней належала да Малога Мажэйкава. Знаходзіцца на вуліцы Царкоўнай. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры сымбіёзнага гатычна-рэнэсансавага стылю[1]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Маламажэйкаўская царква — адзін з найвыдатнейшых помнікаў абарончага сакральнага дойлідзтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, на гістарычнай Лідчыне. Падобная да Сынковіцкай царквы, яна мае больш дасканалую структуру.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Доўгі час афіцыйнай датай будаваньня царквы лічыўся 1407 год. Пазьней аналіз гістарычных дакумэнтаў паказаў, што гэтую дату сфальсыфікавалі ў XVII ст. Больш дэталёвае вывучэньне помніка дало навукоўцам падставы меркаваць, што ўмацаваную царкву збудавалі дзесьці паміж 1516 і 1542 гадамі. Дагэтуль мясцовасьць будучага будаваньня ўжо насіла назву Мураванка дзякуючы адзінай умацаванай мураванай вежы, якую пазьней перабудавалі ў царкву[2].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1656 годзе царква значна пацярпела. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) царква трапіла ў 1706 годзе пад гарматны абстрэл войскаў швэдзкага караля Карла XII, якія ішлі на Палтаву. У выніку абстрэлу сьвятыня атрымала сур’ёзныя пашкоджаньні. Па гэтым яна прыйшла ў заняпад[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фундацыйная табліца, 1910 г.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) царква працягвала дзейнічаць. Паводле адных крыніцаў, будынак аднавілі ў 1817 годзе, паводле іншых[3] — 1822 годзе. Па скасаваньні Берасьцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі сьвятыню ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату. У гэты ж час традыцыйныя 4-канцовыя крыжы над царквой замянілі на ўкосныя 6-канцовыя (пазьней 8-канцовыя), гістарычна ўласьцівыя Маскоўскай царкве.

У 1871—1872 гадох праводзіўся капітальны рамонт будынка, у час якога да галоўнага фасаду прыбудавалі прытвор, а над заходнімі вежамі — дадатковы ярус. Абапал уваходу на сьцяне прытвора і на дадатковым ярусе вежаў зрабілі абрысы ўкосных 6-канцовых (расейскіх) крыжоў[4]. 21 студзеня 1873 году царкву наноў асьвяцілі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі перадалі царкву рыма-каталікам[5]. У час Другой сусьветнай вайны царква атрымала пашкоджаньні, у канцы 1940 — пачатку 1950-х гадоў праводзіўся рамонт сьценаў, скляпеньняў і даху. Пазьней савецкія ўлады зачынілі сьвятыню.

У 1988—1990 гадох царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян, 1874 г.

Помнік архітэктуры готыкі і рэнэсансу. У пляне нагадвае правільны прастакутнік, блізкі да квадрата (15×13,5 м). Да ўсходняга фасаду далучаецца адна апсыда амаль на ўсю шырыню царквы. Вежы круглыя; заходнія вежы маюць ў дыямэтры каля 4,5 м, таўшчыня муроў — блізкая да 1,8 м, а першапачатковая вышыня — каля 14 м; усходнія вежы меншых памераў — дыямэтар усяго 3 м, таўшчыня муроў — каля 1 м, вышыня амаль такая ж, як і ў заходніх. У вежах месьцяцца вітыя ўсходы, якія вялі да байніцаў[6]. Кожная байніца мела выгляд даволі вялікага праёму, перакрытага акруглай аркай, які паступова звужваецца да сярэдзіны. Над байніцай — невялікая адтуліна для назіраньня за супраціўнікам. Раней у паўночнай і паўднёвай сьценах было па 7 байніц, потым адна была закладзеная, засталося толькі шэсьць — па тры з кожнага боку. Галоўны ўваход у царкву абараняла цяжкая рашотка-герса, якая спускалася на ланцугах зь нішы над уваходам[2]. Фасады маюць багаты дэкор. Нішамі ўпрыгожваюцца ня толькі сьцены, але і вежы, апсыда. Увесь будынак ахоплівае дэкаратыўны паясок — рад цэглы, пакладзенай пад кутом. Спалучэньне цёмна-чырвонага фону сьцяны зь белымі паясамі і нішамі надае царкве асаблівае хараство, таму ягоныя фасады не выклікаюць уражаньня суровасьці. Галоўны заходні фасад выконвае ролю своеасаблівага дэкаратыўнага шчыта, падзеленага па гарызанталі на дзьве часткі. Унізе — тры нішы складанай канструкцыі. У кожнай зь іх — дзьве меншых памераў. У верхняй частцы зробленая адна вялікая ніша з падвойнай аркай. Нягледзячы на відавочную прастату, такі дэкор вельмі гарманічна падзяляе паверхню шчыта і надае яму вытанчанасьць. Гэтаму спрыяюць і бакавыя абрысы франтону зь яго рытмічнымі вэртыкальнымі павышэньнямі і стромкімі схіламі. Разьмяшчэньне шчыта франтону паміж ніжэйшымі кутнімі вежамі значна ўзмацняе вэртыкальнасьць усяго заходняга фасаду. Афармленьне фасаду зробленае паводле прынцыпу паступовага нарастаньня дэкаратыўнасьці[2].

Унутраная прастора падзяляецца чатырма гранёнымі слупамі на тры нэфы, перакрытыя зоркавымі скляпеньнямі. Групы апошніх у перапляценьнях утвараюць ромбы і трыкутнікі. Дасьледнікі выявілі алтарную сьцяну, што аддзяляла кафалікон ад алтарнае часткі. Паводле меркаваньня Г. Лаўрэцкага, гэтая сьцяна таксама была невялікім умацаваньнем. Паводле апісаньняў гісторыкаў, да пачатку XIX ст. у царкве ўсім пэрымэтрам ішоў таемны ход. Апроч таго, там знаходзілася мноства схованак, а пад будынкам месьціліся дзьве крыпты[2].

Будынак неаднойчы зьмяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 1871—1872 гадох. Зьніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны калярыт царквы-крэпасьці. Апынулася замураванай частка байніцаў на галоўным і бакавых фасадах, зьніклі байніцы з усходняга. Раскіданы ўсходы алтарных вежаў, на адзін ярус надбудаваныя заходнія вежы заходняга фасаду. Зробленыя новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сьценах зьявілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя зьмены, першапачатковы выгляд царквы ў асноўным захаваўся.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ таксама Сьвята-Раства-Багародзіцкая царква

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 141.
  2. ^ а б в г д Зимина О. Мурованка: между прошлым и будущим [1] // «Республиканская строительная газета» №29 (434) 2011 г.
  3. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977. С. 72.
  4. ^ Лаўрэш Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. — Гродна, 2017. С. 87.
  5. ^ Кушнярэвіч А. Мураванкаўская царква Раства Багародзіцы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 325.
  6. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 354.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Горны А. Страсьці вакол Мураванкі. Эпізод з гісторыі Маламажэйкаўскай Сьвята-Раства-Багародзіцкай царквы // Поколение. 2013. № 2. С. 45—47. [2]
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Лаўрэш Л. Датаванне пабудовы царквы ў Малым Мажэйкаве // Białoruskie Zeszyty Historyczne № 40. Białystok, 2013. С. 226—232. [3]
  • Лаўрэш Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. — Гродна: «ЮрСаПрынт», 2017. — 114 с.: іл. ISBN 978-985-0000-00-0.
  • Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977.
  • Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. — 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000638

Commons-logo.svg Царква Раства Багародзіцы (Мураванка)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў