Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў (Віцебск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў
Прачысьценская царква і манастыр базылянаў, аўтэнтычны выгляд
Прачысьценская царква і манастыр базылянаў, аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Места Віцебск
Каардынаты 55°11′45″ пн. ш. 30°12′09″ у. д. / 55.19583° пн. ш. 30.2025° у. д. / 55.19583; 30.2025Каардынаты: 55°11′45″ пн. ш. 30°12′09″ у. д. / 55.19583° пн. ш. 30.2025° у. д. / 55.19583; 30.2025
Канфэсія Беларускі экзахат і праваслаўе[d]
Эпархія Віцебская і Аршанская япархія[d] 
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d] і віленскае барока
Аўтар праекту Юзэф Фантана[d]
Першае згадваньне 1406
Дата скасаваньня 1937
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў на мапе Беларусі
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Прачыстай Багародзіцы і манастыр базылянаў на Вікісховішчы

Царква саборная Прачыстай Багародзіцы[a] і манастыр базылянаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Віцебску. Знаходзіцца на тэрыторыі Ўзгорскага замка, на Прачысьценскай гары[b]. Твор архітэктуры віленскага барока. Па гвалтоўным адабраньні ад Сьвятога Пасаду ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату (1799 год) у 1804 годзе помнік перабудавалі ў стылі клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Віцебскага Прачысьценскага базылянскага манастыра складаецца з царквы і манастырскага корпуса. У 1936 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву, у 2000—2010 гадох яе адбудавалі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1682 годзе з фундацыі падкаморага віцебскага Я. Кіселя на высокім беразе Дзьвіны збудавалі драўляную Прачысьценскую царкву, пры якой заснавалі базылянскі манастыр. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе маскоўскі гаспадар Пётар I загадаў падпаліць Віцебск, будынкі царквы і манастыра згарэлі.

У 1715 годзе з фундацыі Мірона Галузы пачалося будаваньне мураванай царквы, скончанае ў 1743 годзе. Праект царквы ў стылі віленскага барока выканаў архітэктар Ёсіф Фантана. У 1775 годзе скончылася ўзьвядзеньне двух манастырскіх корпусоў. Пры манастыры дзейнічала сьвецкая школа і філязофская студыя для манахаў, дзе вывучалі лёгіку, фізыку і іншыя навукі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр працягвалі дзейнічаць як уніяцкія. Аднак 18 ліпеня 1799 году, на загад маскоўскага гаспадара Паўла I, будынкі гвалтоўна адабралі ў Сьвятога Пасаду і перадалі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1804 годзе над алтарнай часткай паставілі масіўны купал на драўляным сьветлавым барабане, а разьвітыя барокавыя франтоны фасадаў замянілі строгімі клясыцыстычнымі трыкутнымі.

У 1861 годзе ў будынак былога манастырскага корпуса пераехала пераведзеная сюды з Полацку духоўная сэмінарыя.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1936 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву. Сапёрнай брыгадай камандаваў украінец П. Грыгарэнка, пазьней вядомы дысыдэнт і сябар А. Сахарава.

У чэрвені 2000 году пачалося ўзьвядзеньне новага будынка царквы на месцы зьнішчанага помніка, скончанае ў 2010 году. Замест аднаўленьня аўтэнтычнага выгляду помніка архітэктуры, Маскоўскі патрыярхат абраў варыянт па перабудове 1804 году.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект перабудовы манастыра, 1808 г.

Царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры віленскага барока. Мае надзвычай разьвітую аб’ёмна-прасторавую структуру 5-нэфавай крыжова-купальнай базылікі з 2 вежамі на галоўным фасадзе. Паўкруглую апсыду цэнтральнага нэфа атачае абходная галерэя — працяг бакавых. Крайнія нэфы падзяляюцца на некалькі капэл, якія разам з крыламі трансэпта і закрысьціямі ўлучаюцца ў агульны прастакутны плян. Галоўны фасад мае 5-часткавы падзел, падкрэсьлены групоўкай пілястраў. Цэнтральная частка, выгнутая ўперад, завяршаецца франтонам, а 4-ярусныя вежы — фігурнымі банямі. Фасады маюць багаты дэкор. Цэнтральны нэф і трансэпт перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкай, бакавыя нэфы — крыжовымі, капэлы — сфэрычнымі купаламі.

У выніку перабудовы 1804 году над сяродкрыжжам паставілі магутны сьветлавы 8-гранны барабан з сфэрычным купалам.

Манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3-павярховы манастырскі корпус мае стандартную схему. Вакол вузкага 1-баковага калідора, арыентаванага ў бок двара, разьмяшчаюцца манаскія кельлі і службовыя памяшканьні, арыентаваныя да Дзьвіны. З боку дваровага фасаду да выцягнутага прастакутнага будынка пэрпэндыкулярна далучаецца 2-павярховае крыло, дзе на першым паверсе знаходзілася трапезная, на другім — бібліятэка. Галоўны фасад мае простыя архітэктурныя формы. Яго сьцяну праразаюць прастакутныя аконныя праёмы з дэкаратыўнымі ліштвамі. Паміж праёмамі роўныя пілястры на вышыню ўсіх трох паверхаў, пастаўленыя на шырокі цокаль. Пад кожным аконным праёмам разьмяшчаецца плоская прастакутная ніша. Будынак завяршаецца шырокім карнізам, мае манумэнтальны выгляд.

2-павярховы Г-падобны ў пляне манастырскі корпус таксама мае калідорны плян. Роўніца галоўнага фасаду падзяляецца міжпаверхавым паском, мае прастакутныя аконныя праёмы і завяршаецца ў цэнтры трыкутным франтонам. У закругленай кутняй частцы лучковыя аконныя праёмы аздабляюцца ліштвамі і простымі сандрыкамі. Цокаль дэкаруецца філёнгамі з прастакутнымі аконнымі праёмамі[1].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі. Цяперашні афіцыйны тытул: «Сабор Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы» або «Сьвята-Ўсьпенскі сабор» (рас. Собор Успения Пресвятой Богородицы, Свято-Успенский собор); таксама Прачысьценская саборная царква, Царква саборная Сьвятога Язафата
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас царквы — вуліца Камісара Крылова, 9; 3-павярховага манастырскага корпуса — вуліца Політэхнічная, 2; 2-павярховага — вуліца Камісара Крылова, 7

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Габрусь Т., Чарняўская Т. Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 123.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000062