Перайсьці да зьместу

Хірограф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хірограф, падзелены на дзьве часткі па слове cirographum

Хіро́граф (па-лацінску: chirographum) — сярэднявечны дакумэнт, напісаны ў дзьвюх, трох, радзей чатырох копіях на адным кавалку пэргаміну, пасьля чаго падзелены на адпаведныя кавалкі. Таксама можа азначаць папскі дэкрэт, выдадзены для выкарыстаньня ўнутры Рымскай курыі.

Лацінскае слова chirographum (у Сярэднявеччы таксама пісалася cirographum або cyrographum) паходзіць ад грэцкага χειρόγραφον, што азначае «рукапіс». Ужываўся і лацінскі назоў charta partita, што літаральна азначае «падзелены аркуш».

Прызначэньне хірографу — выраб дзьвюх (ці болей) аднолькавых пісьмовых копіяў дамовы, якую захоўвалі ў сябе ўсе ейныя бакі, каб пасьля пры патрэбе зьвяраць свае копіі. Тады дакумэнт разразалі хвалістай ці зубчастай лініяй праз слова chirographum, каб пазьней можна было адрозьніць падробку.

У адрозьненьне ад хартыяў, якія зазвычай складаліся на правы валоданьня і ў адной копіі, хірографы маглі датычыцца любога юрыдычнага чыну — напрыклад, пытаньняў дзяржавы, перадачы зямлі, аплаты пазыкаў, шлюбных дамоваў і да т. п.

Хірографы былі найбольш распаўсюджаныя ў Ангельшчыне і Паўночнай Эўропе да часоў шырокага распаўсюду пячатак для пацьверджаньня сапраўднасьці дакумэнту. Пазьней і на іх зьявіліся пячаткі. На кантынэнце хірографы шырокага распаўсюду не здабылі з прычыны непрактычнасьці спраўджваньня (дзеля гэтага патрабавалася прысутнасьць усіх бакоў дамовы).

За часам рамантызму тэрмін хірограф зьявіўся ў народных паданьнях. У «Фаўсьце» Гётэ галоўны герой падпісвае на ім дамову з д’яблам. Адам Міцкевіч таксама апісаў хірограф як складзеную з д’яблам угоду пра перадачу яму чалавечай душы. У такіх выпадках дакумэнт падпісваўся крывёю.