Хуткасны цягнік
Хуткасны цягнік — пасажырскі цягнік з маршрутнай хуткасьцю руху звыш 91 км/гадзіна[1].
Пры гэтым хуткасны чыгуначны рухомы склад, які ўлучаў лякаматывы, пасажырскія вагоны і маторвагонны рухомы склад, прызначаўся для перавозак з хуткасьцю ад 141 да 200 км/гадз[2].
Уладкаваньне руху
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 лістапада 2015 году міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Анатоль Сівак падпісаў Пастанову № 52 «Аб зацьвярджэньні Правілаў тэхнічнай эксплюатацыі чыгункі ў Рэспубліцы Беларусь». Датычна хуткасных цягнікоў Правілы зьмяшчалі 4-ю главу «Агульныя ўмовы арганізацыі тэхнічнай эксплюатацыі чыгуначнага транспарту на дзялянках руху пасажырскіх цягнікоў з хуткасьцямі ад 140 да 250 км/г». Паводле 53-га пункту ў 4-й главе Правілаў, бесстыкавы чыгуначны шлях мелі выкласьці на ўсёй працягласьці чыгуначнай лініі, на якой пасажырскі цягнік рухаецца з хуткасьцю больш за 140 км/гадз. Згодна зь 54-м пунктам чыгуначная лінія мела быць агароджанай на дзялянцы руху цягніка з хуткасьцю больш за 160 км/гадз. У 55-м пункце прадугледжвалася, што паяжджанаў на прыпыначнай плятформе мелі апавяшчаць пра набліжэньне цягніка з хуткасьцю больш за 140 км/гадз. Паводле 56-га пункту, цягнік з такой хуткасьцю меў рухацца па галоўным чыгуначным шляху пры скразным пропуску па чыгуначнай станцыі[3].
Дадатак 6 да Правілаў «Патрабаваньні да арганізацыі руху цягнікоў на чыгуначным транспарце» зьмяшчаў 5-ы пункт, у якім хуткасным цягнікам міжнародных лініяў надавалася 3-я пераважнасьць у перавозках пасьля цягнікоў аднаўленьня руху і вайсковых цягнікоў. Згодна зь 90-м пунктам хуткасны цягнік пры зносінах на хуткасьці больш за 140 км/гадз меў рухацца на хуткасьці да 40 км/гадз пры прыёме на тупіковы станцыйны чыгуначны шлях[3].
Дадатак 7 да Правілаў 2015 году «Інструкцыя па сыгналізацыі на чыгуначным транспарце ў Рэспубліцы Беларусь» улучаў 33-і пункт, паводле якога адлегласьць ад сыгнальных знакаў «Пачатак небясьпечнага месца» і «Канец небясьпечнага месца» да сыгналаў памяншэньня хуткасьці мела складаць 1400 м для цягніка пры хуткасьці 140—160 км/гадз на перагоне з кіравальным спускам да 0,6 м на 100 м (0,6 %) і 1500 м — з кіравальным спускам ад 0,6 да 1 %. Пры гэтым адлегласьць ад перанасных чырвоных сыгналаў і месца раптоўна ўзьніклай перашкоды да першай пэтарды мела складаць 1600 м на перагоне са спускам да 0,6 % і 1700 м — са спускам ад 0,6 да 1 %. Згодна зь 78-м пунктам Дадатку 7 часовы сыгнальны знак «Падрыхтавацца да ўзьняцця нажа і закрыцьця крылаў» мелі ўсталёўваць за 150 м да пераезду на дзялянцы працы хуткаснага сьнегаачышчальніка, а знак «Падняць нож, закрыць крылы» — за 50 м да чыгуначнага пераезду[3].
Вытворцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На 2025 год «Гомельскі вагонабудаўнічы завод» вырабляў 5 відаў вагонаў з канструкцыйнай хуткасьцю 160 км/гадз: пляцкартны вагон мадэлі 61-779П-Б[4], купэйны вагон мадэлі 61-779[5], спальны вагон 61-779А[6], вагон-шляхавымяральнік СвДП[7] і вагон-электрастанцыю[8].
У 2010-х гадох «Штадлер Менск» вырабляў для «Беларускай чыгункі» пасажырскія цягнікі «Флірт» з хуткасьцю да 160 км/гадз.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Цягнік пасажырскі хуткасны // «Юрыдычны слоўнік» НЦЗПІ Беларусі, 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Хуткасны чыгуначны рухомы склад // «Юрыдычны слоўнік» НЦЗПІ Беларусі, 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- 1 2 3 Анатоль Сівак. Пастанова Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь № 52 ад 25 лістапада 2015 г. «Аб зацьвярджэньні Правілаў тэхнічнай эксплюатацыі чыгункі ў Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 23 студзеня 2016 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Пляцкартны вагон // ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Купэйны пасажырскі вагон мадэль 61-779 выкананьне 2 // ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Спальны пасажырскі вагон мадэль 61-779А выкананьне 2 // ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Сумешчаны вагон дэфэктаскоп-пуцевымяральнiк // ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
- ↑ Вагон дызэль-электрастанцыя // ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», 2025 г. Праверана 1 жніўня 2025 г.
| Гэта — накід артыкула па тэхніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |