Хваляваньні ў Слуцку (1967)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Масавы антыправаахоўны выступ жыхароў Слуцку 12 кастрычніка 1967 году адбыўся ў сувязі зь несправядлівым, на думку случчакоў, выракам слуцкага суду. Натоўпам быў спалены будынак гарадзкога суду разам з судзьдзёю і дзяжурным міліцыянтам. Пасьля адбылася масавая крывавая бойка дэманстрантаў з супрацоўнікамі міліцыі і ўнутраных войскаў.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 красавіка 1967 году ў фантане[1] гарадзкога парку культуры і адпачынку Слуцку быў знойдзены забіты мужчына. Гэта быў работнік Слуцкага рамонта-будаўнічага ўпраўленьня Аляксандар Нікалаеўскі. Пад час сьледзтва пад падазрэньне трапіў адзін з чыноўнікаў мясцовай улады, чалец КПСС, дэпутат гарсавету, загадчык аддзелу культуры Слуцкага гарвыканкаму 28-гадовы Генадзь Гапановіч і яго сваяк (яны былі жанатыя на сёстрах), 25-гадовы Леанід Сыцько.

Па горадзе пачалі пашырацца чуткі, што мясцовая ўлада пакрывае свайго супрацоўніка. Жару да гэтага дадало тое, што крыху раней пры незразумелых абставінах у Менску з вакна інтэрнату быў выкінуты і забіўся старэйшы брат Нікалаеўскага.

У Слуцку ведалі, што сем’і Гапановічаў і Нікалаеўскіх даўно варагуюць. Хутка ўсе лічылі, што бацька Гапановіча быццам быў пад час Другой сусьветнай вайны паліцэйскім, а бацька Нікалаеўскага — партызанам. Пра Гапановіча казалі, што яго сваяк — вялікі начальнік зь Менску, які абароніць падазраванага ад пакараньня.

Пасьля заканчэньня сьледзтва справа была перададзена ў абласны суд, але той перанакіраваў яго на разгляд у Слуцкі суд. Пад час разгляду ў судзе справы на працэс прыйшло амаль усё насельніцтва гораду. Усе патрабавалі пакараньня Гапановіча і Сыцько. Першае паседжаньне адбылося 10 кастрычніка 1967 году.

Суд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Судовае паседжаньне адбывалася на працягу трох дзён з 10 па 12 кастрычніка. Увесь час у маленькі драўляны двухпавярховы будынак суду (пабудаваны за немцамі на падмурку з жыдоўскіх помнікаў) ірвалася мноства народу. Людзі прыяжджалі з раёну, каб пабачыць пакараньне Гапановіча.

Мясцовыя ўлады адмовіліся прадаставіць іншае большае памяшканьне ці нават усталяваць гучнагаварыльнік на вуліцу. Таму чуткі перадаваліся з суду на вуліцу і ператвараліся ў плёткі.

У першы дзень суду бацька забітага запатрабаваў адводу судзьдзяў, але яму было адмоўлена. Пасьля гэтага ён сышоў з паседжаньня, а рашэньне ўлады выклікала сярод народу хвалю абурэньня.

11 кастрычніка сярод шматтысячнага натоўпу, які атачаў суд, пачалі зьяўляцца заклікі захапіць суд і самім судзіць Гапановіча. Пачаўся збор подпісаў у ЦК КПСС з патрабаваньнем аднавіць справядлівасьць.

Каб абараніць падсудных, іх прывезьлі ў будынак суду на машыне хуткай дапамогі. Гапановіч ня быў паголены, як іншыя зэкі, быў апрануты ў добры гарнітур, пад гальштукам. Гэта яшчэ больш раззлавала народ, які паверыў, што ўлады хочуць выгарадзіць сваіх работнікаў ад адказнасьці. Судзьдзі Аляксеева і Крыскевіч, начальнік канвою Слонімскі і памочнік пракурора Сухаверкаў абмеркавалі склаўшыеся абставіны і вырашылі працягваць паседжаньне, але скончылі яго раней — у 15:00.

Хваляваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад вечар народ пачаў патрабаваць выдачы Гапановіча больш настойліва. У 19:00 зь Менску прыехала падмацаваньне жаўнераў унутраных войскаў, але яго было замала — хапіла толькі, каб ачапіць будынак суду. Народу большала, людзі, вяртаючыся з працы, цягнуліся да суду. Лічыцца, што да суду сабралася 12 тысячаў чалавек і 84 аўтамабілі.

Каб давесьці Гапановіча да аўтазаку, было пастаноўлена ўжыць сьлезацечны газ і дымавыя шашкі. Па некаторых чутках, Гапановіч пераапрануўся ў міліцэйскую форму, а міліцыянт апрануў ягоную. Пакуль пускалі дым, за некалькі імгненьняў падазраваных незаўважна перавялі ў аўтазак. Але як толькі машына ад’ехала, народ зразумеў, што затрыманых у будынку няма. На машыну кінуўся натоўп. Аўтазак зьнёс плот і зьехаў у кірунку Менску.

Гэта разьюшыла натоўп. У будынак суду паляцелі бутэлькі з бэнзінам. Пачалася бойка з салдатамі з ачапленьня суду. 7 жаўнераў атрымалі цяжкія траўмы, 35 — лёгкія. Машыну хуткай дапамогі, якая найперш спрабавала вывезьці супрацоўнікаў унутраных органаў, ледзь не перакулілі. У суд уварвалася некалькі чалавек. З будынку быў вынесены партрэт Леніна, пасьля чаго будынак быў падпалены, а дзьверы суду падпёртыя.

Пажарныя машыны натоўп не дапускаў да палаючага будынку. Машыны, што праяжджалі побач, спыняліся — зь іх зьліваўся бэнзін для далейшага падпалу.

Міліцыянты і супрацоўнікі суду вылазілі праз вакно, некаторым давялося скакаць з другога паверху. Адзін зь міліцыянтаў разьбіўся на сьмерць (паводле іншых зьвестак, яго выкінулі з вакна). У будынку засталася толькі судзьзя Аляксеева. Яна ня здолела выйсьці і згарэла разам з будынкам.

Расьсьледаваньне беспарадкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад час хваляваньняў нейкі аматар (ці супрацоўнік бясьпекі) усё здолеў зьняць на фота. На наступны дзень здымкі ўжо былі ў сьледчых. У ночы на 13 кастрычніка ў горад прыбыў міністар аховы грамадзкага парадку БССР Клімкоўскі, нампракурора БССР Дудкоўскі, з Масквы, з сэсіі Вярхоўнага Савету СССР, прыляцеў старшыня Менскага аблвыканкаму Цябут і 1-ы сакратар абкаму КПБ Палякоў. Была створана камісія ЦК КПБ па расьсьледаваньні абставін масавых непарадкаў.

Напачатку ўдзельнікамі падпалу было прызнана 69 чалавек. У сьпісе супраць кожнага было прапісана, што і калі рабіў:

  • Гр. Калядка М., 25 гадоў, дружыньнік, дасланы на ахову парадку, сам прыняў актыўны ўдзел у падпале, ламаў дзьверы і кідаў іх у вогнішча
  • гр. Фукалаў Л., 41 гадоў, кідаў камяні, біў колам машыны
  • гр. Бабенка Л., 29 гадоў, заахвочваў падлеткаў да актыўных дзеяньняў, даваў камяні і заклікаў кідаць іх у будынак суду
  • гр. Гурновіч К., 63 гады, казаў «цяпер трэба забіваць камуністаў»
  • гр. Купрацэвіч С., 34 гады, роварам загарадзіў шлях пажарнай машыны
  • гр. Дробыш А., 20 гадоў, абарваў у будынку суду тэлефонны апарат і занёс дахаты
  • гр. Тарабаеў В., 17 гадоў, кідаў камяні і сьпяваў песьню «Гори, гори, костер, ярче»

Зрэшты, шмат хто, напэўна, быў абвінавачаны беспадстаўна — напрыклад, адзін чалавек меў адно вока і заікаўся, а яго абвіначвалі, што казаў прамовы з заклікам да бунту.

Судовы працэс па падпале будынку суду адбыўся 2 лютага 1968 году. Напярэдадні пленум райкаму партыі прызнаў дзеяньні мясцовых уладаў па тлумачальнай працы з насельніцтвам «палітычна блізарукімі і недапушчальнымі».

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На лаву падсудных патрапілі 17 чалавек. Двое зь іх, Мікола Грынюк і Іван Папоў, былі прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Двое апраўданыя (паводле іншых зьвестак адзін[1]). Астатнія атрымалі ад 6 да 15 гадоў зьняволеньня.

Нават падлеткаў да 16-гадовага ўзросту каралі на 10 гадоў зьняволеньня. Былі аштрафаваныя каля сотні чалавек. У Вярхоўным судзе БССР разьбіраліся справы 18 чалавек[2]. Чутка пра гэтыя падзеі імгненна абляцела турмы, і ўсіх асуджаных у вязьніцах зэкі сустракалі вельмі прыязна і з пашанаю.

Начальнік гараддзелу міліцыі і пракурор раёну былі зьнятыя з працы, пяць чалавек атрымалі па строгай вымове, чацьвёра — па вымове.

Судовая справа па забойстве Нікалаеўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суд над Гапановічам і Сыцько адбыўся ў Менску. Як выявілася, пад час выпіўкі на кватэры Гапановіча нехта пачаў грукацца ў дзьверы. Пасьля біць нагамі. Гапановіч і Сыцько выйшлі на лесьвічную пляцоўку і ўбачылі п’янога Нікалаеўскага, які лячыўся ад язвы ў гэты час у шпіталі, напіўся і прыйшоў высьвятляць адносіны. Яго пабілі й спусьцілі зь лесьвіцы.

Пад час бойкі Нікалаеўскі атрымаў унутраны крывацёк, ці ў яго адкрылася язва — у парку яму стала блага, і ён памёр.

Гапановіч быў прызнаны вінаватым — атрымаў 5 гадоў турмы. Пасьля жыў у Баранавічах. Кіраваў мясцовым літаратурным аб’яднаньнем.

Ахвяры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пажары згарэла судзьдзя Галіна Аляксеева. Задыхнуўся ў дыме начальнік слуцкага КПЗ капітан міліцыі Станіслаў Татур, каля 80 супрацоўнікаў міліцыі атрымалі пашкоджаньні[3]. Яшчэ адзін супрацоўнік УУС капітан Ягораў сканаў пасьля ў шпіталі[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Уладзімер Іваноў. Огненный самосуд толпы. Незалежны сайт гораду Слуцка і раёну
  2. ^ Згарэў у Слуцку суд народны…(недаступная спасылка) Народная Воля 22.11.2007 №185—186
  3. ^ Афіцыйны сайт Слуцкага РАЎС
  4. ^ Марына Куняўская — Гриф «секретно» не снят — гутарка з вэтэранам ўнутраных войскаў Васілём Тарасевічам // Советская Белоруссия 9 лістапада 2010

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]