Харвацкая электраэнэргетыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 45°48′3″ пн. ш. 15°58′6″ у. д. / 45.80083° пн. ш. 15.96833° у. д. / 45.80083; 15.96833

«Харвацкая электраэнэргетыка»
харв. Hrvatska elektroprivreda
Тып акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Больш ад току
Заснаваная 1 чэрвеня 1895 (128 гадоў таму)
Заснавальнікі Антэ і Марка Шупукі, Векаслаў Майхснэр
Краіна Харватыя
Разьмяшчэньне Загрэб
Адрас акруга Трнье(hr), вул. Вукавара, д. 37
Ключавыя фігуры Фране Барбарыч[1], Горан Граніч[2]
Галіна электраэнэргетыка
Прадукцыя электраэнэргія, цяпло, прыродны газ
Абарачэньне 14,969 млрд кунаў[3] (2017 г.; $2,260 млрд)[4]
Апэрацыйны прыбытак 2,295 млрд кунаў (2017 г.; $346,5 млн)
Чысты прыбытак 1,300 млн кунаў (2017 г.; $196,4 млн)
Лік супрацоўнікаў 11 894 (2018 г.)
Матчына кампанія Урад Харватыі
Даччыныя кампаніі Пломінская электрастанцыя, «ХЭЭ Газ» (Осіек)
Аўдытар «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Завэнтэм, прав. Флямандзкі Брабант, Бэльгія)

«Харвацкая электраэнэргетыка» («ХЭЭ») — дзяржаўнае энэргетычнае прадпрыемства Харватыі, заснаванае ў чэрвені 1895 году ў якасьці Крцкай гідраэлектрастанцыі ў Шыбэніку.

На 2019 год «Харвацкая электраэнэргетыка» мела 10 даччыных прадпрыемстваў:

  • ТАА «ХЭЭ Вытворчасьць» — вырабляе электраэнэргію і цяпло ў Загрэбе, Осіеку і Сісаку;
  • ТАА «ХЭЭ Апэратар разьмеркавальнай сыстэмы» — разьмяркоўвае электраэнэргію па лініях электраперадачы;
  • ТАА «ХЭЭ Электра» — пастаўляе электраэнэргію хатнім гаспадаркам;
  • ТАА «ХЭЭ Забесьпячэньне» — пастаўляе цяпло і прыродны газ;
  • ТАА «ХЭЭ Гандаль» — прадае электраэнэргію праз прадстаўніцтвы за мяжой у Босьніі і Герцагавіне, Славеніі і Сэрбіі;
  • ТАА «ХЭЭ Ацяпленьне» — вырабляе цяпло ў Загрэбе, Запрэшычы і Самаборы (Загрэбская жупанія), Вэліка-Горыцы, Осіеку і Сісаку;
  • ТАА «ХЭЭ Газ» (Осіек) — пастаўляе прыродны газ;
  • ТАА «ХЭЭ Эско» — укараняе захады энэргаашчаджэньня;
  • ТАА «ХЭЭ Кіраваньне сродкамі» — загадвае падарожніцкай дзейнасьцю;
  • ТАА «Пломінскі холдынг» (Істрыйская жупанія) — кіруе Пломінскай электрастанцыяй;
  • ТАА «ХЭЭ Сувязь» — забясьпечвае сувязь унутры прадпрыемства[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 чэрвеня 1895 году мэр Шыбэніка Антэ Шупук, яго сын Марка Шупук і геадэзіст Векаслаў Майхснэр заснавалі гаспадарчае таварыства для будаўніцтва гідраэлектрастанцыі (ГЭС) на рацэ Крцы(hr) (Каралеўства Далмацыя, Перадлітавія, Аўстра-Вугоршчына). 28 жніўня 1895 году Крцкую ГЭС запусьцілі, што зрабіла яе першай у Эўропе і 2-й у сьвеце. Пазьней яе перайменавалі ў Цясьнінную ГЭС(hr). У 1937 годзе ў Загрэбе (Саўская банавіна, Каралеўства Югаславія) заснавалі Банавінскае электрычнае прадпрыемства, якое ў 1941 годзе перадалі Дзяржаўнаму электрычнаму прадпрыемству. У 1945 годзе яго пераўтварылі ў Электрычнае прадпрыемства Харватыі. У 1954 годзе стварылі Супольнасьць электраэнэргетычных арганізацыяў Харватыі. У 1961 годзе заснавалі Справавое таварыства прадпрыемстваў разьмеркаваньня электраэнэргіі Харватыі. У 1962 годзе ад Загрэба да Закучацкай ГЭС(hr) (Спліцка-Далмацінская жупанія) пабудавалі 1-ю лінію электраперадачы (ЛЭП) напругай 220 кілявольт, што злучыла энэргасыстэмы Далмацыі і сярэдняй Харватыі. У 1965 годзе заснавалі Задзіночаную электраэнэргетыку Харватыі. У 1974 годзе «Электраславонія Осіек» узьвяла цеплавую электрастанцыю (ЦЭС) з газавымі турбінамі ў сувязі з адкрыцьцём радовішчаў прыроднага газу пад Бокшыч-Лугам (Асіецка-Баранская жупанія) у красавіку 1973 году. У 1977 годзе збудавалі 1-ю падстанцыю «Эрнэсьцінава» (Асіецка-Баранская жупанія) на 400 кілявольт. У 1990 годзе стварылі дзяржаўнае прадпрыемства «Харвацкая электраэнэргетыка»[6].

У 1992 годзе пусьцілі ЛЭП на 400 кілявольт ад рыецкага прадмесьця Мелінэ (Прыморска-Горанская жупанія) да загрэбскага Тумбры. У 1993 годзе ў Далмацыі ўсталявалі некалькі газавых і дызэльных ЦЭС магутнасьцю на 120 мэгават. У 1994 годзе Мелінэ злучылі ЛЭП на 110 кілявольт з астравамі Крк і Раб (Прыморска-Горанская жупанія), Паг (Задарская жупанія) і Задар. У 1995 годзе аднавілі Пэручанскую дамбу (Спліцка-Далмацінская жупанія). У 1997 годзе ў Харвацкую энэргасыстэму ўлучылі Падунаўе(sr). У 1998 годзе здалі Загрэбскую ЦЭС(hr) з 2 газавымі турбінамі на 52 мэгаваты. У 2000 годзе запусьцілі 2-і энэргаблёк Пломінскай ЦЭС на 210 мэгават. У 2002 годзе АТ «Харвацкая электраэнэргетыка» ўтварыла холдынг. У 2003 годзе пусьцілі К-блёк Загрэбскай цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) на 200 мэгават электраэнэргіі і 150 магват цеплыні. У 2004 годзе пад Загрэбам пусьцілі падстанцыю «Жаравінец» на 400 кілявольт. У 2009 годзе пусьцілі Л-блёк Загрэбскую ЦЭЦ(hr) на 100 мэгават электраэнэргіі і 80 мэгават цеплыні[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Управа (харв.) // АТ «Харвацкая электраэнэргетыка», 2019 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.
  2. ^ Наглядальная рада (харв.) // АТ «Харвацкая электраэнэргетыка», 2019 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.
  3. ^ Фране Барбарыч, Ені Крсцічэвіч. Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2017 год (харв.) // АТ «Харвацкая электраэнэргетыка», 27 траўня 2018 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.
  4. ^ Сярэднегадавы курс куны за 2017 год да амэрыканскага даляра (6,622397) (харв.) // Харвацкі народны банк, 2019 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.
  5. ^ Прадпрыемствы холдынга (харв.) // АТ «Харвацкая электраэнэргетыка», 2019 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.
  6. ^ а б Гісторыя (харв.) // АТ «Харвацкая электраэнэргетыка», 2019 г. Праверана 22 сакавіка 2019 г.