Фінал Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2020 году
Фінальны матч Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2019—2020 гадоў праходзіў у Лісабоне на стадыёне «Эштадыю да Луш», дзе сустракаліся паміж сабой францускі «Пары Сэн-Жэрмэн» і нямецкая «Баварыя». Гэта быў 65-ы фінал у гісторыі турніру. Матч праходзіў без гледачоў праз сусьветную пандэмію каранавірусу[1]. Першапачаткова сустрэча павінна была адбыцца 30 траўня 2020 году на Алімпійскім стадыёне імя Ататурка ў Стамбуле, Турэччына[2]. 17 чэрвеня 2020 году выканаўчы камітэт УЭФА вырашыў перанесьці фінал у Лісабон у рамках фінальнага турніру васьмі клюбаў, які складаўся з аднаматчавых сустрэчаў, якія праводзіліся на двух стадыёнах партугальскае сталіцы[3]. Матч стаў першым у Эўропе фінальным турнірам, які праходзіў у нядзелю, і першым з 2009 году, які не праходзіў у суботу. Гэта таксама быў першы фінал спаборніцтваў, які праводзіўся ў жніўні.
Матч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь першых жа сэкундаў сустрэчы «Баварыя» пачала ціск на французаў, якія ўключыліся ў гульні толькі на 10-й хвіліне. На 18-й хвіліне «Пары Сэн-Жэрмэн» атрымаў першую магчымасьць улучыць мяч у браму, калі Кіліян Мбапэ рабіў перадачу на Нэймара зь левага боку штрафной плошчы, але ягоны стрэл быў заблякаваны Мануэлем Ноерам. На 22-й хвіліне нападнік «Баварыі» Робэрт Левандоўскі атрымаў мяч у штрафной і трапна вытнуў па мячы, які грымнуўся ў левую штангу і адскочыў назад у поле. Празь дзьве хвіліны Анхэль Дзі Марыя апынуўся зь мячом перад брамай суперніка і ўдарыў па мячы, аднак ладунак праляцеў над бэлькай брамы Ноера. Потым абаронца «Баварыі» Жэром Баатэнг атрымаў траўму, пасьля чаго быў памянёны на Нікляса Зюле. Да сканчэньня першай паловы Левандоўскі зноўку атрымаў магчымасьць улучыць мяч у браму, гэтак жа як цудоўны шанец меў Мбапэ, аднак абодве спробы ня мелі посьпеху.
У другім тайме «Баварыя» ўсё ж такі накіравала мяч у браму французаў. Адзіны гол у матчы на 59-й хвіліне забіў галавой Кінгсьлі Каман, выпускнік акадэміі «Пары Сэн-Жэрмэн». Галявую перадачу на француза зрабіў Ёзуа Кіміх. Пасьля рэалізацыі моманту «Баварыя» хутка стварыла дадатковыя магчымасьці, але ня здолела скарыстаць свае шанцы. У наступным нямецкі клюб паводзіў сябе больш асьцярожна, спрабуючы захаваць існую перавагу. Свае шанцы не скарысталі Маркіньюс, Мбапэ і Шупо-Матынг. «Баварыя» стрымала напады суперніка і здабыла свой чарговы тытул, дамогшыся ў сэзоне трэбла.
23 жніўня 2020 20:00 (UTC+1) |
Пары Сэн-Жэрмэн | 0:1 | Баварыя | Эштадыю да Луш, Лісабон Гледачоў: 0 Судзьдзя: Даніеле Арсата (Італія) |
---|---|---|---|---|
Справаздача | Каман 59' | |||
|
|