Перайсьці да зьместу

Філадэлфія Сэвэнці Сыксэрз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Філадэлфія 76эрз»)
Філадэлфія Сэвэнці Сыксэрз

Заснаваны 1946
Месцазнаходжаньне Філадэлфія, Пэнсыльванія, ЗША
Арэна Эксьфініці-Мабайл-Арэна
Галоўны трэнэр Нік Нэрз
Чэмпіянат Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя
Форма
Клюбныя колеры              


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Хатняя


Камандныя колеры


Камандныя колеры


Выязная
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Філадэ́лфія Сэ́вэнці Сы́ксэрз (па-ангельску: Philadelphia 76ers) — прафэсійны баскетбольны клюб, які выступае ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Каманда была заснаваная ў 1946 годзе і першапачаткова была вядомая як «Сырак’юз Нэшыяналз». Уважаецца за адную з найстарэйшых франшызаў НБА ды адной 8 з 23 клюбаў, якія перажылі першае дзесяцігодзьдзе лігі. Клюб месьціцца ў горадзе Філадэлфія, штат Пэнсыльванія. «Сэвэнці Сыксэрз» некалькі разоў перамагаў у чэмпіянаце НБА. Першы тытул яны заваявалі ў 1955 годзе, калі выступалі ў Сырак’юзах, перад тым як пераехалі ў Філадэлфію. Другі тытул яны заваявалі ў 1967 годзе, калі лідэрам каманды быў Ўілт Чэмбэрлен. Трэці тытул быў здабыты ў 1983 годзе.

У 1946 годзе італьянскі імігрант Дэні Біязонэ за 5 тысяч даляраў заснаваў у Сырак’юзах каманду «Сырак’юз Нэшыяналз» у Нацыянальнай баскетбольнай лізе (НБЛ)[1]. У час удзелу ў НБЛ, якая перадусім складалася з камандаў невялікіх гарадоў Сярэдняга Захаду, «Нэшыяналз» мелі агульны паказьнік 21–23, заняўшы ў дэбютным сэзоне чацьверты радок. У плэй-оф «Нэшыяналз» саступілі «Рочэстэр Роялз» у чатырох гульнях. Перад сэзонам 1948—1949 гадоў чатыры каманды пакінулі НБЛ на карысьць Баскетбольнай асацыяцыі Амэрыкі (БАА), бо быў закладзены падмурак дзеля аб’яднаньня лігаў[2]. Наступны посьпех «Нэшыяналз» пачаўся з прыцягненьня Лео Фэрыса[3]. Застаючыся ў НБЛ, Фэрыс склаў кантракт на пасаду гульца-трэнэра[4], прывёўшы «Нэшыяналз» да першай перамогі з паказьнікам 40–23. У 1949 годзе, калі НБЛ і БАА аб’ядналіся ў Нацыянальную баскетбольную асацыяцую (НБА), «Нэшыяналз» былі адной зь сямі клюбаў НБЛ, якія далучыліся да НБА.

Каманда «Сырак’юз Нэшыяналз» у сэзоне 1958—1959 гадоў.

«Нэшыяналз» імгненна дасягнулі посьпеху ў НБА, здабыўшы перамогу ва Ўсходнім дывізіёне ў сэзоне 1949—1950 гадоў з найлепшым паказьнікам у лізе, маючы 51–13. У плэй-оф «Нэшыяналз» працягвалі гуляць у добры баскетбол, абгуляўшы «Філадэлфію Ўорыярз» у двух гульнях. Далей, ва фінале Ўсходняга дывізіёну, «Нэшыяналз» змагаліся зь «Нью-Ёрк Нікербокерз», абгуляўшы сваіх супернікаў зь вялікага гораду ў сэрыі з трох гульняў. У фінале НБА каманда сустрэліся зь «Мінэапаліс Лэйкерз», дзе саступілі. Не зважаючы на тое, што некалькі клюбаў пакінулі НБА і перайшлі ў Нацыянальную прафэсійную баскетбольную лігу перад сэзонам 1950—1951 гадоў, «Нэшыяналз» пастанавілі сабе застацца. У сваім другім сэзоне НБА каманда ўвесь сезон гулялі пасярэдне. Тым ня менш, яны трапілі ў плэй-оф, дакрочыўшы да фіналу Ўсходняга дывізіёну, дзе саступілі «Нью-Ёрк Нікербокерз» у напружанай сэрыі зь пяці гульняў. «Нэшыяналз» занялі другое месца ў напружанай барацьбе за першае месца ва Ўсходнім дывізіёне ў сэзоне 1952—1953 гадоў з паказьнікам 47–24. У плэй-оф «Нэшыяналз» сустрэліся з «Бостан Сэлтыкс», зазнаўшы паразу ў першай гульні ўдома зь лікам 87–81. Патрэбная была перамога ў Бостане, каб захаваць свае надзеі, і «Нэшыяналз» нават змагаліся з «Сэлтыкс» у чатырох авэртаймах, але саступілі зь лікам 111:105, што застаецца самым працяглым матчам плэй-оф у гісторыі НБА. У наступным сэзоне каманда трапіла ў фінал НБА, дзе саступіла «Лэйкерз» у напружанай сэрыі зь сямі гульняў, у якіх дзьве каманды чаргавалі перамогі цягам сэрыі.

Гэл Грыг правёў у складзе клюбу 15 гадоў.

Паколькі НБА сутыкнулася зь фінансавымі цяжкасьцямі і ў сэзоне 1954—1955 гадоў у ёй засталося ўсяго 8 клюбаў, уладальнік «Нэшыяналз» Біязонэ прапанаваў лізе абмежаваць час, у які каманда мусіць зрабіць кідок у кошык, тым самым гэта павінна паскорыць гульню, якая да гэтага часта мела доўгія пэрыяды, калі каманды проста ўтрымлівалі мяч. Біязонэ і генэральны мэнэджар «Нэшыяналз» Фэрыс падлічылі, што 24-сэкундны час для кідкоў дазволіць рабіць ня менш за 30 кідкоў за чвэрць, што паскорыць гульню і павялічыць колькасьць пунктаў. Гэтая навінка адразу стала пасьпяховай, бо колькасьць пунктаў ва ўсёй лізе павялічылася на 14 пунктаў за гульню. У першы сэзон з абмежаваньнем часу нападу «Нэшыяналз» занялі першае месца ў дывізіёне з паказьнікам 43-29. У плэй-оф сырак’юзаўцы другі раз запар трапілі ў фінал НБА, дзе сустрэліся з «Форт-Ўэйн Пістанз». У гэты раз каманда здолела забясьпечыць сабе чэмпіёнскі тытул НБА. Наступны сэзон быў горшы, а каманда ня здолела абараніць тытул. Па заканчэньні сэзону клюб пазбавіўся сваёй залатой формы, пераапрануўшыся ў чырвона-сінія колеры. Перад сэзонам 1957—1958 гадоў каманды з Форт-Ўэйну і Рочэстэру пераехалі ў Дэтройт і Цынцынаці, пакінуўшы «Сырак’юз Нэшыяналз» апошняй камандай зь невялікага мястэчка ў НБА сярод вялікіх гарадоў. Гуляючы ў лізе, дзе цяпер дамінавалі такія супэрзоркі, як Біл Расэл у «Сэлтыкс», Ўілт Чэмбэрлен у «Ўорыярз», Боб Пэтыт у «Сэнт-Луіс Гокс» і Элгін Бэйлар у «Лэйкерз», але гэта не замінала клюбу мець неблагія вынікі. Пасьля пераезду «Лэйкерз» зь Мінэапалісу ў Лос-Анджэлес перад сэзонам 1960—1961 гадоў, «Нэшыяналз» сталі апошняй старой камандай НБЛ, якая ўсё яшчэ гуляла ў сваім родным горадзе ў НБА.

Пляцоўка Сывік-Сэнтар-Канвэншн-Гол, дзе клюб прымаў гасьцей з 1963 па 1967 гады.

Параза ў авэртайме плэй-оф 26 сакавіка 1963 году аказалася апошняй гульнёй для «Сырак’юз Нэшыяналз», бо інвэстары Ірв Кослаф і Айк Рычман набылі каманду ў Дэні Біязонэ і перавезьлі яе ў Філадэлфію, якая засталася без баскетболу найвышэйшага ўзроўню, бо за год да таго «Ўорыярз» пераехалі ў Сан-Францыска. Быў праведзены конкурс, каб вызначыць новую назву для каманды. Пераможнай назвай, абранай Ўолтэрам Сталбэргам, была «Сэвэнці Сыксэрз», што перакладаецца на беларускую мову як «Семдзясят шостыя»[5]. Назва паходзіць ад падпісаньня Дэклярацыі незалежнасьці ЗША ў Філадэлфіі, якая як раз адбылася ў 1776 годзе. Цягам першых чатырох гадоў у Філадэлфіі клюб перадусім ладзіў хатнія матчы на Філадэлфія-Арэне і ў Сывік-Сэнтар-Канвэншн-Гол, а часам на пляцоўцы ў Пэнсыльванскім унівэрсытэце. Дон Шэйз быў прызначаны галоўным трэнэрам, займаючы гэтую пасаду чатыры гады. У сэзоне 1964—1965 гадоў каманда набыла легендарнага Ўілта Чэмбэрлена, які некалі пачынаў кар’еру ва «Ўорыярз» пакуль яны яшчэ базаваліся ў Філадэлфіі. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Алекса Ганума «Сэвэнці Сыксэрз» згулялі сэзон мары, пачаўшы сэзон зь лікам 46–4[6], і ўсталяваўшы ў выніку рэкорд у 68–13, што было найлепшым паказьнікам у гісторыі лігі на той час[7]. Чэмбэрлен, Білі Канінггэм і Гэл Грыр, а таксама зоркі Чэт Ўокер, Лусіюс Джэксан і Ўолі Джонз давялі каманду да паўфіналу. На гэты раз філадэлфцы перамаглі «Сэлтыкс» у пяці гульнях. У фінале «Сэвэнці Сыксэрз» перагуляў «Ўорыярз» у шасьці гульнях, што дало ім другі чэмпіёнскі тытул НБА.

У канцы сэзону клюб аддаў Чэмбэрлена «Лос-Анджэлес Лэйкерз» за Арчы Кларка, Дэрала Імгофа і Джэры Чэмбэрза. У той час абмен здаваўся лягічным крока з пункту гледжаньня «Сэвэнці Сыксэрз», але напраўды гэта прывяло да дэградацыі каманды. Каманда зь Філадэлфіі сэзону 1972—1973 гадоў звычайна лічацца найгоршай камандай, якая калі-небудзь выходзіла на паркет у гісторыі НБА. У наступным годзе «Сэвэнці Сыксэрз» нанялі Джына Шу галоўным трэнэрам, які паступова выправіў стаў рэчаў. Клюб пелыпшыў вынікі ў сэзоне 1976—1977 гадоў, шмат у чым дзякуючы зьліцьцю Амэрыканскай баскетбольнай асацыяцыі (АБА) і НБА. Апошнія чэмпіёны АБА, «Нью-Ёрк Нэтс», сутыкнуліся з абавязацельствам выплаціць «Нью-Ёрк Нікс» 5 мільёнаў даляраў за ўваход у зону Нью-Ёрку ў дадатак да выплаты за пашырэньне ў 3,2 мільёнаў даляраў за далучэньне да НБА. Таму, калі Філадэлфія прапанавала выкупіць кантракт гульца «Нэтс» Джуліюса Ірвінга за 3 мільёны даляраў, у клюбу не заставалася іншага выбару, акрамя як пагадзіцца. Пасьля доўгіх гадоў каманда трапіла ў фінал НБА, дзе саступіла «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». У наступныя сэзоны каманда ці трапляла ў фінал НБА ці фінал канфэрэнцыі. Нарэшце, чарговы тытул быў здабыты ў сэзоне 1982—1983 гадоў.

В = выйгрышы, П = паразы, А% = адсотак выйграных матчаў

  1.  Ramsey, David The Nats. — Pine Tree Publishers., 1995.
  2. How the NBA’s 75th anniversary sweeps away its early history // The Washington Post, 21.01.2022 г.
  3.  Baker, Mark Allen Basketball History in Syracuse: Hoops Roots. — Arcadia Publishing. — ISBN 9781614236450
  4. Local legend: Schayes reflects on Hall of Fame career as the face of Syracuse Nationals. dailyorange.com (11.2012). Архіўная копія ад 02.2017 г.
  5. History of the Name. NBA Media Ventures, LLC (06.2015). Архіўная копія ад 06.2015 г.
  6. NBA at 50: Top 10 Teams. NBA Media Ventures, LLC (11.2017). Архіўная копія ад 07.2022 г.
  7. Sachare, Alex NBA Encyclopedia Playoff Edition: The Best Team Ever. NBA.com. Архіўная копія ад 05.2008 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]