Фізыялёгія дыханьня
Фізыялёгія дыха́ньня — сукупнасьць працэсаў, якія спрыяюць транспартаваньню кіслароду з навакольнага асяродзьдзя да тканак цела і выдаленьню вуглякіслага газу з дапамогай дыхальнай сыстэмы[1]. Фізыялягічнае вызначэньне дыханьня адрозьніваецца ад біялягічнага вызначэньня вузнага дыханьня, якое ёсьць мэтабалічным працэсам, пры якім арганізм атрымлівае энэргію шляхам затляненьня пажыўных рэчываў і вызваленьня прадуктаў жыцьцядзейнасьці. Не зважаючы на тое, што фізыялягічнае дыханьне неабходнае дзеля падтрыманьня вузнага дыханьня і, такім чынам, жыцьця ў жывёлаў, гэтыя працэсы адрозьніваюцца. Вузнае дыханьне адбываецца ў асобных вузах арганізма, у той час як фізыялягічнае дыханьне тычыцца дыфузіі і транспартаваньню мэтабалітаў паміж арганізмам і навакольным асяродзьдзем.
Абмен газаў у лёгкіх адбываецца шляхам вэнтыляцыі (звычайна называецца дыханьнем) і пэрфузіі[1]. Вэнтыляцыя стасуецца трапленьня і выштурхоўваньня паветра зь лёгкіх, а пэрфузія — гэта цыркуляцыя крыві ў лёгачных капілярах[1]. У сысуноў фізыялягічнае дыханьне ўлучае дыхальныя цыклы ўдыханьня і выдыханьня. Удых звычайна ўважаецца за актыўны рух, які папіхае паветра ў лёгкія, дзе адбываецца працэс газаабмену паміж паветрам у пухірыках і крывёю ў лёгачных капілярах. Скарачэньне цягліцы дыяфрагмы выклікае зьмену ціску, якая роўная ціску, выкліканаму элястычнымі, рэзыстыўнымі і інэрцыйнымі кампанэнтамі дыхальнай сыстэмы. Наадварот, выдых звычайна ўважаецца за пасіўны працэс, але маюцца шмат выняткаў. Гэтак выдых робіцца актыўным пры стварэньні функцыянальнага залішняга ціску, у час размовы, сьпеваў, гоману, сьмеху, сарпаньня, чханьня, кашлю, а таксама пры выдыху пад вадою, калі гэта робіцца падчас плаваньня і ныраньня, ды пры высокіх узроўнях фізыялягічнай нагрузкі, як то бег, лажаньне і кіданьне, дзе патрабуецца больш хуткі газаабмен. Таксама ў некаторых формах мэдытацыі з кантролем дыханьня выдых можа таксама быць актыўным. Размова ды сьпевы ў людзей патрабуюць працяглага кантролю дыханьня, якія многія сысуны ня здольныя выканаць.
Працэс дыханьня не запаўняе пухірыкі атмасфэрным паветрам у час кожнага ўдыху (каля 350 мл на ўдых), але ўдыханае паветра старанна разрэджваецца і зьмешваецца зь вялікім аб’ёмам газу (каля 2,5 літры ў дарослага чалавека), вядомым як функцыянальная астачная ёмнасьць, якая застаецца ў лёгкіх пасьля кожнага выдыху і газавы склад якой значна адрозьніваецца ад складу навакольнага паветра. Фізыялягічнае дыханьне ўлучае мэханізмы, якія забясьпечваюць сталы склад функцыянальнай астачнай ёмнасьці і ўраўнаважваюць яго з газамі, расчыненымі ў капілярнай крыві лёгкіх, і, такім чынам, ва ўсім целе. За час дыханьня вуглярод-вадародныя сувязі разрываюцца ў выніку затляняльна-аднаўленчай рэакцыі, і такім чынам таксама ўтвараюцца вуглякіслы газ і вада. Працэс выпрацоўкі вузнай энэргіі называецца вузным дыханьнем.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Агляд на старонцы Ўнівэрсытэту імя Джона Гопкінза.