Перайсьці да зьместу

Фэлікс Лёх

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фэлікс Лёх
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся24 ліпеня 1989(1989-07-24)[1] (37 гадоў)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыясаначнік

Фэлікс Лёх (па-нямецку: Felix Loch; 24 ліпеня 1989 году) — нямецкі саначнік, шматразовы алімпійскі чэмпіён. Таксама шматкроць разоў рабіўся чэмпіёнам сьвету. Перамога спартоўца ў мужчынскім адзіночным разрадзе ў 2008 годзе зрабіла яго наймаладзейшым чэмпіёнам сьвету ў гісторыі, тады яму было 18 гадоў. Таксама быў наймаладзейшым Алімпійскім чэмпіёнам у гісторыі[2].

На чэмпіянаце Эўропы па санным спорце 2008 году ў італьянскай Чэзане заняў шосты радок у адзіночным разрадзе. У час Міжнароднага тыдня трэнаваньняў, які ладзіўся з 7 па 15 лістапада 2008 году ў цэнтры саннага спорту у канадзкім месьце Ўістлер, Лёх атрымаў траўму пляча. Тым ня менш, спартовы дырэктар нямецкай фэдэрацыі Томас Шваб заявіў, што спартовец будзе ўдзельнічаць у першых спаборніцтвах Кубка сьвету ў Аўстрыі, што Лёх і зрабіў[3]. На той час ён быў дзейным чэмпіёнам сьвету і Нямеччыны. 7 лютага 2009 году саначнік абараніў свой тытул чэмпіёна сьвету ў Лэйк-Плэсыдзе. У канцы таго месяца ў час фіналу Кубка сьвету сэзону 2008—2009 гадоў у цэнтры саннага спорту ва Ўістлеры Лёх зафіксаваў найвялікшую хуткасьць саннага спорту, якая сягнула паказьніка ў 153,98 км/г.

Спартовец у 2017 годзе.

У сэзоне Кубка сьвету Лёх быў трэцім у агульным заліку, але галоўным дасягненьнем спартоўца стаў залаты мэдаль на зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 году. У 2011 годзе немец здабыў срэбра на чэмпіянаце сьвету ды быў другім паводле вынікаў сэзону Кубка сьвету. У сэзоне 2011—2012 гадоў Лёх перамагаў на этапах Кубка сьвету ў Інсбруку, Ўістлеры, Шэнаў-ам-Кёнігсзээ, Обэргофе, Вінтэрбэргу і Сігулдзе, дзякуючы чаму ўпершыню трыюмфаваў у агульнай клясыфікацыі Кубка сьвету. На чэмпіянаце сьвету ён узяў залатыя мэдалі як у індывідуальным заліку, гэтак і ў каманднай дысцыпліне. Наступныя два сэзоны характарызаваліся дамінаваньнем спартоўца, які працягваў браць тытулы адзін за адным. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году ў Сочы Лёх ізноў выйграў залаты мэдаль у адзіночным разрадзе[4], а таксама ён быў у складзе нямецкай каманды, якая здабыла золата ў першых камандных выступах. На цырымоніі закрыцьця саначнік меў гонар несьці нямецкі сьцяг на Алімпійскім стадыёне.

Сэзон 2015—2016 гадоў пачаўся для атлета даволі няўдала. Ён атрымаў сваю першую перамогу толькі на чацьвертым этапе Кубка сьвету ў Калгары. Аднак пасьля гэтага пачаўся ягоны ўздым, які выявіўся ў сямі перамогах запар. Гэта заклала аснову для чарговага пятага запар тытула чэмпіёна Кубка сьвету ў агульным заліку. На чэмпіянаце сьвету 2016 году на штучнай лёдавай трасе ў Шэнаў-ам-Кёнігсзээ ён узяў усе тры мажлівыя залатыя мэдалі, стаўшы першым чэмпіёнам сьвету ў спрынце, які ладзіўся ўпершыню ў гісторыі. У наступныя гады Лёх зьведаў некаторы спад вынікаў. Спартовец праваліў зімовыя Алімпійскія гульні 2018 году, фінішаваўшы толькі пятым. Лёх здолеў рэабілітавацца на чэмпіянаце сьвету 2019 году, дзе здабыў золата ў індывідуальным заліку, срэбра ў спрынце ды бронзу ў камандных спаборніцтвах. Паводле вынікаў Кубка сьвету 2019—2020 гадоў немец упершыню выпаў з тройкі прызэраў агульнага заліку. Сэзон 2020—2021 гадоў прайшоў для Лёха амаль ідэальна. На першым этапе Кубка сьвету ў Інсбруку ён адсьвяткаваў сваю першую перамогу на Кубку сьвету за 22 месяцы. З дванаццаці індывідуальных заездаў Кубка сьвету ён атрымаў перамогу ў дзевяці, чым забясьпечыў сабе сёмы тытул. Асабліва ўражлівым быў ягоны выступ на этапе ў Альтэнбэргу, які вылучаўся складанымі ўмовамі надвор’я. Там ён пачаў з 17-га месца пасьля першага заезду, але вырваў перамогу[5].

Зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году скончыліся для спартоўца чацьвертым вынікам. Цягам наступным некалькіх сэзонаў Кубка сьвету немец не ўзьнімаўся вышэй за другое месца ў агульным заліку.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]