Францішак Сальскі
| Францішак Сальскі | |
| Сьвяты | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 21 жніўня 1567[1][2] |
| Памёр | 28 сьнежня 1622[3][4][5][…] (55 гадоў) |
| Дзень памяці | 24 студзеня[6] |
Францішак Сальскі, Францішак з Саль, Францішак дэ Саль (па-лацінску: Franciscus Salesius, па-француску: François de Sales; 21 жніўня 1567, Савоя — 28 сьнежня 1622, Ліён) — каталіцкі сьвяты, біскуп Жэнэвы, Доктар Касьцёлу, заснавальнік кангрэгацыі візытантак. Вядомы сваімі працамі аб духоўным жыцьці, асаблівую вядомасьць мае кніга «Уводзіны ў набожнае жыцьцё» («Кіраўніцтва да набожнага жыцьця»). Заступнік журналістаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся 21 жніўня 1567 году, падчас пантыфікату папы Піюса V, у замку Торэн у Савоі, недалёка ад Жэнэвы. Яго бацькі былі людзьмі набожнымі, адукаванымі і глыбока прывязанымі да веры сваіх продкаў. Маці, Францішка дэ Сьёне, з самага раньняга дзяцінства старалася прывіць будучаму сьвятому любоў да дабрадзейнасьці і набожнасьці. Яна хацела, каб ён быў добрым хрысьціянінам. Бацька, Францыск дэ Буазі, імкнуўся выхаваць сына сумленным чалавекам, які займае высокае становішча ў грамадзтве. Будучы найстарэйшым сярод 13 дзяцей, быў надзвычай здольным да навучаньня.
У 15 гадоў паступіў адначасова ў Сарбонскі ўнівэрсытэт і Езуіцкі калегіюм (Парыж). У першым вывучаў тэалёгію і біблейскія навукі, а таксама грэцкую і жыдоўскую мовы, у другім спасьцігаў азы клясычных навук. Пасьля гэтага, паводле патрабаваньня бацькі, паступіў у Падуанскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў сьвецкае і касьцельнае права. Сваю юрыдычную адукацыю завяршыў абаронай доктарскай дысэртацыі.
Нягледзячы на моцны супраціў сям’і, ён абраў шлях сьвятарства. 18 сьнежня 1593 году Францішак атрымаў сьвятарскае пасьвячэнне. У тым жа годзе ён заснаваў у Ансі Братэрства Крыжа. Каб трапіць туды, быў вымушаны пераадольваць горы Альпы, вышыня якіх у гэтым месцы дасягала ажно 4000 м.
Падчас сваёй місіянэрскай дзейнасьці выкарыстоўваў не толькі гукавыя, але і візуальныя сродкі ўзьдзеяньня. Праходзячы праз вёскі і мястэчкі, на агароджах і сьценах дамоў расклейваў плякаты, на якіх зьмяшчалася ў скарачэньні тлумачэньне асноўных праўдаў веры[7].
Пад уплывам дзейнасьці Францішка за даволі кароткі час навакольлі Ансі зьмяніліся. Набожнасьць і маральнасьць зноў расьцьвілі ў тых месцах.
У 1598 годзе, на Каляды, Францішак накіраваўся ў Рым, дзе быў прыняты папам Клімэнтам VIII і прызначаны біскупам-каад’ютарам. Пасьля іспыту на дапаможнага біскупа Папа сказаў: «Ніхто з тых, каго мы да гэтага часу экзамэнавалі, не задаволіў нас больш, чым Сальскі».
8 сьнежня 1602 году ў касьцёле Сьвятога Марыцыя ў Туры Францішак атрымаў пасьвячэньне і стаўся біскупам Жэнэвы.
28 сьнежня 1622 году, у дваццаты год свайго біскупскага служэньня, ён памёр у Ліёне.
На духоўнасьці сьвятога Францішка Сальскага грунтуюцца чатыры жаночыя і тры мужчынскія Кангрэгацыі, у тым ліку салезіяне ксяндза Яна Боска.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Францішак Сальскі — гэта не толькі вялікі сьвяты Касьцёлу, але і выдатны пісьменьнік, які зрабіў значны паварот у Каталіцкім Касьцёле, а таксама ў розумах людзей свайго часу. Ён выклаў у сваіх працах усё тое, што ў хрысьціянскай літаратуры самае вытанчанае і духоўнае. Ён пісьменьнік, які, дзякуючы сіле свайго багатага ўяўленьня, здольны апрануць сухія ісьціны веры ў дзіўнае зачараваньне, нават у спрэчных сытуацыях.
Сьвяты Францішак Сальскі выкарыстоўваў не толькі вуснае слова, але і друкаваную прадукцыю для распаўсюджваньня каталіцкага вучэньня з тлумачэньнем каталіцкай веры тым, хто не адважваўся прыйсьці на яго казаньні. Гэты мэтад стаў правобразам каталіцкай журналістыкі, а пазьней — каталіцкага друку.
Напісаў вядомыя кнігі "Шлях да рэлігійнага жыцьця або «Філатэя», «Тэатым, або трактат аб Божай любові» і інш., апроч гэтага каля 1000 лістоў. Яго творы, якія адрозьніваюцца прыгожай мовай і стылем, належаць да клясыкі францускай літаратуры.
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]28 сьнежня 1661 году зьявілася була папы Аляксандра VII, якая аб’яўляла Францішка бласлаўлёным. 19 красавіка 1665 году той жа Папа дэкрэтам уключыў імя бласлаўлёнага Францішка Сальскага ў сьпіс сьвятых.
У 1877 годзе папа Піюс IX абвясьціў яго Доктарам Касьцёлу, а Піюс XI у 1923 годзе — апекуном пісьменьнікаў. Папа Павал VI у лісьце з нагоды 400-годдзя з дня нараджэньня сьвятога Францішка Сальскага назваў яго «Жамчужынай Савоі».
24 студзеня Каталіцкі Касьцёл ўзгадвае сьвятога Францішка Сальскага. Ён абвешчаны апекуном каталіцкай прэсы, пісьменьнікаў і журналістаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ verschiedene Autoren Historische Lexikon der Schweiz, Dictionnaire historique de la Suisse, Dizionario storico della Svizzera (ням.) — Bern: 1998.
- ↑ (нявызначаны загаловак) — Т. 5-1. — С. 338.
- ↑ Saint Francis of Sales // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ↑ Franz von Sales // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ↑ Schäfer J. Franz von Sales // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
- ↑ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typica — Civitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 23.
- ↑ 24 студзеня — упамін св. Францішка Сальскага, заступніка каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі, kascelmery.by
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Шлях да рэлігійнага жыцьця або «Філатэя» Сьвяты Францішак з Саль, пераклад на беларускую мову, на Беларускай палічцы, Гародня, 1995
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сьвяты Францішак Сальскі — заступнік журналістаў і каталіцкай прэсы
- Чаму сьв. Францішак Сальскі зьяўляецца апекуном каталіцкіх журналістаў?, Каталіцкі партал Гарадзенская дыяцэзіі
- Святы Францішак Сальскі: «Святасць не даецца лёгка, бо яна з’яўляецца найбольшым з усіх цудаў веры.», Радыё Марыя.
- Святы Айцец: крытэрый ацэнкі святога Францішка Сальскага — любоў, vaticannews, Ббеларуская служба, 28 сьнежня 2022
- Нарадзіліся 21 жніўня
- Нарадзіліся ў 1567 годзе
- Памерлі 28 сьнежня
- Памерлі ў 1622 годзе
- Нарадзіліся ў дэпартамэнце Верхняя Савоя
- Памерлі ў Ліёне
- Выпускнікі Падуанскага ўнівэрсытэту
- Каталіцкія сьвятыя
- Кананізаваныя ў XVII стагодзьдзі
- Дактары царквы
- Сьвятыя Францыі
- Каталіцкія багасловы
- Заснавальнікі каталіцкіх ордэнаў