Францішак Борджа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак Борджа
па-гішпанску: San Francisco de Borja
3-ці генэрал Ордэну езуітаў
2 ліпеня 1565 — 1 кастрыніка 1572
ПапярэднікДыега Лаінэс
НаступнікЭвэрард Мэркурыян

Дзейнасьцьпалітык, тэоляг, рыма-каталіцкі ксёндз
Сапраўднае імяпа-гішпанску: Francisco de Borja y Aragón
Нарадзіўся28 кастрычніка 1510
Гандыя, Валенсія
Памёр30 верасьня 1572
Рым
БацькаХуан дэ Борджа[d]
МаціХуана дэе Арагон-і-Гурэа[d]
ДзеціCarles Borja[d], Isabel de Borja y Castro[d], Juan de Borja y Castro[d], Álvaro de Borja y Castro[d], Juana de Borja y Castro[d], Fernando de Borja y Castro[d], Dorotea de Borja y Castro[d] і Alfonso de Borja y Castro[d]
Кананізаваны20 чэрвеня 1670 году
Дзень памяці3 кастрычніка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Францішак дэ Борха або Францішак (Франчэска) Борджа (вал. Francesc de Borja; па-гішпанску: San Francisco de Borja; 28 кастрычніка 1510, Гандыя, Валенсія — 30 верасьня 1572, Рым) — каталіцкі сьвяты, трэці генэрал Ордэну езуітаў. Прадстаўнік шляхетнага каталёнскага роду Борджыя (Борха). Кананізаваны 20 чэрвеня 1670 году[1][2]..

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвецкае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 28 кастрычніка 1510 года ў гішпанскай Гандыі ў правінцыі Валенсія. У дванаццацігадовым узросьце яго адправілі ў Тардэсільяс служыць пажом пры Кацярыне, сястры Карла V. У 1525 годзе Францішак выправіўся ў Сарагосу, каб атрымаць адукацыю, а ўжо праз 4 гады ён ажаніўся на прыдворнай даме. У гэтым шлюбе нарадзілася восем дзяцей.

Пасьля сьмерці імпэратрыцы Ізабелы, Францішак быў прызначаны віцэ-каралём у Каталёнію. Ён выконваў абавязкі з вялікім уменьнем і захоўваў абсалютную вернасьць каралю. Аднак пры гэтым Францішак памятаў аб малітве і посьце. У гэтыя гады Борджа пасябраваў з некалькімі дамініканамі і францішканамі. Але найважнейшая ўплыў на яго будучыню аказалі першыя езуіты, якія знаходзіліся праездам у Барсэлоне, асабліва Пётар Фабэр.

Духоўнае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1542 годзе ён атрымаў у спадчыну герцагства свайго бацькі, аднак пасьля сьмерці жонкі адмовіўся ад яго. У траўні 1546 году Борджа зрабіў «Духоўныя практыкаваньні» пад кіраўніцтвам Андрэса дэ Аўеда і даў абяцаньне ўступіць у Таварыства. Ігнацы Ляёля выказаў радасьць з гэтай нагоды, але параіў Францішку перш уладкаваць жыцьцё сваіх дзяцей і абараніць доктарскую ступень.

У жніўні 1550 году Францішак атрымаў ступень доктара тэалёгіі, тым самым выканаўшы адно з пажаданьняў, выказаных Ігнацыем пры прыняцьці яго ў Таварыства. У гэты пэрыяд ён актыўна займаўся творчасьцю. Склаў і апісаў мэтад малітвы на ружанцы, напісаў шэсьць кароткіх трактатаў і напісаў некалькі музычных твораў.

У 1551 годзе Борджа прыняў сьвятарскае пасьвячэньне.

Незвычайнасьць становішча Борджа ў Таварыстве Езуса заключалася ў тым, што ён карыстаўся ўнікальным юрыдычным статусам: залежаў непасрэдна і выключна ад сьв. Ігнацыя. Тым не менш, карыстаўся падараванай яму свабодай вельмі разважліва. Яго галоўным клопатам было заснаваньне новых калегіюмаў і навіцыятаў Таварыства.

У лістападзе 1559 году, ужо пасьля абраньня новага Генэрала ордэну, з-за непрыемнасьцяў з інквізыцыяй, ён аддаліўся ў Партугалію і пасяліўся ў старым бэнэдыктынскім кляштары на беразе ракі Міньё. У 1561 годзе Борджа вярнуўся ў Рым. У 1565 годзе ён быў абраны трэцім Генэральным настаяцелем ордэну езуітаў[2]. На гэтай пасадзе Борджа кіраваў пашырэньнем Таварыства па ўсім сьвеце, якое суправаджалася заснаваньнем новых устаноў і пачаткам новага служэньня ў Эўропе, Азіі і Амэрыцы.

Ён часта называў дзень свайго абраньня на пасаду генэрала езуітаў dies meae crucis (днём свайго ўкрыжаваньня) і ў сваіх малітвах казаў: «Забяры мяне ці адбяры ў мяне маю пасаду, або ж вядзі і кіруй мяне паводле Тваёй волі». У якасьці ўзору для сваёй дзейнасьці ён называў двух сваіх папярэднікаў — сьв. Ігнацыя і айца Лаінэса і прасіў Госпада дараваць яму «дабрыню а. Лаінеса і разважлівасьць і яснасьць бацькі нашага Ігнацыя». Ён прыняў пастанову II Генэральнай Кангрэгацыі, якая абрала яго 31 голасам з 39, за норму сваёй дзейнасьці[2]. Значную ўвагу ў сваёй дзейнасьці ён надаваў арганізацыі правільнай падрыхтоўкі паслушнікаў. Ён дбайна прытрымліваўся духу Ордэну і ў памятным лісьце пералічыў сродкі, якія дазваляюць захаваць яго. Уладай Генэральнай Кангрэгацыі ён рэгуляваў колькасьць часу, адведзенага на малітву, але такім чынам, што яго можна было адаптаваць да патрэб кожнай асобнай правінцыі. Ён вывучаў «Канстытуцыі» і камэнтаваў іх, склаў правілы для розных пасад і апублікаваў іх у 1567 годзе. Ён падрыхтаваў папярэдняе выданьне Ratio Studiorum. За межамі Эўропы менавіта ён стаў заснавальнікам місіі ў Лацінскай Амэрыцы, і ў яго бытнасьць генэралам першыя езуіты былі накіраваны ў Флоярыду. Калі пасьля мноства балючых выпрабаваньняў гэтую місію давялося прыпыніць, ён пераключыў сваю ўвагу на Мэксіку, і першая езуіцкая экспэдыцыя накіравалася ў краіну ў 1571 годзе[2]. Больш за тры місій было адпраўлена ў Пэру за час яго знаходжаньня на пасадзе генэральнага настаяцеля.

У 1572 годзе ён цяжка захварэў. Брат Маркас, які даглядаў Борджа, спытаўся ў яго, ці не жадае ён чаго. Той адказаў, што жадае толькі аднаго — Езуса. Напэўна, гэта былі яго апошнія словы. Ён памёр у поўнач паміж 30 верасьня і 1 кастрычніка.

Кананізаваны 20 чэрвеня 1670 году. Памяць аб ім у літургічным календары прыпадае на 3 кастрычніка. Гісторыкі пішуць аб ім як аб адным з найбольш пасьпяховых генэралаў ордэну езуітаў пасьля сьв. Ігнацыя Лаёлы. Яго мошчы былі перавезены ў 1901 годзе ў мадрыдзкую царкву езуітаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Patron Saint | St. Francis Borgia Catholic Church. www.saintfrancisborgia.org. Праверана 2017-02-18 г. Архіўная копія ад 2017-01-15 г.
  2. ^ а б в г CATHOLIC ENCYCLOPEDIA: Francis Borgia. www.newadvent.org. Праверана 2017-02-18 г. Архіўная копія ад 2000-04-11 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]