Калёна Сьвятога Сымпліцыяна (Фашчаўка)
| Мэмарыяльная калёна | |
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна | |
| Краіна | Беларусь |
| Вёска | Фашчаўка |
| Каардынаты | 54°09′06″ пн. ш. 30°29′18″ з. д.HGЯO |
| Канфэсія | каталіцтва |
| Ордэнская прыналежнасьць | ордэн езуітаў |
| Першае згадваньне | XVIII ст. |
| Дата заснаваньня | 1812 г.(?) |
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна на мапе Беларусі Калёна Сьвятога Сымпліцыяна | |
Калёна Сьвято́га Сымпліцыя́на — помнік у вёсцы Фашчаўцы Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. У мясцовым фальклёры мае назвы «фашчаўскі ёлуп»[1], «фашчаўскі ёлупень».
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дакладнае прызначэньне мэмарыялу невядомае. Існуюць як мінімум дзьве вэрсіі. Паводле адной зь іх лічыцца, што помнік узьвялі каталіцкія манахі на месцы пахаваньня частак Сьвятога Крыжа Гасподня і мошчаў Сьвятога пакутніка Сымпліцыяна. Сьвятыні спачатку захоўваліся ў касьцёле, але пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў, калі расейскія ўлады пачалі перасьлед каталікоў, то вернікі перанесьлі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калёну, а наверсе ўсталявалі скульптуру Сьв. Сымпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы[2].
Паводле іншай вэрсіі, у гады праўленьня польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка аддзел езуіцкага ордэну на чале з рыцарам Сымпліцыянам, каб зьвярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік аддзелу загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанаваньня і была ўзьведзена высокая калёна, зьверху якой — драўляны воін[1].
Беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі» ўзгадаў пра фашчаўскую калёну: «У вёсцы Фашчаўка пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калёне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: сьвяты ці нейкі дзяржаўны дзяяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова «ёлуп хвашчоўскі» для вызначэньня чагосьці дурнога і бескарыснага». Варта адзначыць, што дадзены эпізод сустракаецца толькі ў расейскамоўнай вэрсіі твору[1].
Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, драўляная скульптура Сьвятога Сымпліцыяна, што пастаўлена наверсе калёны, знаходзілася на штыры, які паварочваўся ў той бок, адкуль ішла вайна. Аднак у цяперашні час скульптура згніла, і постаць сьвятога больш у ёй не распазнаецца. Для аднаўленьня помніку ў мясцовай каталіцкай супольнасьці няма сродкаў[3].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Чатырохгранная калёна вышынёй 10-15 м складзена з чырвонай цэглы. У аснове — квадрат, далей цыліндрычнай формы, калёна завужаная да гары, наверсе — драўляная скульптура.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнік дакладаў і тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск, 2016. С. 578—583.
Вонкавыя спысылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Калёна Сьвятога Сымпліцыяна , Radzima.org
- Аляксандар Грудзіна. Фашчаўка. Помнік Страчаныя святыні. Выпуск 3. «Радыё Марыя».