Перайсьці да зьместу

Фаліцкі Мох (заказьнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Фаліцкі Мох»
Плошча 3176,41 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 53° пн. ш. 28° у. д. / 53° пн. ш. 28° у. д. / 53; 28Каардынаты: 53° пн. ш. 28° у. д. / 53° пн. ш. 28° у. д. / 53; 28
Месцазнаходжаньне Старадароскі раён
Утварэньне 16 жніўня 1979 (45 гадоў таму)
«Фаліцкі Мох» на мапе Беларусі
«Фаліцкі Мох»
«Фаліцкі Мох»
«Фаліцкі Мох»

«Фаліцкі Мох» — рэспубліканскі заказьнік Беларусі, абвешчаны ў жніўні 1979 году на поўначы Старадароскага раёну Менскай вобласьці.

Быў заснаваны для захаваньня прыродных журавіньнікаў. Першапачаткова меў плошчу 17 кв.км. Месьціўся на вярхова-пераходным балоце Фаліцкі Мох. Улучаў ўрочышча Ўліца і вадазбор ракі Солан. Знаходзіўся на плоскахвалістай азёрна-балотнай нізіне з астанцамі водна-ледавіковай раўніны. Пераважалі тарфяна-балотныя глебы з глыбынёй торфу ў сярэднім 1,7 мэтры і да 5,5 мэтраў, а таксама дзярнова-падзолістыя пясчаныя глебы. Расьліннасьць была ў асноўным хваёва-мховай і хмызьнякова-мховай[1]. 1 лютага 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 59, якой павялічыў плошчу заказьніка 3176,41 га за кошт земляў «Старадароскай досьледнай лясной гаспадаркі». Сам заказьнік перадалі ў кіраваньне Старадароскаму раённаму выканаўчаму камітэту. На яго землях забаранілі высечку галоўнага карыстаньня і паляваньне з 1 сакавіка па 14 траўня, нарыхтоўку дзікарослых расьлінаў і соку індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі[2]. Сярод іншага, у заказьніку расьлі дубы-веліканы[3].

16 жніўня 1979 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 252 «Аб стварэньні дзяржаўных заказьнікаў на тарфяных радовішчах і азёрах рэспублікі», лік якіх склаў 26. Паводле Пастановы, утварылі 19 заказьнікаў-журавіньнікаў, сярод якіх быў «Фаліцкі Мох» у Старадароскім раёне Менскай вобласьці. Яго разьмясьцілі на 17 кв.км у Каваліцкім (Новадароскі сельсавет) і Старадароскім лясьніцтвах «Старадароскай лясной гаспадаркі». На землях такіх заказьнікаў рэспубліканскай значнасьці забаранілі водную мэліярацыю і распрацоўку тарфяных пакладаў, скід сьцёкавых водаў і побытавых адкідаў. Ахову заказьнікаў-журавіньнікаў усклалі на Міністэрства лясной гаспадаркі БССР[4].

27 сьнежня 2007 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1833 «Аб рэспубліканскіх заказьніках», якой абвясьцілі 37 заказьнікаў. Паводле гэтай Пастановы, сярод абвешчаных заказьнікаў было 20 біялягічных, у адзін зь якіх пераўтварылі «Фаліцкі Мох». Ягоную плошчу павялічылі да 1947,21 гектару, зь іх 1365,21 га (70 %) разьмясьцілі ў Старадароскім лясьніцтве і 582 га — у Фаліцкім. Заказьнік перадалі пад кіраваньне Старадароскага раённага выканаўчага камітэту. Яго прызначэньнем стала захаваньне леса-балотных экасыстэмаў і месцаў росту балотных журавінаў, а таксама рэдкіх відаў дзікіх жывёлаў і дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[5].

1 лютага 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 59 «Аб пераўтварэньні рэспубліканскага заказьніка «Фаліцкі Мох», плошчу якога павялічылі да 3176,41 га. Пры гэтым, 2154,13 га (68 %) прыпала на Старадароскае лясьніцтва і 1022,28 га — на Фаліцкае[6].

  1. ^ П.І. Лабанок. Фаліцкі Мох // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 308. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
  2. ^ БелТА. Плошча заказьніка «Фаліцкі Мох» у Старадароскім раёне зьмененая // Менскі абласны выканаўчы камітэт, 10 лютага 2020 г. Праверана 13 ліпеня 2022 г.
  3. ^ Мінпрыроды ў Год гістарычнай памяці запрашае ўзяць удзел у закладцы паркаў і алей // Газэта «Зьвязда», 15 сакавіка 2022 г. Праверана 13 ліпеня 2022 г.
  4. ^ Аляксандар Аксёнаў. Пастанова Савету міністраў Беларускай ССР ад 16 жніўня 1979 г. № 252 «Аб стварэньні дзяржаўных заказьнікаў на тарфяных радовішчах і азёрах рэспублікі» (рас.) // Валеры Леванеўскі, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 13 ліпеня 2022 г.
  5. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 сьнежня 2007 г. № 1833 «Аб рэспубліканскіх заказьніках» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 23 студзеня 2008 г. Праверана 13 ліпеня 2022 г.
  6. ^ Сяргей Румас. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2020 г. № 59 «Аб пераўтварэньні рэспубліканскага заказьніка «Фаліцкі Мох» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 4 лютага 2020 г. Праверана 13 ліпеня 2022 г.