Перайсьці да зьместу

Усевалад Більдзюкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Більдзюкевіч
Дата нараджэньня 9 красавіка 1879(1879-04-09)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1940
Занятак грамадзкі дзяяч, публіцыст, журналіст

Усе́валад Більдзюке́віч (9 красавіка 1879, Менск — 1962[1]) — беларускі праваслаўны сьвецкі і грамадзкі дзеяч, публіцыст, журналіст, рэдактар. Удзельнік беларускага хрысьціянскага руху ў Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся 9 красавіка 1879 году ў Менску ў сям’і праваслаўных беларусаў Віктара і Аляксандры (у дзявоцтве Башынскай) Більдзюкевічаў[2].

Да Першай сусьветнай вайны працаваў чыноўнікам на чыгунцы. Паводле справаздач польскай палітычнай паліцыі (1924), у даваенны час ён меў рэпутацыю карумпаванага чыгуначнага службоўцы і прытрымліваўся поглядаў правага расейскага нацыяналіста[3]. З 1918 году ўваходзіў у склад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі[1].

У студзені 1919 году пераехаў у Вільню, дзе пачаў працаваць у сфэры паставак прадуктаў для войска. У гэты ж час усталяваў кантакты зь беларускімі дзеячамі і далучыўся да Беларускага клюбу, дзе быў абраны старшынёй. Аднак неўзабаве Більдзюкевіч быў вымушаны пакінуць клуб з-за скандалу, зьвязанага з арганізацыяй сфальсіфікаванай латарэі. Паводле даных паліцыі на 1924 год, пасьля гэтага інцыдэнту ён доўгі час не далучаўся да іншых палітычных партый[3].

Пазьней далучыўся да палянафільскай плыні беларускага руху. Быў чальцом палянафільскай Часовай беларускай рады і культурна-асьветніцкага таварыства «Прасьвета»[4].

Царкоўна-грамадзкая і публіцыстычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Актыўна ўдзельнічаў у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцьці, выступаючы за беларусізацыю царкоўнага жыцьця і падтрымліваючы ідэю аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з архімандрытам Філіпам (Марозавым) і кантактаваў зь беларускай палітычнай групоўкай Антона Луцкевіча[1].

На пачатку 1930-х гадоў у Вільні разам з Т. Вернікоўскім і сьвятаром А. Каўшом ініцыяваў стварэньне Цэнтральнага беларускага праваслаўнага камітэту па беларусізацыі царквы. Устаноўчая канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый прайшла ў студзені 1930 году[1][4].

Выступаў на старонках беларускіх сьвецкіх і рэлігійных пэрыядычных выданьняў з артыкуламі, прысьвечанымі праблемам праваслаўнай царквы ў Польшчы. Друкаваўся ў газэце «Biełaruskaja Krynica». Быў рэдактарам часопіса «Сьветач Беларусі» у 1931 і 1933 гадах[1][4]. Свае публікацыі падпісваў як уласным прозьвішчам (і ініцыяламі У. Б.), так і псэўданімамі (Тутэйшы, Местный). Сярод яго вядомых артыкулаў у «Сьветачы Беларусі» — «Беларусізацыя Праваслаўнае Царквы і расейцы», «Прадсаборчае сабраньне», «Справа ўнійная», «Неразважны крок», «Плата за чужыя грахі» і іншыя[4].

Дакладны лёс пасьля 1940 года невядомы. На могілках Росы ў Вільні ў сакавіку 2026 году была знойдзена яго магіла, дзе пазначана дата сьмерці — 1962 год[1].

  1. 1 2 3 4 5 6 Год сьмерці пазначаны на помніку каля знойдзенай магілы ў сакавіку 2026
  2. Більдзюкевіч Усевалад // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Нац.навук.-асвет.цэнтр імя Ф.Скарыны; Навук.-рэд.савет: Конан У.і інш.. — Менск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — 720 с — ISBN 985-6318-65-3.
  3. 1 2 Gierowska-Kałłaur J. The biographies of leading Belarusian activists in the light of information gathered by the Polish Governmental Commissioner for the City of Vilnius in 1924. — 2016. — Т. LI-SI (2). — С. 31—71. — ISSN 2353-6403.
  4. 1 2 3 4 Горны А. С. Беларускія праваслаўныя часопісы ў міжваеннай Польшчы: роспіс зместу. — 2015. — № 2. — С. 29—56.