Урыэль Вайнрайх

Урыэль Вайнрайх (Uriel Weinreich; ідыш: אוריאל ווײַנרײַך ; траўня 23 дня 1926 г., Вільня — 30 сакавіка 1967 г., Бронкс, Нью Ёрк) — амэрыканскі лінгвіст, лексыколяг і асьветнік, адзін з стваральнікаў сучасных падыходаў у соцыялінгвістыцы і ў пытаньнях узаемадзеяньня моваў, дасьледчык у галіне структурнай лінгвістыкі і сэмантыкі. Стваральнік акадэмічнай сістэмы дасьледваньня і выкладаньня мовы ідыш у англамоўным асяроддзі. Аўтар Сучаснага англа-ідыш і ідыш-ангельскага слоўніка, стваральнік канцэпцыі працягваючага выходзіць Моўнага і культурніцкага атласу ашкенаскага гэбрайства. Навуковец і аўтарытэтная асоба, што паўплывала на стварэньне цэлага пакаленьня новых дасьледнікаў у галіне мовы і культуры ідыш.[1]
Творчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Выгадаваўшыся ў сям’і выбітнага лінгвіста й актыўнага ідышыста Макса Вайнрайха, Урыэль Вайнрайх пасьпяхова спалучаў ідыш-мовазнаўства з агульнай лінгвістыкай. Гэтае спалучэньне аказалася плённым, бо ідыш мае свае адмысловыя, у параўнаньні да іншых моваў, асаблівасьці. Як мова дыяспары яна не мела свайго фіксаванага кампактнага абшару, і ў сувязі з гэтым пытаньне прасторы як чыньніка ўзаемадзеяньня моваў стала стрыжнем досьледаў Урыэля Вайнрайха, інструмантам аналізу таго, як мовы узаемадзейнічаюць, мяняюцца, уплываюць адна на адну.[2]
Дадаўшы ў досьледы часавае вымярэньне, Урыэль Вайнрайх плённа вывучаў трансфармацыю моваў, і ягоныя досьледы ўжо пасьля сьмерці былі выдадзеныя ў зборніку "Тэарэтычныя асновы зьмяненьня мовы". Вайнрайх таксама займаўся параўнальным вывучэньнем котэрытарыльных (суабшарных) і донарскіх моваў, і прыкладам гэтаму стаў фундамэнтальны артыкул "Геаграфічны лад беларускага ідыш", дзе паралельна разгледваюцца мовы ідыш і беларуская. Вайнрайх імкнуўся рымірыць погляды структуралістаў і традыцыйных дыялектолягаў у артыкуле "Ці магчымая структурная дыялекталёгія?" Іншымі сфэрамі ягоных навуковых зацікаўленьняў былі фальклярыстыка, моўнае плянаваньне і фаналёгія. Урыэль быў дзейным сябрам створанага і ўзначаленага Максам Вайнрайхам Інстытуту Гэбрайскіх досьледаў ІВО.
Урыэль Вайнрайх, сьведка і ўдзельнік Другой сусьветнай вайны, высока цаніў мажлівасьць свабоднага выяўленьня думак ва ўмовах амэрыканскай дэмакратыі, і ўважліва адсочваў праявы таталітарызму ў моўнай і культурніцкай палітыцы Савецкага саюзу і ягоных сатэлітаў, друкаваўся ў антыкамуністычным часапісе "Праблемы камунізму."[3]
Спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Isaac L. Bleaman. Uriel Weinreich: Contact Linguist, Historical Linguist, and Yiddishist Par Excellence in: Journal of Jewish Languages Volume 5 Issue 2 (2017)
- ↑ Віталь Зайка. Урыэль Вайнрайх (1926-1967) [біяграфічная зацемка]. ФОРУМ (часапіс), Менск, Лета 1996, №4. Ст. 22-23.
- ↑ Marvin Herzog. Bibliography of Uriel Weinreich. In: Language, Volume 43, No. 2, 1967. pp. 607-610.