Управа вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі
Каардынаты: 53°54′15″ пн. ш. 27°33′34″ у. д. / 53.90417° пн. ш. 27.55944° у. д.
Управа вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі | |
![]() Эмблема | |
Скарот | УВКВ КДБ Беларусі |
---|---|
Позва | Абавязак, гонар, Айчына |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1992 |
Від | абаронны |
Праўны стан | выканаўчы орган |
Задача | супрацьдзеяньне выведцы замежных дзяржаваў |
Сядзіба | Цэнтральны раён, мікрараён Высокі Рынак, Інтэрнацыянальная вуліца, дом 29 |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў месцах | Беларусь |
Службовыя мовы | беларуская, расейская |
Начальнік | Канстанцін Кучынскі |
Управа | Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь[1] |
Галоўная ўправа | Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі |
Управа вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі — управа Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, заснаваная ў студзені 1992 году.
Паводле 9-га артыкула Закону 2012 году «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», задачамі супрацьвыведкі былі: здабыцьцё зьвестак аб і супрацьдзеяньне выведцы адмысловых службаў замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных установаў, а таксама асобаў, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі[2]. Згодна з 12-м артыкулам Палажэньня «Аб Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» 2013 году старшыня КДБ Беларусі ўносіў прэзыдэнту Беларусі прапанову аб прызначэньні і зьняцьці начальніка ўправы вайсковай контарвыведкі[3].
Падставы дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна зь 9-м артыкулам Закону 2012 году «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» падставамі для супрацьвыведкі былі:
- патрэба атрыманьня зьвестак пра падзеі і дзеяньні, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі;
- наяўнасьць дадзеных аб прыкметах выведкі адмысловых службаў замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных установаў, а таксама асобаў, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі
- патрэба забесьпячэньня аховы дзяржаўных таямніцаў;
- патрэба забесьпячэньня весткавай бясьпекі, бясьпекі фінансава-крэдытнага ладу, абаронных пабудоваў, энэргетыкі, транспарту і сувязі, жыцьцезабесьпячэньня буйных гарадоў і прамысловых асяродкаў, а таксама пераважных навуковых распрацовак;
- патрэба вывучэньня асобы (праверкі) грамадзянаў, якія аказваюць садзеяньне органам дзяржаўнай бясьпекі на таемнай падставе;
- забесьпячэньне належных умоваў для дзейнасьці органаў дзяржаўнай бясьпекі і іх супрацоўнікаў;
- запыты адмысловых службаў, органаў бясьпекі і праваахоўных органаў замежных дзяржаваў, міжнародных установаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Беларусі[2].
Забесьпячэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 36-м артыкуле Закону 2012 году «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», прадугледжвалася, што фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне падразьдзяленьняў управы вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі ажыцьцяўлялі Міністэрства абароны Беларусі і Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, камандаваньне войскаў і вайсковых фармаваньняў, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Забесьпячэньне ўлучала сродкі перавозак, паліўна-змазачныя матэрыялы, сродкі сувязі, зброю, боепрыпасы і ахову, а таксама заробкі, харчаваньне, рэчавую маёмасьць і лекаваньне вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу падразьдзяленьняў, як і маёмасьць харчовай службы. Пры гэтым забесьпячэньне ажыцьцяўлялася за кошт сродкаў у рэспубліканскім бюджэце, якія Міністэрства фінансаў Беларусі вылучала на гэтыя мэты[2].
Падрязьдзяленьні ўправы вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі забясьпечвалі службовымі памяшканьнямі за кошт фонду памяшканьняў у кіраваньні Міністэрства абароны і Дзяржаўнага памежнага камітэту, камандаваньня войскаў і вайсковых фармаваньняў. Таксама дадзеныя ведамствы і камандаваньні забясьпечвалі вайскоўцаў управы вайсковай контарвыведкі КДБ, якія стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, жылымі памяшканьнямі дзяржаўнага жыльлёвага фонду. Такія памяшканьні вылучалі ўправе вайсковай контарвыведкі (УВКВ) КДБ для наданьня вайскоўцаў на час выкананьня абавязкаў у падразьдзяленьнях адпаведных ведамстваў і камандаваньняў. Гэтыя самыя ведамствы і камандаваньні забясьпечвалі вайскоўцаў УВКВ жытлом шляхам будаўніцтва ў складзе ўстановаў забудоўнікаў або долевага будаўніцтва[2].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- наладжаньне выкананьня падпарадкаванымі ўстановамі выкананьня заканадаўства аб забесьпячэньні дзяржаўнай бясьпекі;
- папярэджаньне, выяўленьне ды апавяшчэньне прэзыдэнта аб пагрозах дзяржаўнай бясьпецы;
- удзел у ахове масавых грамадзкіх мерапрыемстваў;
- ахова замежных установаў дзяржавы, іх супрацоўнікаў зь сем’ямі, а таксама пасланых за мяжу грамадзянаў, якія маюць допуск да дзяржаўных таямніцаў, ды іх сем’яў;
- удзел у падрыхтоўцы заканадаўчых прапановаў;
- выведка;
- супрацьвыведка, у тым ліку ва ўзброеных сілах ды іншых войсках, Памежным камітэце, Міністэрстве ўнутраных справаў, Камітэце дзяржаўнага кантролю, Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях, на мытні ды ў Міністэрстве па падатках і зборах;
- супрацьдзеяньне экстрэмізму ды змаганьне супраць арганізаванай злачыннасьці, хабарніцтва, кантрабанды, незаконнага перасяленьня ды абароту наркотыкаў, псыхатропных рэчываў, зброі ды ядзерных матэрыялаў;
- ахова абаронных прадпрыемстваў, шляхоў зносінаў ды сувязі;
- вышук, дазнаньне ды папярэдняе сьледзтва;
- стварэньне сродкаў вышуку ў сетках сувязі;
- папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўнай дзейнасьці;
- утрыманьне ў сьледчым ізалятары арыштаваных, затрыманых ды асуджаных асобаў;
- крыміналістычнае забесьпячэньне вышуку ды крымінальна-працэсуальных дзеяньняў, што праводзяцца падпарадкаванымі ўстановамі;
- захоўваньне, улік ды вызначэньне парадку выкарыстаньня матэрыялаў дзейнасьці падпарадкаваных установаў;
- нагляд за ды вынясеньне загадаў аб абароне дзяржаўных таямніцаў, а таксама выдача ўстановам дазволаў на дзейнасьць з выкарыстаньнем дзяржаўных таямніцаў;
- абарона дзяржаўных таямніцаў;
- забесьпячэньне ўрадавай сувязьзю прэзыдэнта, прэм’ер-міністра ды старшыняў палатаў Нацыянальнага сходу;
- забесьпячэньне тайнапіснай ды інжынэрна-тэхнічнай бясьпекі шыфраванай сувязі ў дзяржаве ды яе замежных установах;
- парадкаваньне паслугаў шыфраваньня зьвестак;
- ліцэнзаваньне тайнапісу;
- улік частотных прысваеньняў ды ўласьцівасьцяў сыгналаў выпраменьвальных радыёэлектронных сродкаў, а таксама выяўленьне супрацьпраўных радыёперадачаў;
- падтрыманьне баегатоўнасьці падначаленых установаў ды наладжаньне забесьпячэньня імі парадкаў надзвычайнага й ваеннага становішчаў;
- стварэньне запасу супрацоўнікаў зь ліку ваеннаабавязаных, іх улік ды найм у ваенны час;
- выраб ды выкарыстаньне дакумэнтаў іншых установаў для ўтойваньня асобаў супрацоўнікаў, прыналежнасьці падначаленых установаў, іх памяшканьняў, транспартных сродкаў, апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ды спрыяльных ім асобаў, а таксама атрыманьне блянкаў дакумэнтаў, службовых пасьведчаньняў установаў ды ўзораў іх запаўненьня;
- ахова бясьпекі супрацоўнікаў ды іх сем’яў;
- ахова ўласнай бясьпекі;
- удзел у забесьпячэньні абароны ахованых асобаў ды месцаў;
- удзел у вызначэньні парадку знаходжаньня ў дзяржаве іншаземцаў, наданьня ім прытулку ды абароны;
- даведкавае забесьпячэньне дзейнасьці падначаленых установаў;
- распрацоўка, выраб ды пачынка шыфравальных сродкаў;
- ухваленьне ды нагляд за выкананьнем ведамасных пастановаў;
- узаемадзеяньне зь іншымі дзяржаўнымі ўстановамі;
- заключэньне міжнародных дамоваў з адпаведнымі службамі іншых дзяржаваў ды міжнароднымі арганізацыямі;
- накіраваньне прадстаўнікоў КДБ у іншыя дзяржавы па ўзгадненьні зь іх адпаведнымі службамі;
- выкананьне пастановаў прэзыдэнта аб стварэньні, пераўтварэньні ды касаваньні падначаленых КДБ установаў;
- падрыхтоўка, перападрыхтоўка ды павышэньне кваліфікацыі супрацоўнікаў у навучальных установах;
- падрыхтоўка паводле дамоваў чыноўнікаў іншых дзяржаваў;
- закуп ды прыём узбраеньняў ды абсталяваньня для падпарадкаваных установаў, а таксама будаўніцтва ды перабудова будынкаў для іх;
- выдаткоўваньне на падпарадкаваныя ўстановы ды агляд выкарыстаньня вылучаных ім сродкаў;
- пэнсійнае забесьпячэньне звольненых супрацоўнікаў[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 студзеня 1992 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1413-XII «Аб Часовым палажэньні аб Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Паводле 3-га артыкула Пастановы, Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета даручалася вызначыць парадак утварэньня будовы і штатнай колькасьці апарату КДБ Беларусі і падначаленых яму органаў у межах вылучаных асігнаваньняў[5]. У выніку ў 1992 годзе на аснове Асобага аддзелу КДБ па Беларускай вайсковай акрузе стварылі ўправу вайсковай контарвыведкі (УВКВ) КДБ Беларусі на падставе Пастановы Вярхоўнага Савета[6].
3 сьнежня 1997 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон № 102-З «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». У 2-м артыкуле Закону згадвалася, што ў падпарадкаваньні КДБ знаходзілася ўправа вайсковай контарвыведкі (УВКВ). У 9-м артыкуле першым з 4-х асноўных кірункаў дзейнасьці КДБ называлася контарвыведка. Згодна зь 15-м артыкулам КДБ Беларусі абавязваўся ажыцьцяўляць контарвыведку ва Ўзброеных сілах Беларусі, памежных войсках Беларусі, унутраных войсках і іншых органах МУС Беларусі, падразьдзяленьнях Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі, Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі, мытных органах Беларусі і Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі. Паводле 25-га артыкула, забесьпячэньне падразьдзяленьняў управы вайсковай контарвыведкі КДБ Беларусі транспартнымі сродкамі, паліўна-змазачнымі матэрыяламі, сродкамі сувязі, зброяй, аховай, службовымі памяшканьнямі, а таксама супрацоўнікаў гэтых падразьдзяленьняў заробкам, рэчавай маёмасьцю, службовымі жылымі памяшканьнямі і лекаваньнем ажыцьцяўлялі Міністэрства абароны Беларусі, Дзяржаўны камітэт памежных войскаў Беларусі, Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі[7].
25 жніўня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 459, якім зацьвердзіў сьцяг Управы вайсковай контарвыведкі (УВКВ) КДБ Беларусі. Сьцяг меў выгляд чырвонага прастакутнага палотнішча зь беларускім узорам у дрэўкавай частцы. На правым баку пасярод месьціўся дзяржаўны герб, абрамлены справа кветкамі канюшыны, зьлева — кветкамі льну. Пад гербам знаходзіўся надпіс на беларускай мове «Упраўленне ваеннай контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь». На адваротным баку сьцяга пасярод была эмблема КДБ Беларусі, а ўнізе надпіс па-беларуску «Доўг, гонар, Айчына». 1 ліпеня 2008 году гэты сьцяг унесьлі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі за № А-109[8].
12 сьнежня 2005 году старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка падпісаў Загад № 172, якім ухваліў нагрудны знак «Управа вайсковай контарвыведкі». Знак меў выгляд шматпрамянёвай зоркі з мэталу серабрыстага адценьня. Пасярод зоркі месьцілася залацістая авальная накладка, у сярэдзіне якой на сінім эмалевым тле знаходзілася эмблема КДБ Беларусі. Вакол эмблемы разьмяшчаўся надпіс па-беларуску «Упраўленне ваеннай контрразведкі», а ўнізе — 5-канцовая зорка, залітая чырвонай эмальлю. 30 жніўня 2006 году нагрудны знак залічылі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі за № А-88[8].
10 сьнежня 2014 году старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык падпісаў Загад № 276, якім зацьвердзіў эмблему Ўправы вайсковай контарвыведкі. Эмблема мела выгляд шматпрамянёвай зоркі з мэталу серабрыстага адценьня, паверх якой месьцілася валошкавая авальная накладка з залацістай аблямоўкай, пасярод якой знаходзілася эмблема КДБ Беларусі. Вакол эмблемы КДБ быў надпіс па-беларуску жоўтага адценьня «Упраўленне ваеннай контрразведкі», а пад ёй — 5-канцовая чырвоная зорка. 6 студзеня 2015 году эмблему УВКВ унесьлі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі за № В-1083[8].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Валеры Кез (19 чэрвеня 1992 — 22 лютага 1994), генэрал-маёр і намесьнік старшыні КДБ Беларусі
- Ігар Кузьняцоў (14 чэрвеня 2002 — 20 студзеня 2005), генэрал-маёр
- Аляксей Захараў (20 сьнежня 2008 — 16 кастрычніка 2012), генэрал-маёр[9]
- Аляксандар Назаранка (кастрычнік 2012 — 31 ліпеня 2017 году), генэрал-маёр[10]
- Канстанцін Кучынскі (ад 31 ліпеня 2017 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://gs.archives.gov.by/?page_id=12664&lang=be (белар.) — 2025.
- ^ а б в г А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2012 г. № 390-З «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 6 студзеня 2024 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2013 г. № 325 «Аб некаторых пытаньнях Камітэту дзяржаўнай бясьпекі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 9 лістапада 2023 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лістапада 2004 г. №556 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 25 жніўня 2010 г.
- ^ Станіслаў Шушкевіч. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1992 г. № 1413-XII «Аб Часовым палажэньні аб Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Прававая бібліятэка Валерыя Леванеўскага, лістапад 2011 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ Упраўленне ваеннай контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь
- ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 сьнежня 1997 г. № 102-З «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Прававая бібліятэка Валерыя Леванеўскага, лістапад 2007 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ а б в Управа вайсковай контарвыведкі КДБ // Афіцыйныя геральдычныя сымбалі Рэспублікі Беларусь, 2025 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ Пад дыпляматычным прыкрыцьцём. Хто курыраваў у Беларусі затрыманага японскага агента // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 верасьня 2024 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.
- ^ Канстанцін Кучынскі прызначаны начальнікам упраўленьня ваеннай контарразьведкі КДБ // Прэзыдэнт Беларусі, 31 ліпеня 2017 г. Праверана 1 чэрвеня 2025 г.