Унівэрсальны пэрыядычны агляд
Унівэрса́льны пэрыяды́чны агля́д (УПА) — праверка захаваньня правоў чалавека ў кожнай дзяржаве-ўдзельніцы ААН, якую Рада па правах чалавека ААН (РПЧ) пачала ў красавіку 2008 году.
На 2020 год ажыцьцяўлялася Працоўнай групай УПА ў складзе 47 сябраў РПЧ ААН. Справаздаўцамі па кожнай краіне выступала тройка дзяржаваў, якую выбіралі лёсаваньнем пасьля абраньня ў РПЧ. Агляд грунтаваўся на: 1) справаздачы разгляданай дзяржавы; 2) справаздачы ўстановы ААН; 3) справаздачы мясцовай няўрадавай арганізацыі. На 1-й ступені агляд у Працоўнай групе займаў 3 гадзіны зь дзяржавамі-ўдзельніцамі ААН. Іх прадстаўнікі падавалі пытаньні, камэнтары і парады разгляданай дзяржаве. Другую ступеню УПА павялічылі да 3-х з паловай гадзінаў. УПА ўлічвала: 1) Статут ААН, 2) Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека, 3) ратыфікаваныя дзяржавай дамовы аб правах чалавека; 4) дзяржаўную праграму па правах чалавека; 5) права вайны. З дапамогай Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН складалася выніковая справаздача, якая ўлучала адказы разгледжанай дзяржавы. Выніковая справаздача зацьвярджалася Працоўнай групай УПА праз 48 гадзінаў пасьля паседжаньня. Парады могуць як прымацца, гэтак і занатоўвацца разгледжанай дзяржавай у водгуку. У наступныя 2 тыдні дзяржавы зацьвярджаюць праўкі ў справаздачу. Затым РПЧ зацьвярджае справаздачу на паседжаньні. На 2-й ступені УПА дзяржава паведамляе пра выкананьне парадаў[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 сакавіка 2006 году Генэральная асамблея ААН зацьвердзіла Рашэньне № 60/251, паводле якога пераўтварыла Камісію па правах чалавека ў Раду па правах чалавека (РПЧ). Паводле 5-га пункту Рашэньня, РПЧ абавязалі «праводзіць унівэрсальны пэрыядычны агляд (УПА), заснаваны на аб'ектыўных і надзейных зьвестках аб выкананьні кожнай дзяржавай сваіх абавязкаў па правах чалавека, каб забясьпечыць усебаковасьць ахопу і роўнае абыходжаньне з усімі дзяржавамі»[2]. 18 чэрвеня 2007 году РПЧ ААН зацьвердзіла Рашэньне № 5/1 аб пабудове ўстановы, якое зьмяшчала мэханізм УПА[3]. У Рашэньнях 2011 году № 16/21 і 17/119 прадугледзелі 2-ю і наступныя ступені УПА. Усе 193 дзяржавы-ўдзельніцы ААП прайшлі 1-ю ступеню УПА пры правядзеньні па 48 аглядаў штогод. У траўні 2012 году Працоўная група УПА пачала на сваім 13-м паседжаньні 2-ю ступеню сярод 42 дзяржаваў за год. Працоўная група УПА засядала тройчы на год і стала апрацоўваць на 2-й ступені па 14 УПА за паседжаньне замест 16[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2010 годзе ўрад Беларусі прайшоў 1-ю ступеню УПА, якая ўлучала агляд становішча. У выніку Прадстаўніцтва ААН у Беларусі выказала 93 прапановы дзеля захаваньня правоў чалавека, зь якіх Міністэрства замежных справаў Беларусі прыняло 75. На 2-й ступені УПА пачалося выкананьне ўрадам Беларусі добраахвотна ўзятых на сябе абавязкаў і парадаў. Іх выканеньнем заняліся 13 дзяржаўных органаў Беларусі. Пры гэтым, ва УПА адсутнічалі прапановы наконт правоў дзяцей. Найбольшы лік парадаў тычыўся далучэньня Беларусі да міжнародных праваахоўных дамоваў. Сярод 24 парадаў наконт правоў жанчынаў прагучала заўвага наконт адставаньня заробкаў. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, у сьнежні 2012 году сярэдні заробак жанчынаў быў на 34 % ніжэйшым, чым у мужчынаў. Яшчэ 18 прапановаў тычыліся грамадзка-гаспадарчых пытаньняў, 10 заўвагаў закраналі сьмяротнае пакараньне, 15 — катаваньні[4].
4 траўня 2015 году прайшла 2-я ступеня УПА па Беларусі. Да 3 кастрычніка 2019 году няўрадавыя арганізацыі Беларусі падалі пісьмовыя справаздачы да УПА па Беларусі[5]. 2 лістапада 2020 году прызначылі 3-ю ступеню УПА наконт Беларусі[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Асноўныя факты (анг.) // Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, 2020 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
- ^ Рашэньне Генэральнай асамблеі ад 15 сакавіка 2006 г. № 60/251 (анг.) // Сыстэма дакумэнтаваньня ААН, 3 красавіка 2006 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
- ^ Рашэньне Рады па правах чалавека ад 18 чэрвеня 2007 г. № 5/1 (анг.) // Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, 18 чэрвеня 2007 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
- ^ Вольга Мядзьведзева, Надзея Юшкевіч, Юры Царык. Маю права // Зьвязда : газэта. — 10 сьнежня 2013. — № 232 (27597). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Удзел грамадзянскай супольнасьці (3-я ступеня) (анг.) // Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, 2020 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
- ^ Унівэрсальны пэрыядычны агляд Беларусі (анг.) // Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, 2020 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Унівэрсальны пэрыядычны агляд (анг.) // Рада па правах чалавека ААН, 23 кастрычніка 2020 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |