Перайсьці да зьместу

Тэлекам Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 44°48′38″ пн. ш. 20°28′2″ у. д. / 44.81056° пн. ш. 20.46722° у. д. / 44.81056; 20.46722

«Тэлекам Сэрбіі»
сэрб. „Телеком Србија“
Тып акцыйнае таварыства
Заснаваная 23 траўня 1997 (27 гадоў таму)
Заснавальнікі «Паштова-тэлеграфна-тэлефонная сувязь Сэрбіі»
Уласьнікі Урад Сэрбіі (58%)
Краіна Сэрбія
Разьмяшчэньне Бялград
Адрас грамада Стары горад, Такоўская вул., д. 2
Ключавыя фігуры Уладзімер Лучыч (генэральны дырэктар), Джорджэ Маравіч (тэхнічны дырэктар)[1]
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя стацыянарны тэлефон[d]
Паслугі сотавая сувязь, стацыянарная тэлефанія, шыракапалоснае Сеціва, тэлебачаньне
Абарачэньне 163,491 млрд дынараў (1,493 млрд даляраў; 2022 год)
Апэрацыйны прыбытак 14,088 млрд дынараў (128,7 млн $; 2022 год)
Чысты прыбытак 3,466 млрд дынараў (31,7 млн $; 2022 год)
Лік супрацоўнікаў 12 682 (2023 год)[2]
Даччыныя кампаніі «Сэрбскі Тэлекам» (Босьнія і Герцагавіна), «Мтэл» (Чарнагорыя)

«Тэлекам Сэрбіі» — дзяржаўнае прадпрыемства сувязі Сэрбіі, заснаванае ў траўні 1997 году.

На 2025 год налічваў 11 млн карыстальнікаў паслугаў сувязі і меў гадавы даход у 1,3 млрд эўра. Аказваў паслугі ў 6 краінах Эўропы — Аўстрыі, Босьніі і Герцагавіне, Паўночнай Македоніі, Сэрбіі, Чарнагорыі і Швайцарыі[3]. У 2020 годзе стаў найбольшым пастаўніком шыракапалоснага Сеціва з доляй 53 % у Сэрбіі. Меў найбуйнейшую сетку фіксаванай тэлефаніі з доляй 77 % у Сэрбіі. Таксама быў найбольшым пастаўніком сотавай сувязі ў краіне з доляй 37 %. Ад 2012 году належаў ураду Сэрбіі на 58 %. На ўласныя паі прыпадала 20 %. Яшчэ 15 % паёў належала фізычным асобам, а 7 % — былым і дзейным супрацоўнікам прадпрыемства[4]. Выканаўчая рада «Тэлекаму Сэрбіі» складалася зь 7 кіраўнікоў, зь якіх Назіральная рада абірала генэральнага дырэктара[1].

Прадстаўніцтва ў Брусэлі (Бэльгія) выкарыстоўвалі для вядзеньня справаў у краінах Эўразьвязу празь міжнароднае некамэрцыйнае аб'яднаньне «Злучаем Эўропу», у якім бралі ўдзел ад 2019 году. Ад 1998 году «Тэлекам Сэрбіі» быў сябрам Аб'яднаньня глябальнай сыстэмы мабільнай сувязі (АГСМ; Ангельшчына). У 2014 годзе стаў сябрам Інстытуту інжынэраў электратэхнікі і электронікі (ІІЭЭ; ЗША) і Форуму Інтэрнэту рэчаў (ФІР; Швайцарыя)[5]. Холдынг «Тэлекам Сэрбіі» налічваў каля 5000 супрацоўнікаў у 5 замежных краінах[6]. Праз дачыннае прадпрыемства «Арэна Каналы» валодаў выключным правам у 6 краінах на продаж тэлевізійнага паказу гульняў такіх спартовых лігаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі, як Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў, Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя і Нацыянальная футбольная ліга[7].

На 2025 год холдынг «Тэлекам Сэрбіі» ўлучаў 8 пастаўнікоў сувязі ў 7 краінах Эўропы.

  • «Тэлекам Сэрбіі». Налічваў 4 млн абанэнтаў сотавай сувязі, 1 млн абанэнтаў інтэрнэт-тэлебачаньня і 10 314 супрацоўнікаў.
  • «Сэрбскі Тэлекам» (Баня Лука, Босьнія і Герцагавіна; 65 %). Налічваў 1,4 млн абанэнтаў сотавай сувязі, 260 тыс. абанэнтаў інтэрнэт-тэлебачаньня і 2218 супрацоўнікаў.
  • «Мтэл» (Падгорыца, Чарнагорыя; 51 %). Заснаваны ў 2007 годзе. Быў вядучым прадпрыемствам сувязі ў Чарнагорыі. Налічваў 343 тыс. абанэнтаў сотавай сувязі, 101 тыс. абанэнтаў інтэрнэт-тэлебачаньня і 569 супрацоўнікаў.
  • «Мтэл Аўстрыі». Пастаўляў паслугі лічбавага тэлебачаньня, шыракапалоснага Сеціва і сотавай сувязі. Налічваў 41 супрацоўніка.
  • «Мтэл Доэл» (Паўночная Македонія). Атрымаў дазвол на паслугі сувязі ў ліпені 2021 году. Налічваў 1273 абанэнты лічбавага тэлебачаньня і 67 супрацоўнікаў.
  • «Мтэл Швайцарыі» (Жэнэва і Цюрых). Аказваў паслугі лічбавага тэлебачаньня і сотавай сувязі.
  • «Мтэл Нямеччыны». Заснаваны ў 2021 годзе. Аказваў паслугі сувязі пераважна для сэрбскай дыяспары ў Нямеччыне.
  • «Мтэл Глябальны» (59 %). Аказваў паслугі сувязі для сэрбскай дыяспары Амэрыкі, Аўстраліі і рэшты Эўропы[8].

У траўні 1997 году «Паштова-тэлеграфна-тэлефонная сувязь Сэрбіі» заснавала даччынае прадпрыемства «Тэлекам Сэрбіі». У 1998 годзе «Тэлекам Сэрбіі» пачаў аказваць паслугі сотавай сувязі ў якасьці 2-га пастаўніка на рынку Сэрбіі. Адначасна прадпрыемства стала сябрам Аб'яднаньня глябальнай сыстэмы мабільнай сувязі (АГСМ; Ангельшчына). У 2003 годзе «Пошта Сэрбіі» выкупіла долю «Тэлекаму Італіі». У 2006 годзе ўкаранілі сетку сотавай сувязі 3-га пакаленьня і доступ да Сеціва праз асымэтрычную лічбавую абанэнцкую лінію (АЛАЛ)[9].

На пачатку 2007 году «Тэлекам Сэрбіі» набыў 65 % паёў «Сэрбскага Тэлекаму» (Босьнія і Герцагавіна) за 646 млн эўра ва ўраду Сэрбскай Рэспублікі. 9 ліпеня 2007 году даччынае прадпрыемства «Мтэл» стала 3-м сотавым пастаўніком у Чарнагорыі. У 2009 годзе пачалі пастаўляць інтэрнэт-тэлебачаньне. 3 лютага 2010 году набылі астатнія 49 % паёў «Мтэлу» ў «Огаляру» (Нідэрлянды). У 2010 годзе «Пошта Сэрбіі» перадала сваю ўласнасьць на «Тэлекам Сэрбіі» ўраду Сэрбіі[9].

У 2011 годзе паслугі сталі прадаваць наборамі. У студзені 2012 году «Арганізацыя сувязі Грэцыі» прадала сваю долю ў 20 % «Тэлекаму Сэрбіі». У 2012 годзе ўрад Сэрбіі перадаў 22 % паёў былым і дзейным супрацоўнікам прадпрыемства паводле Закону «Аб праве на бясплатныя паі і грашовае пакрыцьцё, атрыманае грамадзянамі ў ходзе прыватызацыі». У 2014 годзе набылі 56 % паёў «Дунайскага банку», які перайменавалі ў «МТС Банк». У 2014 годзе «Тэлекам Сэрбіі» стаў сябрам Інстытуту інжынэраў электратэхнікі і электронікі (ІІЭЭ; ЗША) і Форуму Інтэрнэту рэчаў (ФІР; Швайцарыя). У красавіку 2015 году ўкаранілі сотавую сувязь 4-га пакаленьня[9].

У 2016 годзе фіксаваную тэлефанію пачалі пераводзіць на валаконна-аптычную сувязь[9]. У 2017 годзе заснавалі даччынае прадпрыемства «МТС» для ўзьвядзеньня і абслугоўваньня цэнтраў апрацоўкі дадзеных[10]. У 2020 годзе прадпрыемствы кабэльнага тэлебачаньня Сэрбіі аб'ядналі шляхам паглынаньня ў папярэднія гады ў даччынае прадпрыемства «Мая Супэрнова». У 2021 годзе пачалі прапаноўваць спадарожнікавае тэлебачаньне ў Паўночнай Македоніі[9].

У 2021 годзе заснавалі першы ў Сэрбіі інвэстыцыйны фонд прадпрыемства на 25 млн эўра, якія ўклалі пераважна ў паі страхавых і мэдычных прадпрыемстваў, сродкі масавай інфармацыі і распрацоўнікаў відэагульняў[11]. У 2022 годзе заснавалі сотавага апэратара «Мтэл» у Швайцарыі. У 2022 годзе «Мтэл» пачаў аказваць паслугі рухомай сувязі ў Паўночнай Македоніі[9].

На 2022 год «Тэлекам Сэрбіі» налічваў у Сэрбіі 8,5 сотавых абанэнтаў, 2,37 млн абанэнтаў фіксаванай тэлефаніі, 2,14 млн абанэнтаў лічбавага тэлебачаньня і 1,8 млн абанэнтаў шырокапалоснага Сеціва. Сярод агульнага ліку 10,8 млн абанэнтаў 72 % прыпадала на Сэрбію, 20 % — на Босьнію і Герцагавіну, 6 % — на Чарнагорыю. Пры гэтым у паказах лічбавага тэлебачаньня Харватыя займала 19 %, а Славенія — 10 % продажаў. Звыш паловы агульных продажаў прадпрыемства прыпадала на паслугі сотавай сувязі[2]. Да 2025 году праклалі 31 090 км аптычных кабэляў і 1,6 млн км оптавалакна да 1,03 млн хатніх гаспадарак[12].

Доля «Тэлекаму Сэрбіі» на рынках (2025 год)[13]
Рынак Сэрбія Босьнія і Герцагавіна Чарнагорыя
Фіксаваная тэлефанія 75 % 35 % 37 %
Сотавая сувязь 43 % 36 % 34 %
Шыракапалоснае Сеціва 55 % 32 % 42 %
Тэлебачаньне 49 % 27 % 37 %
Кропак продажаў 145 53 18
  1. ^ а б Кіраваньне і будова прадпрыемства (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  2. ^ а б Справаздача аб дзейнасьці за 2022 год (анг.) // «Тэлекам Сэрбіі», ліпень 2023 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  3. ^ Пра нас (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  4. ^ Будова ўласнасьці (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  5. ^ Міжнародныя справы (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  6. ^ Справы (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  7. ^ Справы, зьвязаныя з напаўненьнем ТБ (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  8. ^ Пастаўнікі сувязі (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  9. ^ а б в г д е Вехі справы (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  10. ^ Асяродак дасьледаваньняў і распрацоўкі (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  11. ^ Інвэстыцыйны фонд прадпрыемства (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  12. ^ Устойлівыя справы (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  13. ^ Прычына ўкладаньняў (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 12 лютага 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.
  • Як зьвярнуцца да нас (сэрб.) // «Тэлекам Сэрбіі», 12 лютага 2025 г. Праверана 22 сакавіка 2025 г.