Перайсьці да зьместу

Тыма Маер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тыма Маер
Рост 184 см
Вага 95 кг
Пазыцыя нападнік
Кідок/Ловы левы[d]
Грамадзянства
Дата нараджэньня 8 кастрычніка 1996(1996-10-08)[1][2] (29 гадоў)
Месца нараджэньня
Клюб Нью-Джэрзі Дэвілз
Выступаў за
Драфт НХЛ 43, 2020
Флорыда Пантэрз
Гульнявая кар’ера 2019  цяпер

Ты́ма Ма́ер (па-нямецку: Timo Meier; нар. 8 кастрычніка 1996 году) — швайцарскі хакеіст, нападнік клюбу «Нью-Джэрзі Дэвілз» з Нацыянальнай хакейнай лігі.

У веку 15 гадоў ён пагадзіўся на прапанову вучнёўскага стажыраваньня ў клюбе «Рапэрсьвіль-Ёна Лэйкерз», дзе навучаўся ў Давіда Эбішэра і Джэйсана Спэццы. У 2015 годзе быў абраны на драфце НХЛ клюбам «Сан-Хасэ Шаркс». Не зважаючы на тое, што ён уразіў трэнэрскі штаб «Шаркс» падчас трэнавальнага кэмпу 2016 году, хвароба адклала дэбют Маера ў НХЛ. Гулец спачатку некаторы час бараніў колеры фарм-клюбу «Сан-Хасэ Баракуда». Дэбютаваў у НХЛ у сярэдзіне сьнежня 2016 году ў матчы супраць «Манрэаль Канадыенз»[3].

Маер у складзе «Дэвілз».

Па дэбюце швайцарац застаўся ў складзе галоўнай дружыны, дзе замацаваўся ў складзе. У матчы супраць «Лос-Анджэлес Кінгс» 3 студзеня 2017 году, які скончыўся паразай у овэртайме зь лікам 2:1, Маер выйшаў у першым зьвяне разам з Джо Торнтанам і Джо Павэлскі[4]. Пасьля свайго дэбютнага сэзону Маер стаў сталым гульцом асноўнага складу, згуляўшы ў сэзоне 2017—2018 гадоў ажно 81 матч. Нападніцкія здольнасьці Маера выявіліся напрыканцы сьнежня 2017 году, гэтак паміж 14 сьнежня і 2 студзеня ён закінуў пяць шайбаў у васьмі сустрэчах. Гулец моцна пачаў наступны сэзон, падтрымліваючы асабісты рэкордную сэрыю зь дзевяці матчаў з набранымі пунктамі, у якую таксама ўвайшла пяціматчавая галявая сэрыя з 9 да 30 кастрычніка. У выніку свайго прарыўнога сэзону хакеіст у міжсэзоньні падпісаў чатырохгадовае падаўжэньне кантракту, застаўшыся ў «Шаркс»[5]. Па сыходзе Павэлскі перад сэзонам 2019—2020 гадоў чакалася, што Маер заменіць яго ў першай брыгадзе большасьці і стане больш значнай фігурай у гульні ў меншасьці[6]. Пасьля пяці матчаў без набраных пунктаў Маер 28 сьнежня 2019 году аформіў свой першы хет-трык у НХЛ, чым дапамог клюбу ўзяць перамогу над «Філадэлфіяй Флаерз» зь лікам 6:1[7]. На пачатак студзеня 2022 году Маер ачольваў сьпіс з гульцоў «Шаркс» паводле колькасьці выніковых перадач і набраных пунктаў, а паводле голаў быў другім. Ужо хутка пасьля гэтага ён стаў першым гульцом у гісторыі франшызы, які закінуў пяць шайбаў у адным матчы, а матч скончыўся перамогай над «Лос-Анджэлес Кінгс» зь лікам 6:2[8].

26 лютага 2023 году Маер трапіў у «Нью-Джэрзі Дэвілз» у межах шматбаковага абмену[9]. Акрыяўшы ад траўмы, швайцарац дэбютаваў за новы клюб 5 сакавіка ў матчы супраць «Арызоны Каётыз»[10]. Па заканчэньні сэзону, будучы абмежаваным свабодным агентам, Маер 28 чэрвеня 2023 году падпісаў з «Дэвілз» васьмігадовы кантракт на 70,4 млн даляраў[11].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]