Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія
Каардынаты: 41°58′45″ пн. ш. 21°27′7″ у. д. / 41.97917° пн. ш. 21.45194° у. д.
| «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія» | |
| мак. Железници на Република Северна Македонија Транспорт | |
| Тып | акцыйнае таварыства |
|---|---|
| Заснаваная | 1944 (81 год таму) |
| Уласьнікі | Урад Паўночнай Македоніі |
| Краіна | Паўночная Македонія |
| Разьмяшчэньне | Скоп’е |
| Адрас | грамада Аэрадром, бульвар Трэцяй македонскай брыгады, дом ББ[1] |
| Ключавыя фігуры | Дэян Кошуцік (генэральны дырэктар)[2], Аляксандар Каракачанаў (старшыня Наглядальнай рады)[3] |
| Галіна | сфэра паслугаў |
| Паслугі | чыгуначныя перавозкі грузаў і людзей |
| Абарачэньне | ▼1,157 млрд дэнараў (2023 год; 20,8 млн $)[4] |
| Апэрацыйны прыбытак | ▼-213 млн дэнараў (2023 год; -3,8 млн $) |
| Чысты прыбытак | ▼-759 млн дэнараў (2023 год; -13,6 млн $) |
| Лік супрацоўнікаў | 691 (2023 год) |
| Матчына кампанія | Міністэрства транспарту Паўночнай Македоніі |
| Аўдытар | «Аўдыт і бізнэс-дарадніцтва» |
«Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія» — дзяржаўнае прадпрыемства перавозак Паўночнай Македоніі, заснаванае ў сьнежні 1944 годзе ў якасьці «Македонскай дзяржаўнай чыгункі».
На 2025 год «Транспарт ЧРПМ» ажыцьцяўляў чыгуначныя перавозкі людзей і грузаў. Выкарыстоўваў скрыжаваньне двух Усеэўрапейскіх гасьцінцаў: № 8 з Альбаніі ў Баўгарыю і № 10 з Сэрбіі ў Грэцыю. Меў кантэйнэрны тэрмінал у Скоп’е. Перавозіў у адкрытых 4-восевых вагонах «ЭАС-з» сыпкія грузы ў выглядзе збожжа і молатай руды, вадкае паліва і жывых жывёлаў, а таксама кантэйнэры на плятформенных 2-восевых вагонах «КГС-з». Мела 1525 грузавых і 75 паяжджанскіх вагонаў, 40 дызэльных і 16 электрычных лякаматываў, а таксама 11 дызэльных і 4 электрацягнікі[2]. Сярод супрацоўнікаў 450 працавалі на цягніках, 191 ва ўправе, 175 у грузаперавозках і 118 у перавозках паяжджанаў[5]. Прадпрыемства было сябрам Міжнароднага зьвязу чыгунак (Францыя) і брало ўдзел у Канвэнцыі 1980 году «Аб міжнародных чыгуначных перавозках»[6].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На 2025 год «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія» працаваў на 10 чыгуначных вакзалах у Паўночнай Македоніі ў такіх гарадах, як Скоп’е, Бітала, Вэлес, Геўгелія, Госьцівар, Кочані, Куманава, Прылеп, Тэтава і Шціп[7]. Дадаткова цягнікі спыняліся на такіх 8 чыгуначных станцыях, як: Табанаўцы, Градзка, Нэгоціна, Дэмір-Капія, Богаміла, Авечае поле, Гёрчэ Петраў і Кічэва[8].

Цеплавозы запраўлялі дызэльным палівам у дэпо Лісіча, дзе месьціліся рэзэрвуары на 3000 т. Пры патрэбе таксама задзейнічалі рэзэрвуары на 50 т, якія знаходзіліся пры станцыях у Вэлесе, Геўгеліі і Бітале. Зьмякчаную ваду выдавалі ў двух дэпо Лісічы і Трубарэва, а таксама ў Геўгеліі[9]. Падразьдзяленьне «Інвэстыцыйнае абслугоўваньне» ажыцьцяўляла:
- рамонт электрычных машынаў, лякаматываў сэрыяў 441 і 461, цягнікоў, дызэльных рухавікоў і кампрэсараў;
- выраб запасных частак цягнікоў;
- апрацоўку абадох і аднаблёчных колаў;
- раўнаваньне каленчатых валаў;
- сьвідраваньне і расточваньне блёкаў рухавікоў;
- выраўноўваньне галовак і блёкаў рухавікоў плоскім шліфаваньнем;
- выпрабаваньне кольцаў на галоўках рухавікоў унутранага згараваньня;
- прэсоўку дэталяў[10].
Праезд
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На 2025 год «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія» прадаваў пэнсіянэрам і іншым пажылым асобам у веку ад 60 гадоў квіткі за 30 % ад поўнай цаны, а моладзі ў веку да 27 гадоў і дзеці ад 4 да 12 гадоў — за 50 % ад поўнай цаны, як і вучням ды студэнтам гуртам ад 6 чалавек пры навучальнай паездцы з настаўнікам або выкладнікам адпаведна. Праезд дзяцей да 4-х гадоў без займаньня асобнага месца быў бясплатным. Сябры Таварыства журналістаў Македоніі плацілі 70 % цаны праезду, а сябры Саюзу сьляпых Македоніі — 25 % 6 разоў на год пры адначасным бясплатным праезьдзе суправаджальніка. Вайсковыя інваліды езьдзілі за 25 % цаны 3 разы на год, а таксама бясплатна езьдзілі 60 дзён на год разам зь сем’ямі. Дазвалялася бронь месца ў цягніку за 2 месяцы і ў дзень паездкі з умовай яго заняцьця за 15 хвілінаў да адпраўленьня. Таксама дапускаўся правоз складальнага ровара за даплату і дробнай свойскай жывёлы ў кошыку, клетцы і ручной паклажы, а таксама дробнага сабакі, які зьмяшчаўся на каленях. Тэрмін дзеяньня квітка ў адзін бок складаў 1 дзень на адлегласьць да 100 км і 2 дні — на большую адлегласьць. Для квітка ў абодва бакі тэрмін складаў пры адлегласьці падарожжа:
- да 50 км — 1 дзень;
- да 100 км — 2 дні;
- звыш 100 км — 30 дзён;
- да 100 км у сьвяточныя дні — зь пачатку содняў напярэдадні сьвята да канца содняў пасьля яго[11].
На міжнародным маршруце ў Сэрбію Скоп’е — Бялград цана ложка складала 371 македонскі дэнар[12]. Квіткі на міжнародны праезд прадавалі ў адзін і абодва бакі ў касах на 16 станцыях: Скоп’е, Воўкава, Гёрчэ Петраў, Куманава, Вэлес, Нэгоціна, Вардар, Геўгелія, Бітала, Прылеп, Шціп, Тэтава, Госьцівар, Градзка, Кічэва і Табанаўцы[13].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У сьнежні 1944 году стварылі «Македонскую дзяржаўную чыгунку» і ўвялі ў дзеяньне першы адноўлены лякаматыў у Геўгеліі. У 1945 годзе зацьвердзілі Часовы парадак перавозак падарожнікаў, багажу і грузаў на «Македонскай фэдэральнай чыгунцы». Пры канцы 1945 году яе пераўтварылі ў «Дзяржаўную дырэкцыю чыгункі ў Скоп'і» ў складзе «Югаслаўскай чыгункі»[14]. 25 траўня 1952 году адчынілі новую чыгуначную лінію Скоп’е — Госьцівар. У 1956 годзе дабудавалі лінію Куманава — Белякоўцы. У 1957 годзе запрацавала лінія Бакарна Гумно — Сапотніца[15].
У 1963 годзе яе пераўтварылі ў «Чыгуначное транспартнае прадпрыемства Скоп'я», якое ў 1977 годзе перайменавалі ў «Чыгуначную транспартную арганізацыю Скоп'я», але ў 1990 годзе вярнулі ранейшую назву[14]. 29 лістапада 1969 году адчынілі лінію Госьцівар — Кічэва з адгалінаваньнем Заяс — Таймішы. 27 ліпеня 1981 году запрацавалі новы чыгуначны вузел і пасажырская станцыя ў Скоп’е[15]. У 1995 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў дзяржаўнае прадпрыемства «Македонская чыгунка»[14].
У 2007 годзе «Македонскую чыгунку» пераўтварылі ў «Транспарт Македонскай чыгункі», зь якога вылучылі «Інфраструктуру Македонскай чыгункі»[15]. Пасьля перайменаваньня краіны ў Паўночную Македонію згодна з Прэспанскім пагадненьнем 2018 году прадпрыемства атрымала назву «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Зьвесткі для сувязі (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ а б Пра нас (макед.) // АТ «Чыгунка Рэспублікі Паўночная Македонія Транспарт», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Жыцьцяпісы сябраў Наглядальнай рады (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», верасень 2024 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Баян Пятрэскі. Фінансавая справаздача за 2023 з высновамі незалежнага рэвізора (55,6516 дэнараў за даляр) (макед.) // «Македонская біржа», 12 ліпеня 2024 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Нашыя супрацоўнікі (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Нашая гісторыя // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 27 кастрычніка 2024 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Усе чыгуначныя станцыі (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Цэны на праязны квіток (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», жнівень 2021 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Магутнасьці запраўкі (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», жнівень 2021 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Рамонт і іншыя паслугі (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», жнівень 2021 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Даведнік для падарожнікаў (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Дадатковыя зборы за карыстаньне вагонам з ложкам (канапай) (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ Продаж квіткоў (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ а б в Гісторыя «Македонскай чыгункі» праз фотадакумэнтацыю (макед.) // «Электрамабільнасьць Македоніі», 3 красавіка 2019 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- ^ а б в Гісторыя // АТ «Інфраструктура Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Адпраўленьні са Скоп’я (макед.) // АТ «Транспарт Чыгункі Рэспублікі Паўночная Македонія», 2025 г. Праверана 31 траўня 2025 г.
- Прыбыцьцё ў Скоп’е і цэны па маршуце (макед.)
- Расцэнкі і навіны (макед.)
| Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |