Пружанскі палацык

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык
Месцазнаходжаньне ПружанаБеларусь
Адрас вул. Савецкая, 50
Тэматыка калекцыі краязнаўчая, мастацкая
Плошча экспазыцыі 386 м²
Створаны 1993[a]
1999[b] г.
Заснавальнік Валенці Швыкоўскі
Дырэктар Юры Зялевіч
Геаграфічныя каардынаты 52°33′55.12″ пн. ш. 24°27′27.57″ у. д. / 52.5653111° пн. ш. 24.4576583° у. д. / 52.5653111; 24.4576583Каардынаты: 52°33′55.12″ пн. ш. 24°27′27.57″ у. д. / 52.5653111° пн. ш. 24.4576583° у. д. / 52.5653111; 24.4576583
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык на мапе Беларусі
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык
museum.pruzhany.by

Устано́ва культу́ры «Музэ́й-сядзі́ба Пружа́нскі пала́цык» — музэй у Пружанах Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Разьмешчаны ў будынку мескага сядзібнага дому XIX стагодзьдзя па адрасе: вул. Савецкая, 50. Сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры нэарэнэсансу, адзіная адноўленая такога тыпу ў Беларусі[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старая сядзіба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку XIX стагодзьдзя сядзіба, якая пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай перайшла ва ўласнасьць Румянцавых, уяўляла сабою даволі вялікі гаспадарчы комплекс. У склад сядзібы ўваходзілі панская хата і 5 дваровых пабудоваў (найхутчэй драўляныя). З паўночнага і заходняга боку прымыкаў зялёны масіў[2].

Пасьля пераходу ва ўласнасьць Швыкоўскіх сядзіба займела абсалютна адрозны ад плянаў пачатку стагодзьдзя выгляд. Быў пабудаваны новы двухпавярховы жылы дом з сасновага брусу. Ён быў павернуты тарцом да дарогі, што вяла ў места. Колькасьць іншых сядзібных пабудоваў дасягнула 10[2]. Агульная плошча маёнтку складала 4 тысячы дзесяцінаў[3].

Разбудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На малюнку Напалеона Орды

Атрымаўшы пасьля сьмерці бацькі ў 1843 маёнтак ва ўласнасьць, маршалак Валенці Швыкоўскі заняўся далейшай рэканструкцыяй комплексу. Ён збудаваў у сваім маёнтку два заводы: бровар і цагельню, якая, імаверна, вырабляла цэглу і для перабудовы палацыку. Пры ім сядзіба займела той выгляд, які яна мае ў цяперашні час[2]. Аўтарам праекту лічыцца архітэктар італьянскага паходжаньня Францішак Лянчы, хоць наўпроставых доказаў ягонага аўтарства няма. Аднак пры стварэньні сядзібы выкарыстаныя менавіта тыя асноўныя прыёмы і прынцыпы, якія распрацаваў Лянчы для пабудоваў такога кшталту[4].

За Валентам Швыкоўскім пры палацыку была пабудаваная аранжарэя з чырвонай цэглы. Яна мела гонтавы дах, 2 ганкі, 9 дзьвярэй і 9 вокнаў. Даўжыня будынку складала 8 сажняў 1 аршын (17 м). Усярэдзіне падзелены на 6 пакояў з дашчанай падлогай. У памяшканьнях стаялі тры печы і комін[2]. У аранжарэі і цяпліцах расло 100 найменьняў кветак і 60 дрэваў, у асноўным экзатычных — камэліі, валькамэрыі, адаліі, мацыёлы, пальмы, агавы, мірты, воскавыя, апэльсінавыя і лімонныя дрэвы[4]. Этнограф Федароўскі пісаў:

« На ўсю Літву была вядома аранжарэя Швыкоўскіх. Падобнай ёй ня мелі і Радзівілы »

Міхал ФедароўскіРадзіма.орг

Будынак аранжарэі захаваўся

У аранжарэі быў так званы «трэпгаўз», дзе захоўваліся ёмістасьці з рашчынамі ды хімікатамі.

Разам з маёнткам была ўпарадкаваная таксама тэрыторыя парку, які быў пераплянаваны ў пэйзажны. Ягоная плошча склала 8 га. Уздоўж алеяў разьмяшчаліся лавы для адпачынку, канал на паўночным ускрайку сядзібы пераходзіў у сажалку з выспай, злучаны зь берагам мастком. У 1908—1912 парк быў пашыраны за іншы бок каналу, у ім былі насаджаныя іншаземныя расьліны. У 1939 року гэтая частка парка зьнішчаная, на ейным месцы цяпер разьмяшчаецца стадыён[4].

Канфіскацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1863 року маёнтак быў канфіскаваны за падтрымку Швыкоўскім паўстанцаў. Пры гэтым быў складзены пералік сэквэстраванай маёмасьці, які дае ўяўленьне пра маштаб перабудовы. Усіх пабудоваў налічвалася 15, зь іх 4 цагляныя. Два будынкі прызначаліся пад жыльлё, 13 мелі гаспадарчае прызначэньне. Жылая гаспадарская хата мела даўжыню 16 сажняў 13/4 аршына (каля 35 м), шырыню 9 сажняў 11/4 аршына (больш за 19 м). Парадны ганак з каменна-цаглянай падлогай, чыгунныя парэнчы. На вежы, што высілася над уваходам, на драўляным крузе цыфэрблят гадзіньніка, аддзелены чорнаю алейнаю фарбай (імаверна, бутафорскі)[5].

Большая частка расьлінаў з аранжарэі была перавезеная ў царскі палац у Белавескай пушчы, кнігі і іншая маёмасьць распрададзеныя з аўкцыёну, цагельня разабраная. У будынку месьцілася павятовая адміністрацыя. Але ўжо ў 1867 маёнтак быў вернуты ўладальніку.

Пасьля Швыкоўскіх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак у часе нямецкай акупацыі (1915—1917)

У 1895 року састарэлы Валенцы прадаў сядзібу графу Ўладзімеру Кляйнміхелю. Ягоная дачка Вера (у шлюбе Джамбакурыян-Арбэліяні(ka), 1877—1948), унучка міністра шляхоў зносінаў П. А. Кляйнміхеля, якой дастаўся палац, стала ў сядзібе не пражывала. Большую частку часу будынак здаваўся ў арэнду розным асобам і ўстановам. У 1903 року быў збудаваны новы бровар. Пасьля кастрычніцкага перавароту гаспадыня эмігравала ў Парыж[4].

За польскім часам у сядзібе разьмяшчалася павятовае староства, у вайну — штаб генэрала Гудэрыяна, інтэрнат нямецкіх афіцэраў[6]. Па прыходзе Саветаў тут сьпярша быў створаны інтэрнат агратэхнічнай вучэльні, пасьля досьледная аграбіястанцыя (з пачатку 1960-х), дзіцячы садок (да 1986), стаматалягічная лякарня. З 1989 — на рэстаўрацыі.

Заснаваньне музэю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парк узімку

24 ліпеня 1993 року на аснове збораў пружанскага краязнаўчага аб’яднаньня «Спадчына» быў адкрыты раённы краязнаўчы музэй у будынку бібліятэкі па вуліцы Савецкай. Пазьней, пры падрыхтоўцы места да Дажынак-2003, гэты будынак быў зьнесены[7].

У 1998 року музэй перамясьціўся ў іншае памяшканьне — былую сядзібу Швыкоўскіх у мескім парку. Аснова канцэпцыі музэю, які з тае пары атрымаў назву музэй-сядзіба «Пружанскі палацык», была распрацаваная навуковай групай супрацоўнікаў Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю[8]. 19 чэрвеня 1999 року адбылося ягонае ўрачыстае адкрыцьцё[9].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мядовая прэмія-2009 у Палацыку

Шторок музэй наведваюць каля 8000 турыстаў, у тым ліку з замежжа. Колькасьць экспазыцыі ў фондах музэю — больш за 6 тысячаў адзінак. Практычна ўсе экспанаты перададзеныя ў музэй бясплатна[10].

Акрамя навуковай працы, супрацоўнікі музэю ладзяць лекцыі, экскурсіі па горадзе і раёне, арганізоўваюць мастацкія, краязнаўчыя і адукацыйныя выставы.

У музэі праводзяцца музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі.

На тэрыторыі комплексу былі зьнятыя першыя кадры фільму «Берасьцейская крэпасьць». Супрацоўнікі музэю складалі частку масоўкі для шматсэрыйнага тэлефільму «Талаш», у якім дырэктар палацыку іграў ролю царскага афіцэра. Плянуюцца здымкі сэрыялу «Паляваньне на гаўляйтэра»[11].

Экспазыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салён
  • Салён
  • Кветкавая заля
  • Паляўнічы кабінэт. Тут знаходзіцца канапка, якая захавалася ад часоў Валенція Швыкоўскага
  • Трафэйны пакой
  • Музэй этнаграфіі
  • Res Sacrae — выстава твораў сакральнага прызначэньня Пружанаў і ваколіцаў[12]. Адзін з найстарэйшых экспанатаў музэю — унікальны абраз XVI стагодзьдзя «Таемная вячэра».

У фондах музэю захоўваюцца таксама экспазыцыі, прысьвечаныя Крашэўскім; Міхасю Забэйду-Суміцкаму; творчасьці літаратара Міколы Купрэева; калекцыя майстра Міколы Тарасюка; друкаваныя выданьні XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, датычных Пружаншчыны; жывапіс ды графіка; банкноты краінаў сьвету; філюмэнічная калекцыя[10].

Архітэктурны ансамбль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас здымкаў фільму «Талаш»

Ансамбль сядзібы ўлучае мураваны дом і 2 флігелі. Сядзібны дом складаецца зь дзьвюх групаў двухпавярховых аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам.

Заходняя частка з эркерам накрытая двусхільным дахам з прылеглай вежай і аднапавярховай прыбудовай з паўкруглай вэрандай. Усходні аб’ём Г-падобны ў пляне, утварае на галоўным фасадзе неглыбокі рызаліт, завершаны шчытом. Дваровы фасад зь вялікай тэрасай на 2 калёнах. Пляніроўка анфіладная.

Ваконныя праёмы маюць паўцыркульныя аркавыя завяршэньні. На першым паверсе памяшканьні аздобленыя прафіляванымі ляпнымі гзымсамі, столі — пляскатыя з падугамі. Паверхі злучаныя пакручастымі драўлянымі лесьвіцамі.

Будынак аранжарэі захаваўся, але быў перабудаваны. Старажылы згадваюць, што да вайны ён меў вялікую колькасьць высокіх вокнаў з паўкруглым завяршэньнем. Уваход з паўночнага боку меў выгляд паўкруглай зашклёнай вэранды[4].

Па ўсходні бок ад уваходу ў палацык усталяваны каменны ідал, перавезены зь вёскі Буцькі.

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З боку места да сядзібы вядзе шырокая алея, вакол разьмешчаны парк пэйзажнага тыпу.

У інвэнтарным апісаньні 1864—1866 рокаў згадваецца сад, які знаходзіўся з паўночнага боку будынку. Вакол саду разьмяшчаўся парк. Сад і двор былі агароджаныя драўлянай агароджай, на ўезьдзе ў сядзібу стаяла брама з двума малымі весьнічкамі, пафарбаваная чорнай алейнай фарбай. Пры Веры Арбеліяні вароты замененыя на каменныя. У канцы 1940-х рокаў брама была зруйнаваная[13].

У цяперашні час парк займае тэрыторыю больш за 8 га. Пераважаюць ясень, вольха, граб, дуб. З поўдня на поўнач парк перасякае алея. Сьлядоў саду не захавалася.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Заснаваны краязнаўчы музэй
  2. ^ Музэй пераехаў у адрэстаўраваны будынак «палацыку»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Пружанскі палацык» // «Народная газета». — 25 жніўня 2009.
  2. ^ а б в г Планіроўка сядзібы. Пабудовы. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.
  3. ^ Пярвышын У.М. Сядзіба: ад Румянцавых да Швыкоўскіх // Пружанскі палацык — Пружанский палацик: Гіст.-архіт. нарыс. — Мн.: Полымя, 1992. — С. 8. — (Помнікі беларускага дойлідства). — 5300 ас. — ISBN 5-345-00488-9
  4. ^ а б в г д Мая Пружанская зямліца (chm). Раённая адукацыйная сетка г. Пружаны. Праверана 3 жніўня 2013 г.
  5. ^ «Палац». Унутраны і зьнешні выгляд Сядзіба. Музей-сядзіба Пружанскі палацык. Праверана 3 жніўня 2013 г.
  6. ^ Святлана Яскевіч. На ўсе Пружаны — палацык // Звязда.
  7. ^ Кацярына Пашкевіч. «Музэй — гэта машына часу» // Раённыя будні. — 24 ліпеня 2013. — № 57 (9602). — С. 1.
  8. ^ Зялевіч, Юры. Сардэчна запрашаем на афіцыйны сайт музея-сядзібы «Пружанскі палацык»!. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.
  9. ^ Мікола Антонаў. Далёкі Кітай стаў бліжэй // Раённыя будні. — 26 чэрвеня 1999.
  10. ^ а б Кацярына Пашкевіч. «Музэй — гэта машына часу» // Раённыя будні. — 24 ліпеня 2013. — № 57 (9602). — С. 5.
  11. ^ Ірына Арлова. Пружанскі палацык — адзіная адноўленая сядзіба стылю мадэрн у Беларусі // Народная газета. — 27 жніўня 2011.
  12. ^ Марфа Шило. (14 траўня 2010) Экспозиция RES SACRAE открылась в музее-усадьбе «Пружанскі палацык» (рас.). Белорусский православный новостной портал. Праверана 11 лістапада 2011 г.
  13. ^ Планіроўка сядзібы. Парк і сад. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000585
  • Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 37.
  • Пярвышын У. М. Пружанскі палацык — Пружанский палацик: Гіст.-архіт. нарыс. — Мн.: Полымя, 1992. — 79 с. — (Помнікі беларускага дойлідства). — 5300 ас. — ISBN 5-345-00488-9
  • Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]