Перайсьці да зьместу

Сэм Райнгарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэм Райнгарт
Рост 192 см
Вага 87 кг
Пазыцыя цэнтральны нападнік
Кідок/Ловы правы[d]
Грамадзянства
Дата нараджэньня 6 лістапада 1995(1995-11-06) (30 гадоў)
Месца нараджэньня
Клюб Флорыда Пантэрз
Выступаў за
Драфт НХЛ 2, 2014
Бафала Сэйбрз
Гульнявая кар’ера 2014  цяпер

Сэм Ра́йнгарт (па-ангельску: Sam Reinhart; нар. 6 лістапада 1995 году) — канадзкі хакеіст, нападнік клюбу «Флорыда Пантэрз» з Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2014 годзе быў абраны на драфце НХЛ клюбам «Бафала Сэйбрз» у першым раўндзе пад агульным 2-м нумарам[1]. Здабываў Кубак Стэнлі два гады запар у складзе «Флорыды Пэнтэрз» у 2024 і 2025 гадах.

Пасьля таго, як на драфце НХЛ 2014 году «Бафала Сэйбрз» абралі хакеіста пад другім агульным нумарам, Райнгарт склаў з клюбам трохгадовы кантракт пачаткоўца[2]. Дэбютаваў у НХЛ 9 кастрычніка 2014 году ў матчы супраць «Каламбус Блю Джэкетс», стаўшы шостым наймаладзейшым гульцом клюбу[3]. Першы пункт набраў, зрабіўшы галявую перадачу на Нікаля Дэляр’е, 25 кастрычніка ў матчы супраць «Сан-Хасэ Шаркс»[4]. Ужо з сэзону 2015—2016 гадоў стаў гульцом асноўнага складу каманды. Пры гэтым хутка быў прасунуты ў першую тройку нападнікаў, дзе гуляў поруч з Раянам О’Райлі і Эвандэрам Кейнам. 10 студзеня 2016 году канадзец аформіў свой першы хет-трык у НХЛ у пераможным матчы супраць «Вініпэг Джэтс», які скончыўся зь лікам 4:2. 1 красавіка 2018 году ён зрабіў свой другі хет-трык у кар’еры ў НХЛ у пераможным матчы супраць «Нэшвіл Прэдатарз», які скончыўся зь лікам 7:4[5]. Гэты галявы матч дапамог Райнгарту завяршыць рэгулярны сэзон з рэкорднымі паказьнікамі паводле згуляных матчаў, галоў, пунктаў, галоў у большасьці і пунктаў у большасьці. 19 верасьня 2018 году спартовец склаў новы двухгадовы кантракт з «Сэйбрз» на 7,3 мільёнаў даляраў[6], а 25 кастрычніка 2020 году склаў новае пагадненьне з клюбам на адзін сэзон на 5,2 мільёнаў даляраў[7].

24 ліпеня 2021 году канадзец быў абменены ў «Флорыду Пантэрз» на Дэвана Леві і выбар першага раўнду драфту 2022 году[8]. 11 жніўня Райнгарт падпісаў трохгадовы кантракт з «Пантэрз» на 19,5 мільёнаў даляраў[9]. 24 чэрвеня 2024 году ў 7-й гульні фіналу Кубка Стэнлі 2024 году ён закінуў найважнейую шайбу, якая стала вырашальная, бо вывела «Пантэрз» наперад у час матчу, што прывяло да першага здабыцьця флорыдцамі Кубка Стэнлі. 1 ліпеня 2024 году ён падпісаў новы васьмігадовы кантракт на 69 мільёнаў даляраў, які мусіць захаваць гульца ў складзе да сэзону 2031—2032 гадоў[10]. У сэзоне 2024—2025 гадоў хакеіст закінуў 39 шайбаў, што было найбольшай колькасьцю сярод усіх гульцоў «Пантэрз», а спартовец таксама быў лідэрам каманды паводле колькасьці набраных пунктаў, паклаўшы на рахунак 81 пункт у 79 гульнях. У шостым матчы фінальнай сэрыі Кубка Стэнлі спартовец улучыў чатыры галы ў браму «Эдмантан Ойлерз», а ягоны клюб у другі раз запар узяў галоўны трафэй НХЛ.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]