Жаўтаксан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сьнежаньскае паўстаньне (1986)»)
Фрагмэнт манумэнта незалежнасьці Казахстана, прысьвечаны сьнежаньскім падзеям

Сьнежаньскае паўстаньне (каз. Желтоқсан көтерілісі), або проста Сьнежань, па-казаску Жаўтакса́н (каз. Желтоқсан — сьнежань) — выступы казаскай моладзі[1], якія адбыліся 17—18 сьнежня 1986 году ў Алма-Аце, якая была ў той час сталіцай Казахскай ССР. Перарасьлі ў масавыя пратэсты і народнае паўстаньне супраць камуністычнай улады.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, хваляваньні пачаліся з-за пастановы Генэральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова аб пазбаўленьні пасады першага сакратара кампартыі Казахстану Дынмухамеду Кунаева, і замены яго на Генадзя Колбіна, першага сакратара Ўльянаўскага абкаму партыі, які раней ніколі не працаваў у Казахстане. Удзельнікі мірнага мітынгу патрабавалі прызначыць на пасаду главы рэспублікі прадстаўніка карэннага насельніцтва[1].

Пазьней хваляваньні казаскай моладзі прайшлі і ў іншых гарадах і рэгіёнах Казахстану[2]. Сьнежаньскія падзеі ў Казахстане сталі адным зь першых у СССР масавых мітынгаў супраць дыктату Масквы, пазьней аналягічныя падзеі адбыліся і ў іншых рэспубліках Савецкага Саюзу.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па апублікаваных у Казахстане дадзеных, было затрымана праваахоўнымі сіламі 8,5 тысячаў чалавек, атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні (у асноўным чэрапна-мазгавая траўма) больш за 1700 чалавек, дапытана ў пракуратуры 5324, у КДБ — 850 чалавек. 900 чалавек былі адміністрацыйна пакараныя (арышты, штрафы), каля 1400 чалавек папярэджаны, звольненыя з працы 319, адлічаныя з навучальных устаноў (толькі па дадзеных Мінадукацыі) 309 студэнтаў[3]. Па крымінальных артыкулах асудзілі 99 чалавек, сярод іх 20-гадовы Кайрат Рыскулбекаў, які пазьней загінуў у турме[4]. Камсамольскі і партыйныя спагнаньні атрымалі каля 1400 людзей. Пачалася запозьненая, а таму безвыніковая барацьба з нацыяналістычнымі настроямі сярод казаскай інтэлігенцыі.

У пачатку 1987 году была прынятая пастанова ЦК КПСС, у якім тое, што адбылося абвяшчалася праявай казаскага нацыяналізму. Аднак у далейшым у сувязі з разьвіцьцём працэсаў «Перабудовы» і зьменамі палітычнай кан’юнктуры пазыцыя цэнтральных уладаў памянялася. 9 студзеня 1989 году на пасаду другога сакратара быў пастаўлены этнічны казах, а 22 чэрвеня таго ж году Назарбаеў зьмяніў Колбіна на пасадзе кіраўніка рэспублікі. 14 лістапада 1989 году група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Казаскай ССР на чале зь пісьменьнікам Мухтарам Шахановым зьвярнулася ў ЦК КПСС з просьбай аб адмене фармулёўкі «праява казахскага нацыяналізму», і фармулёўка была адменена.

16 сьнежня 1991 году, праз роўна пяць гадоў пасьля Жаўтаксану, Казахстан апошнім з савецкіх рэспублік абвясьціў сваю незалежнасьць.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]