Сусьветная турысцкая арганізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 40°27′37″ пн. ш. 3°41′29″ з. д. / 40.46028° пн. ш. 3.69139° з. д. / 40.46028; -3.69139

Сусьветная турысцкая арганізацыя
анг. World Tourism Organization

Галаўная сядзіба (2013 г.)

Дзяржавы-ўдзельніцы па частках сьвету (2011 г.)
Абрэвіятура СТА
Дата ўтварэньня 1934
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта пашырэньне адказнага, устойлівага і даступнага падарожніцтва
Штаб-кватэра Мадрыд, вул. Жоана Марагала, д. 42[1]
Месцазнаходжаньне Гішпанія
Дзейнічае ў рэгіёнах Японія (Нара)
Сяброўства 158 дзяржаваў (2019 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская, арабская, гішпанская, расейская, француская
Генэральны сакратар Зураб Полалікашвілі
Намесьнік Хаймэ Кабаль
Выканаўчыя кіраўнікі Мануэль Батлер, Чжан Ханьчжун[2]
Кіроўны орган Выканаўчая рада
Матчына кампанія Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў
Зьвязаныя кампаніі Акадэмія СТА (Андора), Фундацыя «Устойлівы турызм для выкараненьня галечы» (Паўднёвая Карэя)
Бюджэт 20,341 млн эўра (2017 г.)[3]
Колькасьць супрацоўнікаў 110 (2019 г.)[4]
Сайт unwto.org
Колішняя назва Міжнародны зьвяз афіцыйных арганізацыяў турыстычнай прапаганды (да 1947 г.), Міжнародны зьвяз афіцыйных падарожніцкіх арганізацыяў (да 27 верасьня 1970 г.)

Сусьве́тная туры́сцкая арганіза́цыя — установа Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, заснаваная ў 1934 годзе ў якасьці Міжнароднага зьвязу афіцыйных арганізацыяў турыстычнай прапаганды.

На 2019 год налічвала 158 урадаў-удзельнікаў, у тым ліку з 2004 году ўлучала ўрад Беларусі, а таксама звыш 500 улучаных сябраў у выглядзе прадстаўнікоў падарожніцкіх прадпрыемстваў[5]. Ад часу пераўтварэньня ў міжурадавую арганізацыю ў 1975 годзе СТА месьцілася ў Мадрыдзе (Гішпанія). Захавала сувязную сядзібу ў Жэнэве (Швайцарыя) для стасункаў зь мясцовым прадстаўніцтвам ААН[6].

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Агульны сход. Складаўся з поўных і зьвязаных сябраў у асобе прадстаўнікоў урадаў. Склікаўся аднойчы на 2 гады. Зацьвярджаў каштарыс і кірункі дзейнасьці. Выбіраў Выканаўчую раду зь ліку поўных сябраў на 4 гады. Пагатоў кожныя 2 гады выбіраў палову складу Выканаўчай рады. Кожныя 4 гады выбіраў генэральнага сакратара. Улучаныя сябры ў асобе кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў удзельнічалі ў якасьці назіральнікаў. Меў у падпарадкаваньні Камітэт па турысцкай этыцы.
  • Рэгіянальныя камісіі для: 1) Амэрыкі, 2) Афрыкі, 3) Блізкага Ўсходу, 4) Паўднёвай Азіі, 5) Усходняй Азіі і Ціхага акіяну, 6) Эўропы. Складаліся з поўных і зьвязаных сябраў ад адпаведнай частку сьвету. Склікаліся штогод. Падавалі прапановы ў Агульны сход. Улучаныя сябры адпаведнай часткі сьвету ўдзельнічалі ў якасьці назіральнікаў.
  • Выканаўчая рада. Складалася зь 5-й часткі поўных сябраў ад кожнай з 6 частак сьвету. Пагатоў урад Гішпаніі, дзе месьцілася сядзіба СТА, быў пастаянным сябрам Рады. Склікаўся двойчы на год. Забясьпечваў выкананьне каштарысу. Меў у падпарадкаваньні 5 камітэтаў: 1) агляду заявак на ўлучанае сяброўства, 2) праграмы і каштарысу, 3) статыстыкі і турысцкага спадарожніцкага рахунку, 4) турызму і спаборнасьці, 5) турызму і ўстойлівасьці. Зьвязаныя і ўлучаныя сябры ўдзельнічалі ў якасьці назіральнікаў.
  • Сакратарыят. Выконваў расклад дзейнасьці, зацьверджаны Агульным сходам, і абслугоўваў патрэбы сябраў. Адзін з 2 выканаўчых кіраўнікоў займаўся справамі ўлучаных сябраў (прадпрыемстваў). У японскіх горадзе Нара меў дапаможную сядзібу для Азіяцка-Ціхааціянскага рэгіёну, якую забясьпечваў урад Японіі[4]. Улучаў 6 рэгіянальных і 19 галіновых аддзелаў: 1) абслугоўваньня нарады, 2) агульных паслугаў, 3) асьветы і падрыхтоўкі, 4) бясьпекі, 5) зносінаў, 6) інфармацыйна-камунікацыяных тэхналёгіяў, 7) кадраў, 8) каштарысу, 9) кіраваньня, 10) новаўвядзеньняў, укладаньня і лічбавага пераўтварэньня, 11) партнэрства для разьвіцьця, 12) прававы, 13) рынкавых вестак і спаборнасьці, 14) статыстыкі, 15) сувязных сядзібаў, 16) тэхнічнай супрацы і Шаўковага шляху, 17) улучаных сябраў, 18) устойлівага разьвіцьця турызму, 19) этыкі, культуры і грамадзкай адказнасьці[3].

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1975 годзе пры пераўтварэньні Сусьветнай турысцкай арганізацыі ў міжурадавую яе ўдзельнікамі сталі ўрады 76 дзяржаваў:

У 1976 годзе да СТА далучылася Польская Народная Рэспубліка. У 1983-м — Кітай. У 1991 годзе лік удзельнікаў СТА дасягнуў 100. У 1997 годзе ў СТА ўступіла Ўкраіна. У 2003-м — Летува. У 2004 годзе ўрад Беларусі стаў 143-м удзельнікам Сусьветнай турысцкай арганізацыі[8]. У 2009 годзе 150-й дзяржавай-удзельніцай СТА стала Вануату. З 2017 году СТА налічвала 158 урадаў-удзельнікаў. На верасень 2017 году налічвалася 516 улучаных сябраў СТА ад прадпрыемстваў, зь іх 296 з Эўропы, 112 з Амэрыкі, 78 з Азіі і 30 з Афрыкі[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1934 годзе заснавалі Міжнародны зьвяз афіцыйных арганізацыяў турыстычнай прапаганды (МЗААТП). У 1946 годзе ў Лёндане (Ангельшчына) адбыўся Міжнародны зьезд нацыянальных турысцкіх установаў, які аднавіў дзейнасьць МЗААТП пасьля Другой сусьветнай вайны ў якасьці няўрадавай арганізацыі. У 1947 годзе ў Гаазе (Нідэрлянды) Ўстаноўчы сход пераўтварыў МЗААТП у Міжнародны зьвяз афіцыйных падарожніцкіх арганізацыяў (МЗАПА) зь сядзібай у Лёндане. У 1948 годзе МЗАПА стварыў 1-ю Рэгіянальную падарожніцкую камісію для Эўропы. У 1949 годзе — для Афрыкі. У 1951 годзе галаўную сядзібу МЗАПА перанесьлі ў Жэнэву (Швайцарыя). Адначасна ў МЗАПА стварылі Рэгіянальную падарожніцкую камісію для Блізкага Ўсходу. Таксама МЗАПА набыла стан дарадцы пры ААН. У 1954 годзе ў Нью-Ёрку (ЗША) прадстаўнік МЗАПА ўдзельнічаў у Нарадзе ААН па мытных умоўнасьцях пры часовым увозе прыватных транспартных сродкаў і падарожніцтве. Нарада ўхваліла 2 пастановы аб спрыяньні падарожніцтву. У 1956 годзе МЗАПА стварыў Рэгіянальную падарожніцкую камісію для Сярэдняй Азіі. У 1957-м — для Амэрыкі. У 1963 годзе ў Рыме (Італія) на прапанову МЗАПА правялі Нараду ААН па турызьме і міжнародным падарожніцтве. Нарада дала азначэньні паняткам наведнік і падарожнік у міжнародным уліку. Таксама Нарада ААН ухваліла Пастанову аб тэхнічнай супрацы, свабодзе перамяшчэньня і адсутнасьці нераўнапраўя ў міжнародных падарожніцкіх умоўнасьцях. У 1965 годзе ў Лёндане прадстаўнік МЗАПА ўдзельнічаў у Нарадзе па спрыяньні падарожніцтву і марскому руху, якую ладзіла Міжурадавая марская дарадчая арганізацыя. Падчас Нарады падпісалі Пагадненьне «Аб спрыяньні міжнароднаму марскому руху». У 1966 годзе Выканаўчая рады МЗАПА стварыла працоўную суполку для зьмяненьня Статуту МЗАПА. У 1969 годзе Міжурадавая нарада ў Сафіі (Баўгарыя) і Генэральная Асамблея ААН падтрымалі намер пераўтварыць МЗАПА ў міжурадавую арганізацыю. 27 верасьня 1970 году ў Мэхіка (Мэксыка) Агульны сход МЗАПА ўхваліў Статут Сусьветнай турысцкай арганізацыі (СТА). У траўні 1975 году ў Мадрыдзе Агульны сход СТА ўхваліў перанос сядзібы ў сталіцу Гішпаніі. 1 студзеня 1976 году ў Мадрыдзе запрацаваў Галоўны сакратарыят СТА[9].

У 1976 годзе СТА заключыла Пагадненьне аб пераўтварэньні ў выканаўчую службу Праграмы разьвіцьця ААН (Нью-Ёрк, ЗША). Увосень 1980 году ў Маніле (Філіпіны) правялі Сусьветную турысцкую нараду, на якой ухвалілі Дэклярацыю «Аб сусьветным турызьме». У жніўні 1982 году Сусьветная турысцкая нарада зацьвердзіла Дакумэнт Акапулька (Мэксыка). У 1985 годзе ў Сафіі Агульны сход СТА зацьвердзіў Сьпіс турысцкіх правоў. У 1989 годзе ў Гаазе СТА правяла сумесна зь Міжпарлямэнцкім саюзам Міжпарлямэнцкую нараду па турызьме, на якой ухвалілі Дэклярацыю аб турызьме. У 1991 годзе ў Буэнас-Айрэсе (Аргентына) Агульны сход СТА зацьвердзіў Пастановы «Пра захады бясьпекі ў турызьме» і «Пра турысцкія магчымасьці для зьнявечаных людзей». У 1992 годзе ў Рыю-дэ-Жанэйру (Бразылія) прадстаўнік СТА ўдзельнічаў у Нарадзе ААН па навакольным асяродзьдзі і разьвіцьці, на якой ухвалілі Парадак дня на 21-е стагодзьдзе. У 1993 годзе Статыстычная камісія ААН зацьвердзіла Стандартную міжнародную клясыфікацыю турысцкай дзейнасьці. У 1994 годзе ў Самаркандзе (Узбэкістан) СТА і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры ўхвалілі сумесную Дэклярацыю «Аб турызьме па Шаўковым шляху». У 1995 годзе ў Кадысе (Гішпанія) СТА правяла 1-ы Форум па парлямэнтах і мясцовым самакіраваньні як творцах турысцкай палітыкі. У Каіры (Эгіпет) Агульны сход СТА ўхваліў Дэклярацыю «Аб прадухіленьні сэкс-турызму». 3 чэрвеня 1998 году ў Андоры стварылі фундацыю «Тэміда» для павышэньня выніковасьці турыстычнай асьветы. У 1999 годзе ў Ніцы (Францыя) Сусьветная нарада па вымярэньні гаспадарчага ўплыву турызму зацьвердзіла Турысцкі спадарожніцкі рахунак, які ў 2000 годзе ўхваліла Статыстычная камісія ААН. У 2001 годзе ў Барсэлёне (Гішпанія) сумесна зь Міжнародным алімпійскім камітэтам (Лязана, Швайцарыя) правялі 1-ю Сусьветную нараду па спорце і турызьме. У 2003 годзе ў Пэкіне (Кітай) Агульны сход СТА падтрымаў пераўтварэньне СТА ў адмысловую ўстанову ААН, што Агульны сход ААН ухваліў сваёй Пастановай. У 2004 годзе СТА і ўрад Паўднёвай Карэі заключылі пагадненьне, паводле якога ў 2005 годзе ў Сэуле разьмясьцілі фундацыю «Устойлівы турызм для выкараненьня галечы» (УТВГ)[9]. У 2004 годзе ўрад Беларусі стаў удзельнікам Сусьветнай турысцкай арганізацыі[8]. У 2008 годзе ў Рыме адчылі Пастаянны сакратарыят Сусьветнага камітэту па турысцкай этыцы.

Генэральныя сакратары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзе мы(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  2. ^ Нашае кіраўніцва(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  3. ^ а б в Справаздача СТА за 2017 год = UNWTO Annual Report 2017. — Мадрыд: Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2018. — С. 93, 102-103. — 106 с. — ISBN 978-92-844-1979-1
  4. ^ а б Будова(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  5. ^ Хто мы(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  6. ^ Пра нас (Сувязная сядзіба ў Жэнэве)(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  7. ^ Дзяржавы-ўдзельніцы(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.
  8. ^ а б Дыяна Серадзюк. «Чарнобыльскі» турызм саступіў месца паляваньню // Зьвязда : газэта. — 15 кастрычніка 2013. — № 194 (27559). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ а б Гісторыя(анг.) // Сусьветная турысцкая арганізацыя, 2019 г. Праверана 13 чэрвеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]