Судзебнік Казімера
Судзебнік Казімера | |
![]() Судзебнік Казімера з фонду Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Маскве (Расея) | |
Створаны | 29 лютага 1468 |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Дзяржаўны гістарычны музэй[d], Расейская дзяржаўная бібліятэка[d] і Ягелонская бібліятэка |
Аўтар(-ы) | Казімер Ягелончык |
Тып носьбіту | папера |
Тэматыка | гаспадарчае права[d] |
Судзе́бнік Казі́мера, Стату́т Казімера, Судзебнік 1468 року — першы звод законаў Вялікага Княства Літоўскага, укладзены вялікім князем Казімерам Ягайлавічам 29 лютага 1468 року. Стаў першай спробай укладаньня законаў ВКЛ[1], працягнутай трыма Статутамі XVI стагодзьдзя. Напісаны рускай мовай[2].
Гістарычнае тло
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыкі сышліся ў меркаваньні, што найбольш імаверна Судзебнік Казімера быў укладзены ў лютым 1468 року, калі Сойм ВКЛ засядаў у Вільні[3]. Дакладную дату выданьня (29 лютага 1468 року) вызначыў протаярэй Іван Грыгаровіч[4]. Судзебнік напісаны рускай мовай суцэльным тэкстам. Арыгінал да нашага часу не захаваўся, аднак існуюць некалькі сьпісаў канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў[1]:
- так званы «Румянцаўскі», датаваны 80-мі гадамі XV стагодзьдзя, захоўваецца, у Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы;
- «Тарноўскі» (апошняя чвэрць XV стагодзьдзя) захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў, Польшча);
- «Увараўскі» (канец XV — пачатак XVI стагодзьдзя) — у Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі[5].
Апошні асобнік найбольш поўны, упершыню яго апублікаваў у 1826 року Ігнацы Даніловіч, прафэсар права Віленскага ўнівэрсытэту[6]. Назва Судзебнік ці Статут Казімера — сучасная, у арыгінале меў агульнапрынятую для такіх дакумэнтаў назву «Ліст». Падзел на 25—28 артыкулаў зьдзейсьнілі дасьледнікі ў XIX стагодзьдзі[4][3].
Судзебнік складзены на аснове звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі. У адрозьненьне ад ранейшых вялікакняскіх прывілеяў, не надаваў шляхце новых правоў. Як вынікае са зьместу, кодэкс прызначаўся для шляхцічаў і земляўласьнікаў, якія атрымалі ад Казімера ў 1447 року прывілей на княскіх сялянаў(d) — кляс залежных сялянаў, якія ў выніку стануць прыгоннымі[3]. Кодэкс спрабаваў упарадкаваць абыходжаньне з такімі сялянамі. У дакумэнце не пазначана, для якіх судоў ці абшараў ён прызначаны, але гісторыкі лічаць, што ягонае дзеяньне магло распаўсюджвацца на ўсю тэрыторыю ВКЛ да прыняцьця I Статуту 1529 року.
Нягледзячы на нязначны памер і ахоп, Судзебнік 1468 року меў агромнае значэньне для парадкаваньня заканадаўства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён зафіксаваў нормы літоўскага звычаёвага права, запачаткаваў кадыфікацыю будучых Статутаў, якія сталі паўнавартасным зводам тагачаснага літоўскага права, узорным для суседніх дзяржаваў.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кодэкс усталяваў адзіныя для ўсёй дзяржавы пакараньні і судовыя працэдуры за асобныя віды злачынстваў[1]. Ён закранаў толькі злачынствы супраць уласнасьці (крадзеж і рабаваньне). Мноства іншых выпадкаў ня трапілі ў кодэкс і судзіліся паводле звычаёвага права. Упершыню законам быў усталяваны мінімальны век, зь якога пачыналася крымінальная адказнасьць: сем гадоў[5].
Найперш у Судзебніку пералічаныя пакараньні для простых сялянаў, яія ў XV стагодзьдзі паступова пераўтвараюцца з вольных у прыгонных. Узмацненьне фэадальнага прыгнёту было замацавана артыкулам, які прадугледжваў суворае пакараньне за садзейніцтва ўцёкам нявольных і фэадальна залежных сялянаў[5].
Шляхцічаў тычыліся артыкулы, што разьвязвалі тэрытарыяльныя спрэчкі: Судзебнік забараняў практыку наездаў і апісваў судовы спосаб вырашэньня такіх пытаньняў. Злачынствы, зьвязаныя з самахотнай вырубкай лесу, наезды, рабаваньні меў судзіць сам вялікі князь з паны-радай. Княскіх сялянаў судзілі цівуны, а прыгонных — іхнія паны ці прызначаныя імі асобы[6].
Упершыню ў Судзебніку Казімера зьявілася азначэньне злачынства як парушэньня закону. Пералічаныя чатыры віды пакараньняў у залежнасьці ад нанесенай шкоды. У звычаёвым праве існавала практыка кампэнсаваць пацярпеламу матэрыяльную шкоду, а скрадзенае майно перадавалі на карысьць суду. Судзебнік абмяжоўваў гэтае права: калі злачынца ня мог кампэнсаваць шкоду, то суд быў абавязаны вярнуць пацярпеламу канфіскаванае майно. За буйныя крадзяжы (на суму большую чым паўканя) былі ўведзеныя цялесныя пакараньні і нават павешаньне, якім маглі пакараць за паўторныя злачынствы, выкраданьне кароваў і коней ды буйнейшыя крадзяжы.
Кодэкс забараняў выкупленьне асуджанага ад сьмяротнай кары, як дагэтуль дзеялася ў звычаёвым праве. Было дазволенае выкарыстаньне катаваньняў для абвінавачаных у крадзяжы. Саўдзельнікі — блізкія сваякі абвінавачанага — несьлі салідарную адказнасьць, за выняткам выпадкаў, калі ня ведалі і ня бралі ўдзелу ў злачынстве[6]. У апошнім разьдзеле ўводзілася адказнасьць для ўсіх жыхароў за належнае абыходжаньне і ўтрыманьне ў парадку дарогаў і мастоў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Rimvydas Petrauskas, Jūratė Kiaupienė Lietuvos istorija. Nauji horizontai: dinastija, visoumenė, valstybė (лет.). — Baltos lankos, 2009. — Т. IV. — С. 320—321. — ISBN 978-9955-23-239-1
- ^ Burinskaitė, Kristina Lietuvos ir Rusijos santykiai XV-XX a. (лет.). — Alma littera, 2005. — С. 28. — ISBN 978-9955-08-897-4
- ^ а б в Machovenko, Jevgenij Lituvos Didžiosios Kunigaikštystės teisės šaltiniai (лет.). — Vilnius: Justitia, 2000. — С. 50—52. — ISBN 9986-567-32-7
- ^ а б 2002. С. 250.
- ^ а б в Судзебнік Казіміра (1468) Гісторыя Беларусі Праверана 9 верасьня 2023 г.
- ^ а б в Vytautas Andriulis, Mindaugas Maksimaitis, Vytautas Pakalniškis, Justinas Sigitas Pečkaitis, Antanas Šenavičius Lietuvos teisės istorija (лет.). — Vilnius: Justitia, 2002. — С. 83—93. — ISBN 9986-567-81-5
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Судзебнік 1468 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Судебник Казимира IV 1468 // Юридична енциклопедія : [у 6 т.] / ред. кол.: Ю. С. Шемшученко (відп. ред.) [та ін.]. — К.: Українська енциклопедія ім. М. П. Бажана, 2003. — Т. 5 : П — С. — 736 с. — ISBN 966-7492-05-2
- Juliusz Bardach. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVII w.. — Warszawa: 1970.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аўтэнтык Судзебніка Казімера (ст.-бел.)
- Выданьне з камэнтарамі Ігнацыя Даніловіча (пол.)