Перайсьці да зьместу

Стурля Гольм Легрэйд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стурля Гольм Легрэйд Біятлён
Агульная інфармацыя
Грамадзянства
Нарадзіўся 20 лютага 1997(1997-02-20)[1] (29 гадоў)
Рост 181 см
Тытулы
Алімпійскі чэмпіён 1
Алімпійскіх подыюмаў 1
Чэмпіён сьвету 7
Кубак сьвету 1 (2025)
Малы Кубак сьвету 5
Кубак сьвету
(у тым ліку Алімпійскія гульні)
Перамог 33
Подыюмаў 77
Мэдалі
Алімпійскія гульні
Золата Пэкін-2022Эстафэта
Чэмпіянат сьвету
Золата Паклюка-2021Мяш. эстафэта
Золата Паклюка-2021Індывідуальная
Золата Паклюка-2021Эстафэта
Золата Паклюка-2021Мас-старт
Золата Обэргаф-2023Мяш. эстафэта
Золата Новэ-Места-2024Спрынт
Золата Ленцэргайдэ-2025Эстафэта
Срэбра Обэргаф-2023Перасьлед
Срэбра Обэргаф-2023Індывідуальная
Срэбра Обэргаф-2023Эстафэта
Срэбра Новэ-Места-2024Перасьлед
Срэбра Новэ-Места-2024Эстафэта
Срэбра Ленцэргайдэ-2025Мас-старт
Бронза Обэргаф-2023Спрынт

Стурля Гольм Легрэйд (па-нарвэску: Sturla Holm Lægreid) — нарвэскі біятляніст. Здабываў залаты мэдаль на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году[3], а таксама Кубак сьвету 2024—2025 гадоў.

Легрэйд гадаваўся ў Бэруме, то бок прадмесьці Осьлё, у сям’і з трыма дзецьмі, якая займалася спортам[4]. Яшчэ зь дзяцінства займаўся лыжамі, а таксама футболам, тэквандо і бандзі. У веку 16 гадоў засяродзіўся на біятлёне і цягам трох гадоў наведваў спартовую гімназію ў Осьлё[5]. У гэты час ён браў удзел у Эўрапейскім юнацкім зімовым алімпійскім фэстывалі 2015 году, дзе здабыў срэбра ў гонцы перасьледу і золата ў зьмяшанай эстафэце[6].

Улетку 2020 году Нарвэская асацыяцыя біятлёну ўлучыла Легрэйда ў сваю зборную з шасьці чалавек. На першым этапе Кубка сьвету ў новым сэзоне ў Кантыялахці нечакана здабыў перамогу ў індывідуальнай гонцы на 20 км з чыстай стральбой, атрымаўшы жоўтую кашулю як лідэр у агульным заліку. За сэзон спартовец атрымаў яшчэ шэсьць асабістых перамогаў і заняў 2-і радок у агульным заліку, саступіўшы першае месца Яганэсу Тынэсу Бё. На чэмпіянаце сьвету ў Паклюцы ў 2021 годзе заваяваў чатыры залатыя мэдалі, то бок у асабістым заліку, масавым старце, мужчынскай эстафэце і зьмяшанай эстафэце, дзе ў кожнай гонцы выходзіў як пачатковы лыжнік. Асабліва добра ў нарвэжца атрымлівалася на стрэльбішчы, дзе трапна цэліў у 97% мішэняў у індывідуальных гонках чэмпіянату сьвету[7], трымаючы паказьнік ня менш за 92% цягам сэзону. Ён быў другім найлепшым стралком зімы пасьля Сымона Эдэра[8].

Легрэйд (зьлева) разам зь Яганэсам Тынэсам Бё і Сэбастыянам Самуэльсанам на чэмпіянаце сьвету 2023 году.

У алімпійскім сэзоне 2021—2022 гадоў Легрэйд здабыў дзьве індывідуальныя і чатыры эстафэтныя гонкі Кубка сьвету. Ён зноў быў другім у агульным заліку, на гэты раз саступіўшы французу Кентэну Фіё-Мае. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне меў цяжксьці ў стральбе, праз што застаўся без мэдалёў у асабістых гонках[9]. Тым ня менш, у мужчынскай эстафэце здабыў залаты алімпійскі мэдаль[10]. У сэзоне 2022—2023 гадоў Легрэйд трэці раз запар заняў другое месца ў агульным заліку, зноў саступіўшы Яганэсу Тінэсу Бё. Цягам сэзону Легрэйд атрымаў адную перамогу ў гонцы перасьледу ў Ансі ў складаных умовах. На чэмпіянаце сьвету 2023 году Легрэйд і Бё сталі чэмпіёнамі сьвету ў зьмяшанай эстафэце і заваявалі срэбра ў мужчынскай эстафэце. Легрэйд таксама здабыў срэбра ў перасьледзе і індывідуальнай гонцы на 20 км і бронзу ў спрынце, кожным разам саступаючы Бё. У канцы сэзону Легрэйд прапусьціў некалькі заездаў праз хваробу на каранавірус[11].

На Кубку сьвету 2023—2024 гадоў Легрэйд неаднаразова не трапляў нават у дзясятку найлепшых[12]. Падчас чэмпіянату сьвету ў Ленцэргайдэ ў сьнежні 2023 году Легрэйд выпадкова стрэліў у памяшканьне каманды падчас трэнаваньня з пустымі патронамі, памылкова загрузіўшы поўны магазын замест пустога. Стрэл трапіў у зэдлік. За парушэньне правілаў бясьпекі быў дыскваліфікаваны з гонкі з масавым стартам[13]. На чэмпіянаце сьвету ў Новэ-Места 10 лютага 2024 году стаў чэмпіёнам сьвету ў спрынце, апярэдзіўшы Яганэса Тынэса Бё. Сэзон 2024—2025 гадоў быў для спартоўца выніковым. Не зважаючы на тое, што на чэмпіянаце сьвету 2025 году ён цешіўся залатым мэдалём толькі ў эстафэце, узяўшы толькі срэбра ў масавым старце, нарвэжац стаў пераможцам Кубка сьвету, у тым ліку трымаючы першае месца ў заліках індывідуальных гонак, перасьледу і масавага старту. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году разжыўся ажно пяцьцю мэдалямі, але аніводнага залатога зь іх не было.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]