Перайсьці да зьместу

Староствы Летувы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Староствы Летувы (лет. senіūnіja) — гэта найменшыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Летувы. Староства можа ахопліваць невялікую тэрыторыю зь некалькімі вёскамі, адзін горад ці частку буйнога горада. Памеры й колькасьць насельніцтва старастваў адрозьніваюцца ў залежнасьці ад іх разьмяшчэньня й характару мясцовасьці. Некалькі старастваў утвараюць муніцыпалітэт.

Староствы Летувы паводле насельніцтва

Староствы займаюцца вырашэньнем дробных мясцовых пытаньняў, такіх як рамонт ходнікаў і грунтавых дарог, а таксама вядуць улік усіх сем’яў, якія пражываюць на іх тэрыторыі. Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што — у адрозьненьне ад больш буйных адміністрацыйных адзінак — стараста (кіраўнік староства) мае магчымасьць пагутарыць з кожным жыхаром.

Сучасная Летува падзелена на 10 паветаў, 60 муніцыпалітэтаў і 546 старостваў. Староствы выконваюць функцыі раёнаў у складзе муніцыпалітэта. У гарадах стараста абіраецца для кожнага староства адначасова з выбарамі мэра горада.

У Вялікім Княстве Літоўскім гэты тэрмін пазначаў значна большыя адміністрацыйныя адзінкі, напрыклад, Жамойцкае староства — назву Жамойцкага княства ў пэрыяд 1422–1441 гадоў.

Па стану на 31 сьнежня 2025 году ў Летуве налічвалася 534 староства.