Полацкі летапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Полацкі летапіс
Жанр: летапіс
Год напісаньня: XII ст.

По́лацкі ле́тапіс — летапіс, існаваньне якога гіпатэтычна дапускаецца шэрагам гісторыкаў, але які не захаваўся. Мог быць складзены ў Полацку ў XII ст. На думку С. М. Салаўёва, У. Ц. Пашуты, Л. В. Аляксеева, урыўкі з гэтага летапісу ёсьць у Кіеўскім летапісе.

На думку прыхільнікаў гіпотэзы, на карысьць існаваньня такога летапісу сьведчыць апавяданьне ў Кіеўскім летапісе (пад 1159) пра вяртаньне на полацкі сталец, раней выгнанага палачанамі кн. Рагвалода-Васіля Барысавіча. Апавяданьне складзенае відавочцам зь яскравымі дэталямі. Другім доказам, на іхнюю думку, зьяўляецца фрагмэнт (пад 1180) з Іпацьеўскага сьпісу пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі пад Друцак, залежны ад смаленскіх князёў (тым часам смаленскім кн. быў Давыд Расьціславіч). Пра тутэйшы, полацкі запіс сьведчыць дэталізацыя — дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў.

Пра існаваньне летапісаньня ў Полацку наогул паведамляў В. М. Тацішчаў (пачатак XVIII ст.), які ў сваёй працы «Гісторыя Расійская» узгадваў пра сьпіс, які належаў пецярбурскаму архітэктару П. М. Яропкіну, і дзесяць разоў спасылаўся на зьмест сьпісу, які, аднак, не дайшоў да нашых дзён — зьнікнуў падчас пажараў у Маскве ў 1812 годзе. Гісторык выпісаў толькі некаторыя фрагмэнты, у тым ліку летапісны артыкул 1217 г., пра астатняе В. М. Тацішчаў заўважыў: «…много о полоцких, витебских и других князей писано, токмо я не имел времени всего выписать и потом не достал…»[1].

Магчыма, што ў Полацкай зямлі было створанае, а потым трапіла ў Кіеў і «Паданьне пра Ўсяславічаў», зафіксаванае ў Лаўрэнцьеўскім сьпісе пад 1128 годам. На думку Ю. А. Зайца, яно зьяўляецца пераказам тэксту гістарычнае песьні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны ў кан. XI — пач. XII ст.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Татищев В. Н. … С. 269.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. — Гродна: Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы», 2006. — С. 33, 34. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7;
  • Майоров А. В. О Полоцкой летописи В. Н. Татищева // Труды отдела древнерусской литературы Института русской литературы (Пушкинский дом). СПб., 2005, Т. 57;
  • Татищев В. Н. История Российская. — М.-Л., Изд-во АН СССР, т. II. 1962;
  • Powierski Jan. Księżniczka pomorska w Połocku // Pomorze słowiańskie i jego sąsiedzi X—XV w. — Gdańsk, 1995. S. 93—119.