Мікола Пракаповіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Пракаповіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Пракаповіч
Нарадзіўся 1 лістапада 1948 (75 гадоў)
в. Пугачова, Берасьцейскі раён (у межах Берасьця), Берасьцейская вобласьць, БССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, тэлежурналіст
Гады творчасьці 1966 — цяпер
Кірунак паэзія
Мова беларуская
Дэбют берасьцейская абласная газэта «Заря» (1966)
Прэміі ляўрэат прэміі імя М. Багдановіча (1993), Літаратурнай прэміі імя Ўладзімера Калесьніка (2008)
Узнагароды Ганаровая грамата Берасьцейскага аблвыканкаму (2008), званьне «Берасьцейская зорка»

Мікала́й Мікалаевіч Пракаповіч (нарадзіўся 1 лістапада 1948 году, в. Пугачова, сёньня ў межах Берасьця) — беларускі паэт, тэлежурналіст, краязнаўца, грамадзка-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край». Адзін з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Берасьці і на Берасьцейшчыне ў канцы 1980-х — 1990-х. Сябра БНФ з 1989 году.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікола Пракаповіч нарадзіўся ў сям’і рабочага ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 году стала адным з мікрараёнаў Берасьця. Насамрэч ён нарадзіўся 21 кастрычніка 1948 году, хоць у пашпарце ў яго фактычна запісана 1 лістапада. Сталася так, што праз шматлікія клопаты бацькі ня здолелі адразу зарэгістраваць народжанае дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку тады накладваўся даволі сур’ёзны штраф. У выніку яго зарэгістравалі ў найбліжэйшы да рэальнага дня нараджэньня дзень — 1 лістапада[1].

Выхоўваўся ў колішнім прыгарадзе Берасьця за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сьведчаньня, практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыцьцё на тэлебачаньні: народныя традыцыі, песьні, сьвяты. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вясельлях.

Мікола Пракаповіч скончыў сярэднюю школу № 4 г. Берасьця на Валынцы.

У 1970-м скончыў беларускае аддзяленьне факультэту мовы і літаратуры Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў настаўнікам у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёну. У 1971—1972 гг. служыў у Савецкай Арміі.

З 1972 году — рэдактар Берасьцейскага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Берасьцейскай студыі тэлебачаньня.

З 1975 году — старшы рэдактар, пазьней загадчык аддзелу мастацкіх праграмаў Берасьцейскага тэлерадыёаб’яднаньня. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Берасьце», «Край».[2] Дыплямант міжнародных тэлефэстываляў.

Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачаньні — практычна ўсё свядомае жыцьцё. Яго аўтарская перадача «Край» — гэта праект, які ведаюць ня толькі ўсе творчыя людзі Берасьцейшчыны, якіх ён запрашаў на свае перадачы, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю ў рэгіёне. Хіба не засталося ніводнага цікавага кутка на Берасьцейшчыне, куды б не выязджаў са здымачнай групай журналіст-краязнавец Мікола Пракаповіч. Усяго ў этэр выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы.[3]

У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменьнікаў. У 1984—1990 гадах быў сакратаром Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

На працягу 10 гадоў паэт Мікола Пракаповіч кіраваў літаратурнай студыі «Спадчына» у Берасьцейскім абласным цэнтры моладзевай творчасьці, якая яднала маладых паэтаў гораду.[4]

У 1990-ыя не аднойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў беларускі парлямант і мясцовыя органы ўлады рознага ўзроўню ад БНФ «Адраджэньне».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сямейных каранях Пракаповічаў была свая творчая жылка. Ягоны дзед Ілья (Гальляш) з Слонімшчыны лічыўся майстрам ня толькі пілы і сякеры, зь якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысьвяціў яму потым унук-паэт Мікола Пракаповіч. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік Міколы Пракаповіча «Неад’емнае» (1982).

Першы свой верш (па-расейску) ён апублікаваў у 1966 годзе ў берасьцейскай абласной газэце «Заря» яшчэ будучы шкаляром. Заахвоціў пісаць вершы яго сусед Дзьмітры Васільеў, родам з Масквы, былы танкіст. Ён ваяваў, меў ордэн Славы, працаваў правадніком на чыгунцы і пісаў вершы ды песьні на іх. Ягоны прыклад і захапіў юнага Міколу Пракаповіча. Сусед падправіў яго верш і аддаў абласную газэту «Заря», дзе ён быў надрукаваны.[5] Юнак стаўся героем школы. Пачаў пісаць вершы — і па-расейску, і па-беларуску. Аднойчы, ужо ў старэйшых класах, настаўніца беларускай літаратуры сказала «пачынаючаму паэту»: «Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш». Ён выбраў – беларускую.

Пазьней Дзьмітры Васільеў прывёў Міколу Пракаповіча на пасяджэньне літаратурнага аб’яднаньня пры газэце «Заря», пазнаёміў з Міхасём Рудкоўскім, які гэтае літаб’яднаньне ў Берасьці тады ўзначальваў.

Калі паступіў вучыцца на філялягічны факультэт Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту яму, як і многім, хто цягнуўся да прыгожага пісьменства, да літаратуры, вельмі пашанцавала — у той час там працаваў пісьменьнік і літартурны крытык Уладзімер Калесьнік. Ён і стаў сапраўдным літаратурным настаўнікам для Міколы Пракаповіча.

Першая кніга паэта «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Далей былі ўласныя зборнікі «Неад’емнае» (1982) і «На кругі свае» (1986) і іншыя.

Вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на расейскую і ўкраінскую мовы. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазытарамі, супрацоўнічае з мастакамі, з калектывам абласнога тэатру лялек.

Творы Міколы Пракаповіча:

  • Мікола Пракаповіч. Нашчадкі (вершы) // Белая вежа. Зборнік паэзіі. Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. С. 207–228. (Першая кніга паэта).
  • Неад’емнае (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1982. 54 с.
  • На кругi свае (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1986. 86 с.
  • Мяжа надзеі (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1993. 142 с.
  • Мікола Пракаповіч. Літары на літоўцы (вершы) // М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Трохперсце (вершы). Мінск, Літаратура і мастацтва, 2008. С. 55–104.
  • Микола Прокопович. На Миколу (стихи) // Белой вежи свет. Зборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Мінск: Лiтаратура i Мастацтва, 2010. С. 61–64.

Адзнакі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). Паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч зьяўляецца ляўрэатам Літаратурнай прэміі Берасьцейскага аблвыканкаму імя Ўладзімера Калесьніка (2008). Узнагароджаны Ганаровай граматай Берасьцейскага аблвыканкаму (2008). Таксама атрымаў званьне «Берасьцейская зорка» (1999) у намінацыі «Журналістыка».

Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцыяў абласных, раённых і гарадзкіх газэт, тэлебачаньня і радыё, прафэсійных журналістаў у намінацыі «Захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.
  2. ^ Алена Гармель (14.09.2013) Край… і рай з Міколам Пракаповічам Рэй
  3. ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.
  4. ^ Алена Гармель (14.09.2013) Край… і рай з Міколам Пракаповічам Рэй
  5. ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.