Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
W (гутаркі | унёсак)
мзс
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 21:17, 18 жніўня 2010

Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь (МЗС Беларусі) — міністэрства ўраду Беларусі, упаўнаважанае ажыцьцяўляць ды ўзгадняць вонкавыя сувязі дзяржавы. Міністар замежных справаў прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам ды ўваходзіць у склад прэзыдыюму ўраду. З 21 сакавіка 2003 году пасаду міністра займае Сяргей Мартынаў.

Склад

  1. Цэнтральны апарат — 4 галоўныя ўправы, 16 управаў, па адным дэпартамэнце, сакратарыяце ды службе[1];
  2. 60 дыпляматычных прадстаўніцтваў у 47 дзяржавах — 45 амбасадаў, 7 сталых прадстаўніцтваў пры міжнародных арганізацыях, 7 генэральных консульстваў ды адно консульства, а таксама 12 аддзяленьняў амбасадаў[2];
  3. Нацыянальны цэнтар маркетынгу і кан'юнктуры цэнаў (НЦМКЦ).

Задачы

  1. ажыцьцяўленьне адзінай вонкавай палітыкі;
  2. забеспячэньне дзяржаўных зацікаўленасьцяў у міжнародных дачыненьнях;
  3. карыснае прадстаўленьне ўрада ў дачыненьнях зь іншымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі ды міждзяржаўнымі ўтварэньнямі;
  4. узгадненьне ўзаемінаў зь імі управаў ураду;
  5. ахова зацікаўленасьцяў грамадзянаў ды юрыдычных асобаў дзяржавы за мяжою;
  6. спрыяньне прасоўваньню замежных гаспадарчых зацікаўленасьцяў дзяржавы;
  7. плянаваньне вонкавай дзейнасьці;
  8. падача прапановаў прэзыдэнту, ураду й Нацыянальнаму сходу аб рэагаваньні на чыньнікі й кірункі міжнароднага разьвіцьця ды стратэгічных напрамках вонкавай супрацы;
  9. забесьпячэньне выкананьня іх пастановаў аб вонкавай дзейнасьці дзяржавы;
  10. узгадненьне ўтварэньня ды зьмены органамі ўлады дамоўна-прававой асновы дачыненьняў з іншымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі ды міждзяржаўнымі ўтварэньнямі;
  11. нагляд за ды спрыяньне выкананьню органамі ўлады міжнародных дамоваў дзяржавы;
  12. узгадненьне працы па ўступленьні дзяржавы ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю;
  13. кіраваньне дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі дзяржавы;
  14. выдача зьвестак аб умовах вонкавагаспадарчай дзейнасьці;
  15. спрыяньне разьвіцьцю падмуркаў вонкавай дзейнасьці дзяржавы;
  16. узгадненьне ўтварэньня парадка гандлю таварамі з іншымі дзяржавамі;
  17. спрыяньне прыцягненьню замежных укладаньняў;
  18. спрыяньне супрацы грамадзкіх аб'яднаньняў з суайчыньнікамі за мяжою.

Паўнамоцтвы

  1. запыт зьвестак;
  2. загадваньне падначаленымі дзяржаўнымі ўстановамі;
  3. нарады аб вонкавай дзейнасьці дзяржавы з зацікаўленымі ўстановамі й адмыслоўцамі;
  4. ухваленьне ведамственных пастановаў ды праверка іх выкананьня;
  5. ухваленьне супольных зь іншымі ўправамі ўраду пастановаў;
  6. прыём справаздачаў кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў дзяржавы аб вонкавай дзейнасьці;
  7. стварэньне друкаваных выданьняў;
  8. стварэньне ведамственных узнагародаў;
  9. стварэньне, ператварэньне й скасаваньне падначаленых установаў[3].

Мінуўшчына

Пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці 25 жніўня 1991 году МЗС больш як тры гады працягвала кіравацца Пастановаю Рады міністраў БССР ад 25 кастрычніка 1988 г. № 302. 30 чэрвеня 1995 году ўрад ухваліў Пастанову № 343 аб новай уставе МЗС, паводле якой прэзыдэнт упаўнаважваўся прызначаць ды здымаць з пасады міністра замежных справаў пры згодзе Вярхоўнага Савета[4]. Рада міністраў скасавала гэтую ўставу Пастановай ад 4 лютага 1999 году № 189[5]. Паводле дзейнай Пастановы Рады міністраў ад 31 ліпеня 2006 г. № 978 міністар прызначаецца й звальняецца прэзыдэнтам адзінаасобна[3].

Дыпляматычная служба

Міністар наймае дыпляматаў зь ліку грамадзянаў, якія:

  1. маюць вышэйшую адукацыю,
  2. валодаюць дзьвюма замежнымі мовамі,
  3. валодаюць інфармацыйнымі тэхналёгіямі,
  4. ня маюць абмежаваньняў для працы з дзяржаўнымі таямніцамі.

Ня менш як праз год працы дыплямат дапускаецца да прызначэньня ў дыпляматычнае прадстаўніцтва пры наяўнасьці двухгадовага стажу кіроўцы. Працягласьць працы ў прадстаўніцтве на пасадзе да першага сакратара або консула ўлучна складае да 3 год, на пасадзе дарадцы, старшага дарадцы ды дарадцы-пасланьніка — да 4 год, а надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара, сталага прадстаўніка пры міжнароднай арганізацыі ды генэральнага консула — да 5 год. Надзвычайныя і паўнамоцныя амбасадары й сталыя прадстаўнікі пры міжнародных арганізацыях прызначаюцца й здымаюцца з пасадаў прэзыдэнтам, а намесьнікі міністра, кіраўнік дэпартамэнта вонкаваэканамічнай дзейнасьці, пасланьнікі, павераныя ў справах, дарадцы-пасланьнікі ды генэральныя консулы — Радаю міністраў[6].

Крыніцы

  1. ^  (рас.)Цэнтральны апарат Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь // Сайт МЗС Беларусі. Дата доступу: 18 жніўня 2010.
  2. ^  (рас.)Гісторыя МЗС Беларусі // Сайт МЗС Беларусі. Дата доступу: 18 жніўня 2010.
  3. ^ а б  (рас.)Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2006 г. № 978 // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Дата доступу: 18 жніўня 2010.
  4. ^  (рас.)Пастанова Кабінэта міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 1995 г. № 343 // Сайт «Беларускі прававы партал». Дата доступу: 18 жніўня 2010.
  5. ^  (рас.)Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 1999 г. № 189 // Сайт «Бусел». Дата доступу: 18 жніўня 2010.
  6. ^  (рас.)Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 траўня 2008 г. № 276 // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Дата доступу: 18 жніўня 2010.

Вонкавыя спасылкі