Бруге: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Xqbot (гутаркі | унёсак)
д робат зьмяніў: eu:Brujas
Xqbot (гутаркі | унёсак)
д робат зьмяніў: arz:بروج
Радок 170: Радок 170:
[[li:Brugge]]
[[li:Brugge]]
[[hu:Brugge]]
[[hu:Brugge]]
[[arz:بروچ]]
[[arz:بروج]]
[[nl:Brugge]]
[[nl:Brugge]]
[[ja:ブルッヘ]]
[[ja:ブルッヘ]]

Вэрсія ад 05:58, 8 ліпеня 2010

Бруге
Brugge
Бруге
Герб Бруге Сьцяг Бруге
Горад з: 1128
Мэр: Патрык Мунарт (па-нідэрляндзку: Patrick Moenaert)
Плошча: 138 км²
Насельніцтва (2006)
• колькасьць:
• шчыльнасьць:

117,224
847
Часавы пас: UTC+1
Паштовы індэкс: 8000, 8200, 8310, 8380
Геаграфічныя каардынаты: 51°12′ пн. ш. 3°13′ у. д. / 51.2° пн. ш. 3.217° у. д. / 51.2; 3.217Каардынаты: 51°12′ пн. ш. 3°13′ у. д. / 51.2° пн. ш. 3.217° у. д. / 51.2; 3.217
Бруге на мапе Бэльгіі
Бруге
Бруге
Бруге
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons
http://www.brugge.be/

Бруге (па-нідэрляндзку: Brugge; па-француску: Bruges; па-ангельску: Bruges) — места ў Фляндрыі, у Бэльгіі. Сталіца правінцыі Заходняя Фляндрыя.

Гістарычны цэнтар (плошчай 430 га), як сярэднявечнае места, занесены ў сьпіс сусьветнае спадчыны ЮНЭСКА. У час свайго росквіту ў пэрыяд Сярэднявечча насельніцтва складала 200,000 жыхароў (цяпер — крыху болей за 117 тыс.). Дзякуючы сярэднявечнаму багацьцю сёньняшні Бруге лічыцца адным з самых маляўнічых местаў Эўропы.

Бруге — важны эканамічны цэнтар краіны. На прыканцы XX стагодзьдзя па-за межамі гістарычнага ядра быў пабудаваны сучасны марскі порт, дзякуючы чаму места вярнула сабе згубленую ролю гандлёвага марскога места.

Паходжаньне назвы

Найстарэйшая крыніца, ў якой упершыню даецца назва места, датуецца 875 рокам. Гэтая крыніца — старажытныя манэты, на якіх напісана Bruggia ды Bruccia. Аднак дакладнае паходжаньне назвы места дагэтуль не зафіксаванае. Магчыма, гэта скажонае кельцкае імя для ракі Рае (па-нідэрляндзку: Reie), якая цячэ праз места. Што тычыцца назвы самой ракі, то яна, імаверна, паходзіць ад кельцага слова Рогія (Rogia), што значыць «Сьвятая вада». У працэсе эвалюцыі імя ракі з Rogia да Ryggia, зьмянялася і назва места — да Bryggia.

Пазьней адбылося зьмяшэньне са старажытнанарвэскім словам bryggja, што абазначае «памосткі» ды «прыстань». Старажытнанарвэскі ўплыў бярэцца да ўвагі дзякуючы інтэнсіўным гандлёвым сувязям з Скандынавіяй па Паўночным моры.

Гіпотэза, якая зьвязвае назву места са словам «мост» (па-нідэрляндзку: brug) лічыцца найменш імавернай. Абгрунтаванне непрыняцця такога паходжаньня назвы падмацоўваецца эвалюцыяй самаго слова brug, якое раней вымаўлялася як Brigge (для параўнаньня, ангельскае слова bridge, старажытнаангельскае — brycg, фрызкае — brigge або bregge, гальскае — briva).

Неафіцыйныя назвы места

Выгляд з вежы-званіцы (het Belfort)

Часта места называюць «Паўночнай Вэнэцыяй» з-за вялікай колькасьці каналаў і мастоў (каналы ў Бруге атрымалі ўласнае імя — ра́ен («reien») ад назвы ракі, што цячэ праз места — Рае). Таксама жыхары Бруге называюць сваё места — Брэйдэлстад («Breydelstad»). Гэтая назва пайшла ад імі легендарнага героя з паданьняў XIV стагодзьдзя Яна Брэйделя.

Жартаўлівая мянушка жыхароў Бруге — «Бругскія вар’яты» («Brugse zotten»). Гэтая мянушка зьявілася дзякуючы наступнае лягендзе: жыхары места падчас сваёй барацьба за аўтаномію ў Сьвяшчэннае Рымскае імпэрыі, ў 1488 року зьняволілі на чатыры месяцы Максыміліяна I Аўстрыйскага. За гэта месту было забаронена праводзіць штогадовы кірмаш. Каб неяк задобрыць манарха, жыхары Бруге для яго правялі вялікі фэст для вяртаньня дазволу на правядзеньне кірмашу, на спагнаньне падаткаў і ... будаўніцтва вар’яцкага дому. Ягоны адказ быў такі: «Зачыніце ўсе порты Бруге і атрымаеце вар’яцкі дом!».

Геаграфія

Места месьціцца на паўночным захадзе краіны, за 15 км ад марскога берагу. Бруге атачаюць пладаносныя раўніны. Места знаходзіцца на чыгуначнае лініі Гент — Остэндэ. На тэрыторыі места зьліваюцца тры каналы — ў накірунку Гента, Сьляўса ды Остэнда; глыбіня гэтых каналаў дазваляе хадзіць па ім вялікім марскім караблям.

Гісторыя

Гісторыя да XVI стагодзьдзя

Вежа-званіца — сымбаль сярэднявечнага росквіту Бруге

Гісторыя Бруге, якая падмацоўваецца дакладнымі зьвесткамі, адносіцца да III стагодзьдзя — пэрыяд Рымскае імпэрыі, калі рымскія войскі для абароны тэрыторыі ад набегаў германскіх плямёнаў пабудавалі шэраг умацаваньняў. Адное з такіх умацаваньняў было разьлічанае на абарону ад уварваньня з Паўночнага мора і працягнулася на ўзьбярэжжы ля вусьця ракі Рае, дзе пазьней паўстала места.

Марскі гандаль атрымаў у гэтым раёне значнае разьвіцьцё дзякуючы блізкасьці Ангельшчыны і зносінамі са Скандынавіяй. Аднак спачатку вялікія караблі маглі дасягаць Бруге толькі падчас прыліву. Так было да XII стагодзьдзя, пакуль пасьля пасьлядоўнага напаўненьня вадой аднаго з рукавоў ракі, места ні атрымала прамога і дастаткова глыбокага выхаду да мора.

У XIII стагодзьдзя Бруге становіцца важным міжнародным гандлёвым цэнтрам на шляхах з поўдня на поўнач Эўропы. Места набыло прывіеляваную пазыцыю ў гандлі тканінамі з Ангельшчынай у параўнаньні з астатнімі флямандзкімі местамі. Важным чыньнікам было і тое, што Бруге меў добрыя сувязі з унутранымі раёнамі Эўропы, якія праходзілі праз іншыя важныя месты — Гент, Мэхелен, Брусэль ды Лёвэн. У непарыўнае сувязі з міжнародным гандлем разьвіваліся і іншыя галіны эканомікі, ў тым ліку банкаўская сфэра.

Пра багацьце места ў тыя часы сьведчаць пабудаваныя ў 1240 року палата суконшчыкаў ды вежа-званіца, а таксама адрамантаваны пасьля пажару ў 1280 року замак, як прыкмета палітычнае і эканамічнае самастойнасьці места.

XIV стагодзьдзя па праве лічыцца «Залатым векам» Бруге. Насельніцтва ў гэты пэрыяд дасягнула 46.000 жыхароў — столькі, сколькі ў ім больш ніколі не жыло да пачатку XIX стагодзьдзя.

Заняпад XV—XVI стагодзьдзяў

Мапа Бруге 1562 року

У XV стагодзьдзя эканамічныя пазыцыі Бруге саслабіліся. Асноўнае прычынай да таго стала паступовае абмяленьне выхаду да мора, з-за чаго порт Антвэрпэна стаў болей зручным для марскога гандлю. Неўзабаве з Бруге ў Антвэрпэн пераехалі і ганзейскія канторы ды факторыі. Акрамя таго, для заняпаду былі і палітычныя прычыны: пасьля нечаканай сьмерці графіні Марыі Бургундзкай у 1482 року ды паўстаньня ў Фляндрыі супраць Максыміліяна I Аўстрыйскага, места страціла ласку. Бруге вымушаны быў зруйнаваць свае муры і адмовіцца ад самастойнасьці.

Падчас Васьмідзесяцігадовае вайны Бруге быў некалькі разоў полем бітваў. У 1579 року места далучылася да Утрэхцкае ўніі (вайскова-палітычны хаўрус аб’яднанных паўночных правінцыяў Нідэрляндаў супраць гішпанскага панаваньня). Аднак унія супраць Гішпаніі ня хутка вярнула эканамічнае разьвіцьцё: выхад да мора застаўся на пэўны час за гішпанцамі. Гэта значна ўскладняла гандаль, аднак горад працягваў жыць. У 1510 року Бругскі магістрат заснаваў школу для хлапчукоў з бедных сем’яў. Восем рокаў пасьля, ў 1518-м, была заснаваная школа для дзяўчынак.

Бругскія карункі і «паміраючае места» (пэрыяд XVII—XVIII стст.)

Гішпанская каралева Ізабела насіла вопратку, аздобленную бругскімі карункамі

XVII стагодзьдзя ў гісторыі Бруге непарыўна асацыюецца з вырабам карунак. Каклюшкі са звычайнага занятку жанчын перараслі спачатку ў рамяство, а потым і ў цэлую мескую індустрыю.

З 1612 року пачынаюцца адчыняцца школы для дзяўчынак, дзе сярод іншага іх вучылі і майстэрству вырабу карунак. Павялічэньне школаў для дзяйчынак у параўнаньні з колькасьцю школаў для хлапчукоў (125 супраць 15) даказвае, што выраб дадзенай прадукцыі быў запатрабаваным на рынку і паступова становіцца важнае крыніцай прыбытку Бруге. У 1802 року прыкладна 6 тыс. жанчын займаліся вырабам карункаў (пры прыкладнай колькасьці жыхароў места ў 40 тыс. чалавек).

Выраб карункаў па старой тэхналёгіі

Мескае кіраўніцтва прыймала спробы да вяртаньня былое славы Бруге. Самае галоўнае было будаўніцтва новага каналу. Аднак відавочных зьменаў для эканомікі места гэта не прынесьла: як і раней Бруге ня мог канкураваць з больш разьвітымі портамі Фляндрыі — Гентам ды Антвэрпэнам. Бруге — як звычайнае правінцыйнае места — засталося ў баку ад галоўных падзеяў XIX стагодзьдзя: Француская рэвалюцыя, набыцьцё Бельгіяй незалежнасьці, прамысловая рэвалюцыя і г. д. У 1850 року Бруге лічыўся найбяднейшым местам Фляндрыі.

Сучасьнікі, якія бывалі ў месьце, адзначалі ягоную сгасаючую прыгажосьць. Так апісаў у сваіх падарожных нататках Бруге францускі пісьменьнік Віктор Гюго. Аднак самай трапнай ацэнкай жыцьця места стаў раман Жоржа Родэнбаха «Мёртвы Бруге» (па-француску: Bruges-la-Morte) у 1892 року. Ягоны твор меў вялікі посьпех у Эўропе, пазьней быў неаднаразова экранізаваны.

У 1877 бельгійскі кароль Леапольд II сказаў, што быў бы рады, калі б «усе прыгожыя дамы ды помнікі былі адноўленыя так, каб места стала вялікім музэем». Неўзабаве так і сталася дзякуючы архітэктару Луі дэ ла Сэнсэры (па-француску: Louis de la Censerie), рэстаўрацыйныя працы якога зрабілі з правінцыйнага места праслаўленую славутую мясьціну.

XX стагодзьдзе

У 1895 року быў рэалізаваны плян бэльгійскага ўраду па будаўніцтву новага порту — Зээбруге (па-нідэрляндзку: Zeebrugge), які б зьвязваўся з унутраным портам Бруге. Мэта праекту — павялічыць эканамічную прывабнасьць порту месту, аднак з-за недастатку шляхоў зносінаў з іншымі рэгіёнамі краінамі а таксама з-за неразьвітай прамысловасьці ўнутры места, нельга было чакаць хуткага посьпеху.

Адзін з найвялікшых караблёў у сьвеце ў порце Бруге

Акрамя таго, паступоваму разьвіцьцю порту перашкодзіла Першая сусьветная вайна, падчас якой нямецкія войскі захапілі Бруге. Места было вызваленае брытанцамі толькі праз 4 рокі — ў 1918. Паваенны порт пачаў працаваць праз два рокі — ў 1920-м.

Падчас Другое сусьветнае вайны порт Бруге быў зноўку захоплены і на працягу чатырох рокаў знаходзіўся пад акупацыяй. Выкарыстаньне порту аднавілася толькі ў 1951 року, і з гэтага часу пачынаецца няспынны рост ягонае значнасьці. Ужо з 1960-га року порт здольны прыймаць найвялікшыя кантэйнерныя караблі і танкеры. З 1970 па 1985 была праведзеная наступная рэканструкцыя порту: пабудаваныя дзве новыя марскія дамбы, што дазволіла вынесьці гавані глыбей у мора, таксама пабудаваныя два вялікіх дока.

Панарамы

360°-панарама плошчы хэт Занд ('t Zand).

Плошча Гротэ Маркт (De Grote Markt).

Выгляд на зьліццё каналаў.

Выгляд на Розэнхудкаай (Rozenhoedkaai).

Каналы Спігэлрай ды Ланэрай (de Spiegelrei — de Langerei).

Плошча Бюрг (De Burg).

Гарадзкі парк Мінэватэрпарк (het Minnewaterpark).

Вонкавыя спасылкі

Бругесховішча мультымэдыйных матэрыялаў