Берасьцейскі мір: розьніца паміж вэрсіямі
→Перамовы пра мір: https://ru.wikipedia.org/w/index.php?title=%D0%91%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%82%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9_%D0%BC%D0%B8%D1%80&oldid=59488142 |
|||
Радок 72: | Радок 72: | ||
* [http://www.hrono.ru/dokum/brest1918.html Тэкст дамовы] {{ref-ru}} |
* [http://www.hrono.ru/dokum/brest1918.html Тэкст дамовы] {{ref-ru}} |
||
{{Накід}} |
{{Накід:Гісторыя}} |
||
[[Катэгорыя:Берасьцейскі мір| ]] |
[[Катэгорыя:Берасьцейскі мір| ]] |
Вэрсія ад 19:52, 9 студзеня 2014
Берасьцейскі мір, Берасьцейская мірная дамова — сэпаратная міжнародная мірная дамова, падпісаная 3 сакавіка 1918 у Берасьці-Літоўскім прадстаўнікамі Савецкай Расеі, з аднаго боку, і Цэнтральных дзяржаваў (Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыны і Баўгарыі) — зь іншага. Адзначыў паразу і выхад Расеі зь Першай сусьветнай вайны.
Ратыфікаваны Надзвычайным IV Усерасейскім Зьездам Саветаў 15 сакавіка 2/3 галасоў і нямецкім імпэратарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 року. Ануляваны УЦВК РСФСР у лістападзе таго ж року.
Перадумовы
7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1917 ў выніку ўзброенага перавароту ў Расеі быў зрынуты Часовы ўрад. 8 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] Другі ўсерасейскі зьезд Саветаў прыняў Дэкрэт пра мір, у якім прапанаваў усім дзяржавам-удзельніцам Першай сусьветнай вайны неадкладна заключыць замірэньне і пачаць перамовы пра мірнае пагадненьне.
Усе дзяржавы-хаўрусьніцы Расейскай імпэрыі ў вайне праігнаравалі заклік савецкага ўраду і ўручылі вярхоўнаму галоўнакамандуючаму расейскага войска Мікалаю Духоніну калектыўную ноту, у якой выказалі пратэст супраць парушэньня дамовы ад 5 верасьня 1914 року, якая забараняла заключэньне сэпаратнага міру або замірэньня.
Духонін, які адмовіўся зьвярнуцца да камандаваньня войскаў супернікаў з прапановаю замірэньня, быў зьняты з пасады 21 лістапада [ст. ст. 8 лістапада] , а ягонае месца заняў прапаршчык царскага войска Мікалай Крыленка. Савецкі ўрад, не дачакаўшыся ад Антанты падтрымкі мірнае ініцыятывы, пачаў сэпаратныя перамовы пра мір зь Нямеччынай.
Заключэньне замірэньня
2 сьнежня [ст. ст. 19 лістапада] мірная дэлегацыя Савецкага ўраду на чале з Адольфам Ёфэ прыбыла ў Берасьце-Літоўскае, дзе разьмяшчалася Стаўка нямецкага камандаваньня на Ўсходнім фронце.
Перамовы зь Нямеччынай пачаліся наступным днём. 4 сьнежня [ст. ст. 21 лістапада] савецкая дэлегацыя выклала свае ўмовы:
- замірэньне заключаецца на 6 месяцаў;
- ваенныя дзеяньні прыпыняюцца на ўсіх франтох;
- нямецкія войскі выходзяць з Рыгі і з Маанзундзкіх астравоў;
- забароненыя якія-кольвек перакідкі нямецкіх войскаў на Заходні фронт.
У выніку былі дасягнутыя наступныя пагадненьні:
- замірэньне заключанае на пэрыяд з 7 сьнежня [ст. ст. 24 лістапада] да 17 сьнежня [ст. ст. 4] ;
- войскі застаюцца на займаных пазіцыях;
- спыняюцца ўсе перакідкі войскаў, акрамя тых, што ўжо пачаліся.
Перамовы пра мір
Пасьля падпісаньня замірэньня пачаліся мірныя перамовы (22 сьнежня [ст. ст. 9] 1917). Дэлегацыі дзяржаваў Чацьвярнога саюзу ўзначальвалі: ад Нямеччыны — статс-сакратар ведамства замежных справаў Рыхард фон Кюльман; ад Аўстра-Вугоршчыны — міністар замежных справаў граф Атакар Чэрнін; ад Баўгарыі — міністар юстыцыі Хрыста Попаў(bg); ад Турэччыны — старшыня мэджлісу Талаат-бэй. У савецкую дэлегацыю на першым этапе ўваходзілі 5 упаўнаважаных — чальцоў УЦВК: бальшавікі Адольф Ёфэ — старшыня дэлегацыі, Леў Разэнфэльд і Рыгор Брыльянт), эсэры Настасься Біцэнка і Сяргей Маслоўскі-Мсьціслаўскі, 8 чальцоў вайсковай дэлегацыі, 3 перакладнікі і 6 тэхнічных супрацоўнікаў, а таксама 5 шараговых сябраў дэлегацыі[1].
Савецкі бок, грунтуючыся на Дэкрэце пра мір, прапанаваў прыняць за аснову перамоваў наступную праграму:
- Недапушчальныя ніякія гвалтоўныя далучэньні захопленых у час вайны тэрыторыяў; войскі, якія акупавалі гэтыя тэрыторыі, мусяць быць выведзеныя у найкарацейшы тэрмін.
- Аднаўляецца поўная палітычная самастойнасьць народаў, якія былі яе пазбаўленыя ў часе вайны.
- Нацыянальным групам, якія ня мелі палітычнай самастойнасьці да войны, гарантаваная магчымасьць вольна вырашыць пытаньне пра прыналежнасьць да якое-кольвек дзяржавы ці пра сваю дзяржаўную самастойнасьць шляхам вольнага рэфэрэндуму.
- Забясьпечваецца культурна-нацыянальная і, пры наяўнасьці пэўных умоваў, адміністрацыйная аўтаномія нацыянальных мяньшыняў.
- Адмова ад кантрыбуцыяў.
- Разьвязаньне каляніяльных пытаньняў на падставе вышэй выкладзеных прынцыпаў.
- Недапушчальнасьць ускосных прыгнятаньняў свабоды больш слабых нацыяў з боку нацыяў больш моцных.
Па трохдзённым абмеркаваньні Рыхард фон Кюльман зрабіў заяву пра тое, што Нямеччына і ейныя хаўрусьнікі прымаюць гэтыя ўмовы з адной агаворкай, якая зьніякавала згоду Нямеччыны на мір без анэксіяў і кантрыбуцыяў. У выніку савецкая дэлегацыя ўзяла перапынак дзеля таго, каб паспрабаваць прыцягнуць да перамоваў дзяржавы Антанты. Падчас перапынку высьветлілася, што Нямеччына разумее мір без анэксіяў інакш, чым Саветы — яны ня маюць намеру адводзіць войскі да межаў 1914 року, тым болей што Польшча, Летува і Курляндыя ўжо выказаліся за аддзяленьне ад Расеі, таму гэта ня будзе лічыцца анэксіяй.
28 сьнежня [ст. ст. 15] савецкая дэлегацыя выехала на кансультацыю ў Петраград. На нарадзе ЦК РСДРП(б) было прынятае рашэньне як мага даўжэй зацягваць перамовы ў спадзеве на рэвалюцыю ў самой Нямеччыне. Пазьней пазыцыя была ўдакладненая: «Трымаемся да нямецкага ўльтыматуму, пасьля здаем.» На чале дэлегацыі быў пастаўлены Леў Троцкі, які зацягваў перамовы і адначасна за сьпінамі перамоўнікаў зьвяртаўся з заклікамі да паўстаньня да вайскоўцаў Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны. Калі ж Нямеччына абвясьціла свае жорсткія ўмовы міру, Троцкі пайшоў супраць Леніна, які выступаў за мір любым коштам, аднак не падтрымаў і Бухарына, які заклікаў да «рэвалюцыйнай вайны». Замест гэтага Троцкі вылучыў прамежкавы лёзунг «ні вайны, ні міру», то бок заклікаў да спыненьня вайны, аднак без падпісаньня мірнай дамовы.
4 студзеня [ст. ст. 22 сьнежня 1917] 1918 нямецкі канцлер Георг фон Гертлінг паведаміў Райхстагу, што ў Берасьце-Літоўскае прыбыла дэлегацыя Украінскай цэнтральнай рады. Нямеччына спадзявалася выкарыстаць гэты факт і як рычаг супраць Расеі, і супраць свайго хаўрусьніка — Аўстра-Вугоршчыны. Перамовы з украінцамі зацягнуліся так, што адкрыцьцё канфэрэнцыі давялося перанесьці на 9 студзеня [ст. ст. 27 сьнежня 1917] 1918 року.
На 10 студзеня [ст. ст. 28 сьнежня 1917] 1918 была запрошаная ўкраінская дэлегацыя. Ейны старшыня Ўсевалад Галубовіч абвясьціў дэклярацыю Цэнтральнае рады пра тое, што ўлада Саветаў не распаўсюджваецца на Ўкраіну, а таму тая будзе самастойна весьці мірныя перамовы.
12 студзеня [ст. ст. 30 сьнежня 1917] 1918 савецкая дэлегацыя запатрабавала ад урадаў Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны гарантыяў таго, што яны не намерваюцца далучаць да сябе якія-кольвек тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі; генэрал Гофман у прамове ў адказ паведаміў, што нямецкі ўрад адмаўляецца вызваляць акупаваныя тэрыторыі Курляндыі, Летувы, Рыгі і астравы Рыскай затокі.
18 студзеня [ст. ст. 5] 1918 генэрал Гофман прад’явіў умовы Цэнтральных дзяржаваў — яны ўяўлялі сабою мапу былой Расейскай імпэрыі, на якой на карысьць Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны адыходзілі Польшча, Летува, частка Беларусі й Украіны, Эстоніі й Латвіі, Маанзундзкія астравы й Рыская затока. Гэта дазваляла Нямеччыне кантраляваць марскія шляхі да Фінскай і Батніцкай затокаў, а таксама разьвіваць наступ на Петраград. Прапанаваная граніца была скрайне нявыгадная для Расеі, савецкая дэлегацыя запатрабавала дзесяцідзённага перапынку дзеля азнаямленьня з новымі патрабаваньнямі свайго ўраду. Пасьля гарачае ўнутрыпартыйнае барацьбы Ленін загадаў Троцкаму ўсемагчыма зацягваць перамовы, аднак у выпадку прад’яўленьня ўльтыматуму мір падпісаць.
Тым часам у Берасьці-Літоўскім нямецкая й аўстрыйская дэлегацыі падпісалі мір з Украінскай цэнтральнай радай. У абмен на вайсковую дапамогу супраць савецкіх войскаў УНР абавязвалася паставіць Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне да 31 ліпеня 1918 року мільён тон зерня, 400 млн яек, да 50 тыс. тон мяса рагатай жывёлы, сала, цукар, пяньку, марганцавую руду й інш. Аўстра-Вугоршчына таксама ўзяла на сябе абавязьніцтва стварыць аўтаномную Ўкраінскую вобласьць ва Ўсходняй Галіччыне. Аднак ужо ў красавіку 1918 року нямецкія ўлады разагналі ўрад Цэнтральнае рады, замяніўшы яго на больш кансэрватыўны рэжым гетмана Скарападзкага.
Неадкладна пасьля падпісаньня мірнае ўмовы з УНР і па наўпроставым загадзе імпэратара Вільгельма II фон Кюльман выставіў Савецкай Расеі ўльтыматым з наступнай фармулёўкай: «Расея прымае да ведама наступныя тэрытарыяльныя зьмены, якія набываюць моц разам з ратыфікацыяй гэтай мірнай дамовы: рэгіёны між граніцамі Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны і лініяй, якая праходзіць… адгэтуль ня будуць падлягаць тэрытарыяльнаму верхавенству Расеі. З факту іхняй прыналежнасьці да былой Расейскай імпэрыі для іх ня будуць выцякаць аніякія абавязьніцтвы ў дачыненьні да Расеі. Будучы лёс гэтых рэгіёнаў будзе вырашацца ў згодзе з гэтымі народамі, а менавіта на падставе тых пагадненьняў, якія заключаць зь імі Нямеччына й Аўстра-Вугоршчына».
Умовы
Вынікі падпісаньня
Глядзіце таксама
Крыніцы
- ^ Иванов, И. С. Очерки истории Министерства иностранных дел России. 1802—2002. — М.: Olma Media Group, 2002. — Т. 2. — С. 39—40. — ISBN 9785224036530
Літаратура
- Бутаков А. Н. Брестский мир. Ловушка Ленина для кайзеровской Германии. М.: Вече, 2012. — 448 с, ил. — (Военный аржив). 2000 экз., ISBN 978-5-9533-6333-4
- «История дипломатии. Т. 2, Дипломатия в новое время (1872—1919 гг.)» под ред. акад. В. П. Потёмкина. ОГИЗ, М. — Л., 1945. Главы 14 — 15.
Вонкавыя спасылкі
- Тэкст дамовы (рас.)
Гэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |