Смаленская шляхта: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Karybut (гутаркі | унёсак)
Новая старонка: '''Смале{{падстаноўка:націск}}нская шля{{падстаноўка:націск}}хта''' – вышэйшы стан [[Смаленскае ...
(Розьніцы няма)

Вэрсія ад 00:07, 27 лістапада 2007

Смале́нская шля́хта – вышэйшы стан Смаленскае землі ў XVII-XVIII стст., пераважна беларускага паходжаньня.

Правы

Зьберагаючы традыцыі Смаленскага княства й правы й прывілеі, нададзеныя вялікімі князьмі літоўскімі, смаленская шляхта пасьлядоўна бараніла іх ад Масквы пасьля канчатковага далучэньня Смаленшчыны да Расеі ў 1667. Цар урачыста абавязваўся “ўва ўсім ахоўваць і правоў і вольнасьцяў іх ані ў чым ня рушыць”. Гэтым былі забясьпечаныя маёмасныя правы Смаленскае шляхты, яе станавы лад, апроч шляхецкага самакіраваньня, тэрытарыяльная вайсковая арганізацыя, свабода веравызнаньня (сярод пераважна праваслаўнае шляхты было шмат каталікоў і ўніятаў), моўныя правы й побытавыя асаблівасьці.

Смаленская шляхта мусіла была несьці вайсковую службу ў конным “палку Смаленскае шляхты” (складаўся выключна з прадстаўнікоў смаленскае шляхты – ад камандыра да шарагоўца), на чале якога стаяў палкоўнік (пасьля генэрал-маёр), якога на рэкамэндацыю шляхты зацьвярджаў цар; ён быў і афіцыйным лідарам шляхты. Гэта вайсковая арганізацыя існавала да 1764, калі ўрад яе скасаваў і пашырыў на Смаленшчыну звычайную імпэрскую вайскова-адміністратыўную сыстэму. У XVII ст. Смаленскай шляхтай (і ўсёй Смаленшчынай) кіраваў маскоўскі “Прыказ княства Смаленскага” (падначалены Пасольскаму прыказу), а ў XVIII ст. расейскі Сэнат пры дапамозе мясцовае расейскае губэрнскае адміністрацыі (ад 1740-х). Частка Смаленскае шляхты, што яшчэ ў XVII ст. была выселеная на Ўфімшчыну, захоўвала шляхецкія правы й нават афіцыйна звалася “Смаленскім шляхецтвам Уфімскага павету”. Яна мела сваіх прадстаўнікоў і ў Заканадаўчай камісіі 1767.

Смаленска-ўкраінскія дачыненьні

Геаграфічнае суседзтва, гістарычныя стасункі й традыцыі, абмежаваны праўны статус Смаленскае шляхты, а таксама супольныя эканамічныя й часткова культурныя й палітычныя інтарэсы, з аднаго боку, і каляніяльны наступ Масквы – зь іншага, стваралі й умацовалі стасункі смаленскае шляхты з украінскай шляхтай і казацкай старшыной Гетманшчыны. Гетманы Іван Самайловіч і Даніла Апостал ды вышэйшая старшына (Міклашэўскія, Лізагубы, Гамаліі, Дунін-Баркоўскія, інш.) радніліся з выбітнейшымі родамі смаленскае шляхты (Корсакі, Павала-Швайкоўскія, Храпавіцкія, Энґельгарты, Рачынскія, князі Друцкія-Саколінскія, Ваяводзкія, Красна-Мілашэвічы, Пацёмкіны, Пасекі, Лыкошыны, Рыдванскія, Савіцкія). Сямейныя, эканамічныя й культурныя стасункі смаленскае шляхты й Гетманшчыны спрыялі двухбаковаму перасяленьню, продажу й абмену маёнткамі. Полк смаленскае шляхты браў удзел у Чыгірынскіх, Крымскіх і Азоўскіх паходах ды іншых падзеях і акцыях на Ўкраіне. Гэтыя стасункі дасягнулі такіх памераў, што расейскі ўрад палічыў патрэбным “адвадзіць маларасейцаў ад сваяцтва з смаленцамі” (загад імпратрыцы Ганны Іванаўны князю А.Шахоўскаму ад 31 студзеня 1734). Асабліва расейскі ўрад непакоілі палітычныя стасункі шляхты й Гетманшчыны. Аўтанамістычны рух на Смаленшчыне, што меў падтрымку ў Рэчы Паспалітай, меў пэўны водгук і уплыў на Ўкраіне (справа Ф.Красна-Мілашэвіча й князя А.Чаркаскага). Нядзіва, што скасаваньне аўтаноміі смаленскае шляхты супала зь ліквідацыяй Гетманшчыны, а на чале расейскае ўрадавае камісіі быў пастаўлены колішні гетман Кірыла Разумоўскі.

Ліквідацыя аўтаноміі

Расейскі ўрад, пачынаючы ад Пятра І, паступова абмяжоўваў правы Смаленскае шляхты (што выулікала зь яе боку пэтыцыі й пратэсты), а ў 1764-1765 скасаваў вайсковую арганізацыю шляхты й ператварыў Смаленшчыну ў звычайную расейскую губэрню, а смаленскую шляхту – у расейскае дваранства. Але яшчэ ў XVIII ст. расейскі ўрад быў занепакоены “Смаленскай змовай” 1798. У змове бралі ўдзел, апроч прадстаўнікоў Смаленскае шляхты, і украінскія старшыны расейскае арміі (генэрал Паўла Білуха-Каханоўскі, капітан Фёдар Лукашэвіч, брат В.Лукашэвіча, інш.).