Адам Міцкевіч: розьніца паміж вэрсіямі
д r2.7.2) (робат дадаў: war:Adam Mickiewicz |
→Вонкавыя спасылкі: +wikisource |
||
Радок 397: | Радок 397: | ||
== Вонкавыя спасылкі == |
== Вонкавыя спасылкі == |
||
{{Wikisource|Аўтар:Адам Міцкевіч|Адам Міцкевіч}} |
|||
{{Commons|Category:Adam Mickiewicz}} |
{{Commons|Category:Adam Mickiewicz}} |
||
* [http://asoby.belinter.net/cont.php?x=am Гісторыя Беларусі. Асобы. Адам Міцкевіч] |
* [http://asoby.belinter.net/cont.php?x=am Гісторыя Беларусі. Асобы. Адам Міцкевіч] |
Вэрсія ад 03:58, 31 сьнежня 2012
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Міцкевіч.
Адам Міцкевіч | |
па-польску: Adam Bernard Mickiewicz | |
герб «Порай» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Adam Bernard Mickiewicz |
Нарадзіўся | 24 сьнежня 1798[1][2][3][…] |
Памёр | 26 лістапада 1855[2][3][5][…] (56 гадоў) |
Пахаваны | |
Род | Міцкевічы |
Бацькі | Мікалай Міцкевіч Барбара з Маеўскіх |
Жонка | Цэліна Шыманоўская |
Дзеці | Марыя, Гэлена, Уладзіслаў, Юзэф, Аляксандар, Ян |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, палітычны публіцыст |
Гады творчасьці | 1818 — 1855 |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | верш, баляда, паэма |
Мова | польская мова[7] |
Значныя творы | Пан Тадэвуш Дзяды Ода да маладосьці Рамантычнасьць Крымскія санэты Reduta Ordona |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Ада́м Бэрна́рд Міцке́віч (па-польску: Adam Bernard Mickiewicz; 24 сьнежня 1798, Завосьсе або Наваградак[8][9][10] — 26 лістапада 1855, Канстантынопаль) — польскі паэт, палітычны публіцыст і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху беларускага[11][12] паходжаньня. Зьяўляецца адным з трох польскіх бардаў — нацыянальным паэтам Польшчы і адным з найвыбітнейшых славянамоўных паэтаў у шэрагу з Аляксандрам Пушкіным[13]. Разам зь Юльюшам Славацкім і Зыгмунтам Красінскім лічыцца адным з зачынальнікаў польскага рамантызму, польскай літаратуры ўвогуле[14][15] і адным з найяскравейшых паэтаў эўрапейскага літаратурнага маштабу[16]. Характарызуецца іншымі, як «паэт пераўтварэньняў»[17] і «славянскі бард»[18]. Чалец Таварыства філяматаў. Ён быў адным з найвыбітнейшых стваральнікаў рамантычнае драмы ў Польшчы[19], які параўноўваўся як на радзіме, так і ў Заходняй Эўропе з Джорджам Байранам і Ёганам Вольфгангам Гётэ[20][21]. Прызнаны адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[22]. На Беларусі лічыцца таксама і беларускім паэтам[23]. Вядомы перадусім як аўтар балядаў, паэтычных апавяданьняў, драмы «Дзяды» і нацыянальнай эпапэі «Пан Тадэвуш», прызнанай апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры ў Рэчы Паспалітай. Іншымі ўплывовымі творамі Міцкевіча зьяўляліся паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына»
Міцкевіч актыўна удзельнічаў у барацьбе за дасягненьне незалежнасьці сваёй бацькаўшчыны, тагачаснай часткі Расейскай імпэрыі. Праведзячы за сваю палітычную дзейнасьць пяць год у ссылцы ў цэнтральнай Расеі, Міцкевіч пакінуў імпэрыю ў 1829 годзе і правёў астатак свайго жыцьця ў выгнаньні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым у Парыжы, дзе ён стаў прафэсарам славянскай літаратуры ў «Collège de France». Міцкевіч памёр у Канстантынопалі, куды ён прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расеяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазьней былі перавезеныя ў Вэвэльскі сабор у Кракаве, Польшча.
Біграфія
Жыцьцё і маладосьць
Адам Міцкевіч нарадзіўся ў маёнтку свайго дзядзькі ў Завосьсі каля Наваградку, які ў тыя часы належыў Расейскай імпэрыі (цяпер Беларусь). Гэты рэгіён быў часткай Вялікага Княства Літоўскага да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Гістарычна дадзены абшар быў заселены этнічнымі літоўцамі, хоць у пэрыяд яго нараджэньня ён быў у асноўным беларускім[24]. Беларускі фальклёр пазьней акажа вялікі ўплыў на творчасьць Міцкевіча[24] ў шэрагу з гістарычнымі літоўскімі паданьнямі. Яго бацька, Мікалай Міцкевіч, быў наваградзкім судовым адвакатам, а маці, Барбара з Маеўскіх, дачка аканома зь недалёкага Чамброва.
У 1807—1815 гады наведваў дамініканскую павятовую школу ў Наваградку. У 1812 годзе мелі месца два важныя падзеі ў яго жыцьці: 16 траўня памёр ягоны бацька, а крыху пазьней праз Наваградак прайшлі войскі Напалеона, якія ішлі на Маскву. Горад Міцкевіча быў апанаваны атмасфэрай радасьці і надзеі на канец няволі, аднак празь некалькі месяцаў тое самае Вялікае Войска Напалеона вярнулася пабітым і пераможаным імпэрскімі войскамі.
У 1815 годзе Міцкевіч выехаў у Вільню вучыцца ў Віленскім унівэрсытэце — галоўнай навучальнай установе былога Вялікага Княства Літоўскага, дзе пазьней вывучаў гуманістычныя навукі. Вучыўся на факультэце Маральных і Палітычных Навук, а таксама Літаратуры і Вольных Мастацтваў. Складанае матэрыяльнае становішча пасьля сьмерці бацькі схіліла яго да навучаньня ва ўнівэрсытэцкай Настаўніцкай Сэмінарыі, што пасьля гарантавала працу ў царскіх школах. Навучаньне скончыў у 1819 годзе з тытулам магістра[25].
Падчас навучаньня ў кастрычніку 1817 году разам з Тамашам Занам і суполкай сяброў стварыў Таварыства філяматаў, якое было арганізаванае па масонскім ўзоры, і пасьля пераўтварылася ў змоўніцкую нацыянальна-патрыятычную арганізацыю. Зьвяз філяматаў, пераўтвораны крыху пазьней у Таварыства Філярэтаў і Прамяністых, служылі арганічнай працы польскай адукацыйна-патрыятычнай тагачаснай віленскай моладзі. Гэтыя арганізацыі ў 1822 годзе налічвалі болей 200 чальцоў. Іх актыўнасьць, мэты і ўсё болей выразныя пранезалежныя імкненьні не абышлі ўвагай царскія паліцэйскія службы. Пэрыяд канца 1920-х гадоў быў часам юнацкага каханьня Міцкевіча да Марылі Верашчакі з Тухановіч наваградзкага павету. Маладая Марыля паходзіла з заможнай і ўплывовай літоўскай шляхты, у той час як малады Адам з засьцянковай шляхты. Нягледзячы на іх узаемныя пачуцьці і прыяцельскія стасункі Міцкевіча зь сям’ёй Марылі, ейныя бацькі вымагалі выкананьня раней зробленых заручынаў з графам Путкамэрам. Сьляды гэтага нерэалізаванага каханьня можна знайсьці ў вядомых вершах Міцкевіча «Да М…» і «Да сяброў».
Турма, высылка і эміграцыя
У 1819 годзе пачаў працаваць настаўнікам у Коўне, дзе жыў да 1823 году. Падчас знаходжаньня ў Коўне напісаў дысэртацыю, за якую ў 1822 годзе атрымаў тытул магістра філязофіі. У свой час выступіў ініцыятарам у ступені чалядніка да масонства[26]. У 1823 годзе быў арыштаваны і зьняволены ў кляштар базыльянаў у Вільні (ад восені 1823 году да сакавіка 1824), а потым за ўдзел у тайных моладзевых арганізацыях прыгавораны да высылкі ў глыб Расеі. У 1824—1829 быў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве і на Крыме. У Расеі сутыкнуўся з асяродзьдзем будучых дзекабрыстаў; пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкіным.
У пэрыяд настаўніцтва ў Коўне Міцкевіч закахаўся ў Марылю Верашчаку, зь якой пазнаёміўся ў 1818 годзе ў час летніх вакацыяў, калі гасьцяваў у маёнтку яе бацькі непадалёк ад Наваградку. Марыля шчыра адгукнулася на каханьне маладога паэта, але ў 1821 годзе вымушана была выйсьці замуж за графа Путкамера. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы Адам Міцкевіч прысьвяціў свайму першаму каханьню.
Увесь пэрыяд патрыятычнай віленска-ковенскай маладосьці і высылкі ў глыб Расеі адбіўся пазьней у напісаных падчас побыту ў Дрэздэне, трэцяй часткі «Дзядоў». Непасрэдна канцавы Уступ З-яй часткі «Дзядоў», «Да сяброў маскалёў» (польск. Do przyjaciół Moskali) меў асабісты характар. Міцкевіч зьвярнуўся ў ім беспасрэдна да вядомых у Расеі дзекабрыстаў і верагодна Аляксандра Пушкіна.
Потым Міцкевіч падарожнічаў па Эўропе — спачатку ў 1829 годзе накіраваўся ў Нямеччыну, пасьля ў Італію і Швайцарыю. У 1831 годзе прыехаў у Вялікапольшчу з намерам перайсьці мяжу і вярнуцца да ахопленага паўстаньнем Польскага Каралеўства, але ў рэшце рэшт застаўся ў Дрэздэне да 1832 году.
Жыцьцё ў Расеі
У час працы на радзіме Адам Міцкевіч падаў хадайніцтва пра дадатковы адпачынак і паездку за мяжу. Адпачынак яму далі, але замежную вандроўку не дазволілі. Калі ён у кастрычніку 1823 году паехаў у Вільню, яго арыштавала сьледчая камісія, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух «польскай моладзі ў Літве». Падчас сьледзтва філярэты зрабілі ўсё магчымае, каб адвесьці ад Міцкевіча абвінавачаньні, але ён усе ж быў высланы ў цэнтральныя раёны Расеі.
8 лістапада 1824 году Міцкевіч прыбыў у Пецярбург за прызначэньнем. У чаканьні прысуду Міцкевіч сышоўся з дэкабрыстамі і атрымаў нават даручэньне зблізіць расейскіх рэвалюцыянэраў з патрыётамі Польшчы і Літвы. Ён актыўна ўдзельнічаў у так званых «расейска-польскіх перамовах» паміж дэкабрысцкім «Паўднёвым» і «Польскім патрыятычным» таварыствамі. Вырашэньне з прызначэньнем месца ссылкі зацягнулася, і Міцкевіч паехаў у Крым, дзе напісаў паэтычны цыкл «Крымскія санэты» і шэраг вершаў. У вершы «Марак» ён зноў выклаў свае погляды на жыцьцё:
Нарэшце маскоўскі ваенны генэрал-губэрнатар залічыў Міцкевіча ў сваю канцылярыю. У Маскве паэт даведаўся пра паўстаньне на Сэнацкай плошчы і жорсткую расправу над дэкабрыстамі. Але расейцы сваёй падтрымкай не далі яму аплакваць лёс сяброў-паўстанцаў у адзіноце. Вясной 1826 году рэдактар «Московского телеграфа» Н. Палявой ўвёў Міцкевіча ў маскоўскае літаратурнае асяродзьдзе і ён стаў частым госьцем славутага салёну княгіні-паэтэсы З.Валконскай, зблізіўся там з Баратынскім, Венявіцінавам, Вяземскім, Пагодзінам, пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкінам. Пераклады твораў Міцкевіча на расейскую мову зьявіліся ў «Московском телеграфе» і мелі вялікі посьпех у расейскай публікі. Міцкевіч меў намер пачаць выданьне часопіса або газэты на польскай мове, але ўлады адмовілі яму.
У гэты час пісьменьнік перажыў яшчэ адну драму. У салоне Валконскай ён пазнаёміўся з К.Яніш (пазьней вядомая паэтэса Паўлава) і вырашыў ажаніцца зь ёй, але яе бацькі адмовілі яму.
Сур’ёзнай працай гэтага часу была паэма «Конрад Валенрод», якую ён пачаў пісаць у Маскве, а скончыў у Пецярбургу. Яго баляды «Ваявода» і «Будрыс і яго сыны» («Тры Будрысы») Аляксандар Пушкін пераклаў на расейскую мову.
Знаходжаньне ў Парыжы
З Дрэздэна паэт накіраваўся ў Парыж, дзе асеў надоўга і пражыў там болей 20-ці гадоў жыцьця. У 1834 годзе ажаніўся з Цэлінай Шыманоўскай, зь якой меў шасьцёра дзяцей — дачок Марыю і Гэлену і чатырох сыноў: Уладыслава (1838—1926), Юзэфа (1850—1938), Аляксандра і Яна.
У Парыжы пачаў супрацоўнічаць з эміграцыйнымі дзеячамі, пісаў артыкулы і публіцыстычныя лісты. У 1839—1840 быў прафэсарам лацінскай літаратуры ў швайцарскай Лазаньне, а ў 1840 годзе прыняў катэдру славянскіх моваў у «Collège de France», дзе праводзіў тзв. парыскія лекцыі. На лекцыі Міцкевіча хадзіла вялікая колькасьць дзеячоў і мысьліцеляў, у тым ліку і француская літаратарка Жорж Санд[27]. У 1841—1844 гадах быў прэзыдэнтам Гістарычнага Факультэту Літаратурнага Таварыства ў Парыжы[28]. З боку грамадзкай пазыцыі і актыўнасьці ў польскіх патрыятычных асяродках Адама Міцкевіча лічылі за галоўнага прадстаўніка тзв. Вялікай Эміграцыі.
У Парыжы пасябрыўся з фатографам Міхалам Швайцэрам, а ў 1841 годзе зьвязаўся з прадстаўніком плыні польскага мэсіянізму — Андрэем Тавянскім і зрабіўся яго галоўным прапагандыстам і кіраўніком створанага Тавянскім «Кола Божай Справы». У 1844 годзе францускія ўлады падманным чынам абвінавацілі Міцкевіча ў прапагандзе тавянізму з нагоды палітычнага ўхілу яго лекцыі (усхваленьня Напалеона). У сваіх лекцыях агучваў погляды яўна антыкаталіцкія (4-я лекцыя) — крытыкаваў каталіцкі касьцёл за зьнявагу хрысьціянскіх правілаў. У 1847 годзе Міцкевіч разарваў стасункі з Тавянскім.
У час «Вясны Народаў» (1848) стварыў у Італіі польскі легіён. Пасьля вяртаньня ў Парыж стаў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам «Трыбуны Народаў» (Tribune des Peuples). У выніку інтэрвэнцыі расейскай амбасады ў Парыжы, рэдактарства было закрытае за агучваньне радыкальных грамадзкіх поглядаў. Аднаўленьне Другога Францускага Каралеўства праўдападобна распаліла надзею Міцкевіча на канфлікт з аўтакратычна-дэспатычнай Расеяй і новую цікавасьць Эўропы да польскай справы. Яго апошні твор магчыма напісаны лацінскай одай у гонар Напалеона ІІІ Банапарта.
У 1851 годзе быў адданы нагляду паліцыі. З 1852 году працаваў у Бібліятэцы Арсэналу.
Апошнія гады жыцьця
У верасьні 1855 году, падчас крымскай вайны, выехаў у Канстантынопаль, каб ствараць польскія аддзелы Легіёну польскага, а таксама складзены з габрэяў так званы «габрэйскі легіён» дзеля змаганьня з царскай Расеяй. Раптоўна памёр падчас эпідэміі халеры (верагодна ад самой гэтай хваробы, хоць апошнім часам часьцей кажуць, што паэт мог быць атручаным белым мыш’яком[29] або ў выніку кровазьліцьця ў мозг). Ягонае цела было перавезенае ў Парыж і ў 1855 пахаванае на могілках дэ Шампо ў Манмарсі, а ў 1890 годзе перанесенае ў Вавэльскі катэдральны сабор, што стала нагодай да палітычнае маніфэстацыі.
Творчая спадчына
Творчасьць Міцкевіча зрабіла вялікі ўплыў на разьвіцьцё беларускай літаратуры. У 1830—1840-я гады ў польскай літаратуры склалася так званая беларуская школа, прадстаўнікі якой усьлед за Міцкевічам пісалі на тэмы з жыцьця беларускага народа. Высока ацэньваючы фальклёр Беларусі, Адам Міцкевіч пісаў пра цяжкі лес беларусаў: «У іх казках і песьнях ёсьць ўсё... Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце».
У адной са сваіх парыскіх лекцый Міцкевіч называў беларускую мову «найгарманічнейшай і з усіх славянскіх моў найменш зьмененай ...гэта найбольш багатая і найбольш чыстая гаворка, якая даўно зьявілася і цудоўна распрацавана».
Пад уплывам паэта літаратурную дзейнасьць пачыналі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя. Дабратворны ўплыў яго адчулі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі, В.Каратынскі. У Міцкевіча вучыўся творчаму асваеньню вобразаў і матываў беларускага фальклёру Францішак Багушэвіч. Тыпалягічныя сувязі з рамантызмам Міцкевіча выявіліся ў паэмах «Сон на кургане», «Курган» і некаторых вершах Янкі Купалы. Тыпалягічна блізкія да «Пана Тадэвуша» паэма Якуба Коласа «Новая зямля». У 1920-я гады рамантычным патасам Міцкевіча цікавіліся маладнякоўцы Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Максім Лужанін, Юрка Гаўрук, Паўлюк Трус і іншыя. Міцкевічаўскія традыцыі народнасьці, рэалізму і рамантызму разьвівалі Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, В.Таўлай, П.Пестрак, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, П.Панчанка, Язэп Семяжон і іншыя.
Мова Міцкевіча
Мова Міцкевіча — гэта ў значнай ступені адлюстраваньне мовы польскае шляхты ў Летуве і Беларусі, да якой належаў сам паэт[30] і якая з гледзішча граматычнай сыстэмы і лексычных рэсурсаў мае ў сабе шмат беларускіх элемэнтаў, што паходзяць зь мясцовых народных гаворак[31]. Правінцыяналізмы паэт уводзіў мэтанакіравана, клапоцячыся падкрэсьліць сваю лякальную адметнасьць[30]. Доктар філялягічных навук і прафэсар БДУ Мікалай Хаўстовіч заўважае, што мову сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, але зрэдку — «ліцьвінскай»[32]. Гэтае сьцьверджаньне абгрунтоўвае і ўспамін дачкі Міцкевіча, Марыі Міцкевіч, пра клопат свайго бацькі аб захаваньні свайго правінцыяльнага вымаўленьня і перадачы яго дзецям:
Няраз слухаючы нас, ён уздыхаў, што ў нас бясколерны, чужаземскі акцэнт; ён бы хацеў чуць з нашых вуснаў мову сьпеўную, ліцьвінскую, якая была яму мілейшая за ўсё[33].
Шматлікія вучоныя, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што цяжка казаць пра мову паэта як аб мастацкім сродку, пакуль ня будуць дастаткова вывучаныя аб’ём і характар яго правінцыяналізмаў[30]. Прафэсар Познаньскага ўнівэрсытэту Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы «Колькі назіраньняў за мовай Міцкевіча» зарэгістраваў шматлікія моўныя факты, што назіраюцца ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы нормаў агульнапольскае мовы[34].
У 1936 годзе беларускі літаратуразнаўца Станіслаў Станкевіч у сваёй працы «Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej» грунтоўна падсумаваў асаблівыя зьявы ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі, сынтаксісу і асаблівасьці граматычных катэгорыяў роду і ліку мовы Адама Міцкевіча ў яго вершаваных творах і філямацкай карэспандэнцыі паэта. Творы цытуюцца паводле львоўскага выданьня «Твораў» паэта.
Фанэтычныя асаблівасьці мовы Міцкевіча
Апісаньне асаблівасьці | Прыклады з твораў | Заўвагі | Абгрунтаваньне |
Чаргаваньне агульнапольскага «е» зь беларускім «а» пад уплывам «аканьня» ў дзеяслове «rdzewieć» | «Zawiasy rdzawieją w sieni» («Курганок Марылі»); «Potem w niej czucie rdzawieje» («Дзяды», Ч. 4. С. 118), «Ze od mych westchnień pordzawiała krata» («Конрад Валенрод», С. 167). | Форма «rdzawieje» сустракаецца таксама ў Я. Ходзькі[35] | Чаргаваньне зьявілася ў Міцкевіча пад уплывам беларускае мовы, у якой гэты дзеяслоў стала выкарыстоўваецца з «а», напр: «Як ён заржавее, то міне ўжэ ні будзе на сьвеці»[36] (Federowski M. Т. II. С. 57). |
Асобныя памяншальныя назоўнікі маюць у Міцкевіча суфікс -ek замест агульнапольскага -ik, як у назоўніку «duszeczko» | «Czyscowe duszeczki!» («Дзяды», Ч. 2. С. 78); «Czego potrzebujesz, duszeczko» («Дзяды», Ч. 2. С. 82, 94); «duszeczko!» («Дзяды», Ч. 2. С. 83) | Гэтае слова ў агульнабеларускай мове ўжываецца ў форме «душачка», але на Наваградчыне, які і ў асобных іншых мясцовасьцях, дзе з-за няпоўнага яканьня «е» пасьля націскнога складу не пераходзіць у «а», гучыць яно — «душэчка»[37]. | |
Пераход у спалучэньні «śl» на «szl» пад уплывам беларускае мовы | «Kiedy szlesz bilet bogatym» («Віншаваньні», С. 61); «poszlij» («Віншаваньні», С. 61); «W koley szlą pełne smaków porcelany» («Гарадзкая зіма», С. 15); «Poszlemy szukać wszédzie» («Лілеі», С. 138); «Poszlą najezdnicy podli» («Імправізацыя», С. 138); «szlij mnie do niego powtórnie» («Гражына», С. 13); «Wezwanie przyszle mu szpieg nieznajomy» («Да маці-полькі», С. 377); «Bo Herold już szle katów» («Меркаваньні ды заўвагі», С. 452); | Прафэсар Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы «Колькі назіраньняў над моваю Міцкевіча»[38] заўважыў, што ў мове палякаў на Русі спалучэньні «śl» і «śń» пад рускім (г. зн. беларускім) уплывам пераходзяць у «szl» і «szń». Гэтая фанэтычная зьява шырока выступае ў мове Міцкевіча, Чачота і іншых філяматаў. | «Ці шліся, ці ня шліся»[39] (Klich E. С 53); «тода прышлёце да мене»[39] (там жа); «як калені засвербяць, нехто ніскі паклон прышле»[40] (Federowski M. T. I. С. 209); «я на цібе нашлю казамі»[41] (Federowski M. T. II. С. 12) |
Пераход у спалучэньні «śń» на «szń» пад уплывам беларускае мовы | «Zauszniczki wyrznięte sztucznie z pestek wiszni» («Пан Тадэвуш», Кн. XI. С. 631); | Гэтая фанэтычная зьява сустракаецца толькі адзін раз | «І я в саду вішня, чом не чэрэшня... А я тую вішню ісьцяці мышлю» (Романов Е. Материалы. Т. II, С. 165) |
Зьмякчэньне «z», «s» перад мяккімі зычнымі пад уплывам беларускае мовы | «źwiędła» («Гяўр» С. 26 у львоўскім выданьні); «wźmiankę» («Гяўр» С. 118); «nieźmiernie» («Гяўр» С. 272); «źmieniła» («Гяўр» С. 1262); «źmieniona» («Гяўр» С. 1265); «źwiąże» («Гяўр» С. 431); «naźwij» («Гяўр» С. 110); «źleje» («Гяўр» С. 262); «źlała» («Гяўр» С. 46); «źlawszy» («Гяўр» С. 643); «wźlatuje» («Гяўр» С. 389); «źbity» («Гяўр» С. 554) ды іншыя. Прыклады з «Пана Тадэвуша»: «nieźmiernie» («Пан Тадэвуш» Кн. II. С. 562); «nieźmiernie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 259); «pośpieszał» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 136 і Кн. IV. С. 384); «śpieszył» («Пан Тадэвуш» Кн. IV. С. 99 і Кн. VI. С. 91); «śpieszyć» («Пан Тадэвуш» Кн. VIII. С. 309, 322); «źwisłe» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 160); «spełźnie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 330); «Pełźnie» («Пан Тадэвуш» Кн. III. С. 637 і Кн. VIII. С. 615); | Гэтая фанэтычная асаблівасьць у Міцкевіча адносна рэдкая. На гэта мусіла паўплываць непасьлядоўнасьць артаграфіі паэта і асаблівае тое, што творы Міцкевіча друкаваліся пераважна безь яго ўдзелу[42]. Прыведзеныя прыклады зьяўляюцца знойдзенымі прафэсарам Станіславам Дабжыцкім ў першым выданьні «Гяўра» і «Пана Тадэвуша». | Асыміляцыйнае памякчэньне «z», «s» зьяўляецца агульным для беларускае мовы. Пасьля Рэформы беларускага правапісу 1933 году графічнае пазначэньне мяккасьці захавалася толькі ў клясычным правапісу. |
Напісаньне «ę» і «ą» замест -eń і -oń пад уплывам характэрнай рысы вымаўленьня «n» замест «ń» перад наступным цьвёрдым зычным у палякаў на Літве і Беларусі | «łancuchem» («Да Лелявеля» С. 104 асобнага выданьня 1822 г.); «skonczył» («Да М...» С. 32, рукапіс); «koncem» («Падарожныя» С. 8, рукапіс); «słonce» («Ранак і вечар» С. 1, рукапіс); «słonca» («Ugolino» С. 78, рукапіс); «panskiey» («Дзяды» Ч. 1, С. 91, рукапіс); «On się przeklęctwa nie boi» («Дзяды», Ч. 2, С. 583); «twoje usłyszą przeklęstwa» («Гяўр» С. 741); «chlubi się z przeklęstwa» («Дзяды» Ч. 3, «Да прыяцеляў-маскалёў», С. 20); «sama w niebezpieczęstwie» («Ястраб» аўтограф у «Альбоме» Машынскага); «więcze» замест «wieńczy» («На грэцкі мір» С. 40, рукапіс); «malęki» («Падарожныя» С. 165, рукапіс) — усе прыклады з львоўскага выданьня «Твораў» Міцкевіча. тое ж у «Пане Тадэвушы»: «pojedynczą» (Кн. II, С. 827); «przeklęctwa» (Кн. VIII, С. 524). Адносна шмат падобных прыкладаў знаходзім у аўтографах «Пана Тадэвуша», пададзеных у варыянтах тэксту ў IV томе сомавага выданьня «Dzieł wszystkich»: «konca» (A1: Кн. X, С 80; Кн. XI, С. 8); «koncu» (A1: Кн. XII, С. 184); «konczył» (A1: Кн. XII, С. 222); «słonca» (A1: Кн. X, С. 81); «słonce» (A1: Кн. XI, С. 183); «panski» (A1: Кн. XII, С. 184). | Гэтая фанэтычная зьява даволі рэдкая ў друкаваных творах Міцкевіча, адносна часта выступае ў ягоных рукапісах. | Гэтая фанэтычная асаблівасьць узьнікла пад уплывам беларускае мовы, у якой «н» перад наступным цьвёрдым зычным заўсёды цьвёрдае[42]. Напр.: «ужэ слонцо зайшло»[43] (Federowski M. Т. III. С. 124); «селі ў адном канцы стала»[44] (Federowski M. Т. I. С. 99); «прывязаў калсыку да ланцуга»[45] (Federowski M. Т. I. С. 134); «панскіе радзіцы далі ему па хустачцы»[46] (Federowski M. Т. I. С. 225); «прывела над „конскі“ тулуб»[47] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
Спрашчэньне зычных насуперак нормам агульнапольскае мовы | «chaos we łbie, yak w garku» («Ямбы» С. 36); «tęgo dżgali z garka» («Ямбы» С. 52); «widok garków» («Пан Тадэвуш» Кн. VIII, С. 706); «Mając u kolan pełne miodu dwa półgrace» («Пан Тадэвуш» Кн. XI С. 297); «półgarcówką prepił do Klucznika» («Пан Тадэвуш» Кн. XI С. 337) | Фанэтычная зьява спрашчэньня зычных характэрная, у адрозьненьні ад агульнапольскае мовы, толькі беларускай мове[48] | |
Cпрашчэньне зычных у часта ўжываным прыметніку «czyscowy» замест «czyśćowy» і ва ўскосных склонах назоўніка «czyściec» («w czyscu» замест «w czyśćcu») | «Boś ty czyscowej zbawił mię katuszy» («Люблю я» С. 59); «W czyscowe rzucił potoki» («Люблю я» С. 98); «Dręcz się w czyscowej zagubie» («Люблю я» С. 110); «Proszę za dusze w czyscu bolejące» («Люблю я» С. 139). Прыклады зь «Люблю я» паводле львоўскага выданьня, бо ў выд. Піганя словы пададзеныя ўжо ў правільнай форме. | Гэтая фанэтычная зьява зьяўляецца правінцыяналізмам, утвораным пад уплывам беларускае мовы, у якой як прыметнік «чысцовы», так і назоўнік «чысьцец» (але «чысца», «у чысцу») — правільныя формы[48]. | «У чысцу агонь гарыць»[49] (Federowski M. Т. I. С. 222); «Да чысца і да атхлані»[47] (Federowski M. Т. I. С. 228) |
Памяць
Фільм
Алег Лукашэвіч атрымаў дыплом з адзнакай на IX конкурсе імя Ежы Гедройца за фільм "Эпоха Адама Міцкевіча". У чатырох серыях дасканала даследуецца біяграфія вялікага паэта, паказваюцца рэдкія дакументы.
[2]</ref>.
[3]</ref>.
[4]</ref>.
[5]</ref>.
Помнікі
Помнікі Адаму Міцкевічу ўсталяваныя ў шматлікіх гарадох: Кракаве, Варшаве, Львове, Познані, Перамышлі, Гданьску, Берасьці, Жэшаве, Вялічцы і іншых.
У 2003 годзе па ініцыятыве польскай дыяпары недалёка ад скрыжаваньня вуліцаў Няміга і Раманаўская Слабада помнік Адаму Міцкевічу быў усталяваны ў Менску.
Вуліцы
Імем Адама Міцкевіча названы бульвар у Берасьці, вуліцы ў местах Ашмяны (і завулак), Баранавічы, Ваўкавыск, Гародня, Докшыцы, Кобрынь (завулак), Ліда, Лунінец, Маладэчна, Наваградак, Нясьвіж, Пружаны, Слонім, Смаргонь (і завулак), Стоўпцы, у мястэчках Воранава, Дзятлава[50].
Крыніцы і заўвагі
- ^ Мілаш Ч. The History of Polish Literature, Updated edition — 2 — University of California Press, 1983. — С. 208. — ISBN 978-0-520-04477-7
- ^ а б в г Стахеев Б. Ф. Мицкевич // Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 4. — С. 892—897.
- ^ а б в г Спасович В., Уманский А. М. Мицкевич, Адам (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XIXа. — С. 503—508.
- ^ Catalog of the German National Library (ням.)
- ^ Adam Mickiewicz // Babelio (фр.) — 2007.
- ^ Мицкевич Адам // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Mickiewicz, Adam // CONOR.SI
- ^ У мэтрыцы няма зьвестак пра месца нараджэньня.
- ^ Mickiewicz Adam Bernard (у:) Internetowa encyklopedia PWN
- ^ Ksawery Pruszyński. Opowieść o Mickiewiczu. — Warszawa: Spółdzielnia Wydawnicza «Czytelnik», 1998. S. 7—8.
- ^ І. Масляніцына. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.
- ^ Ніна Баршчэўская. Адам Міцкевіч і Беларуская мова // Камунікат 2 / 2005 (27)
- ^ «Centennial essays for Pushkin» Page 77, Samuel Hazzard Cross — Literary Criticism, 1937: «...там, у Маскве, сустрэліся два найславуцейшых з усіх славянскіх паэтаў — паляк Адам Міцкевіч і расеец Аляксандар Пушкін.»
- ^ S. Treugutt, Mickiewicz — domowy i daleki, w: A. Mickiewicz, Dzieła I, Warszawa 1998, str. 7
- ^ E. Zarych, Posłowie w: A. Mickiewicz, Ballady i romanse, Kraków 2001, str. 76
- ^ A. Wójcik i M. Englender, Budowniczowie gwiazd 1, Warszawa 1980, str. 19-10
- ^ A. Witkowska, Romantyzm, Warszawa 2003, str. 237
- ^ Adam Mickiewicz w oczach Francuzów, Warszawa 1999, str. 12
- ^ T. Macios, Posłowie do: A. Mickiewicz, Dziady, Kraków 2004, str. 239—140
- ^ T. Macios, Posłowie do: A. Mickiewicz, Dziady, Kraków 2004, str. 239
- ^ Adam Mickiewicz w oczach Francuzów, Warszawa 1999, str. 13
- ^ Адам Мальдзіс. Зямля Навагрудская, краю мой родны… // Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. С. 6
- ^ Міцкевіч Адам // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- ^ а б Чэслаў Мілаш, The History of Polish literature, p. 208.[1]
- ^ Biblioteka Lit. Polskiej, Un. Gdański
- ^ Ludwik Hass Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej XVIII i XIX wieku Wrocław 1982 s. 284
- ^ w 1840, wspólnie z Fyderykiem Szopenem
- ^ Anna Mazanek, Towarzystwo Historyczno-Literackie, w: Literatura Polska, przewodnik encyklopedyczny, Warszawa 1985, t. II, s. 482.
- ^ Monika Florek-Moskal: Prawdziwe przyczyny śmierci Chopina i innych wielkich Polaków. wprost.pl, 2008-06-01
- ^ а б в Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 144. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Bitsch K. Język polski w Wileńszczyźnie. — Przegląd Współczesny, Styczeń-marzec 1925. — С. 29 і 32.
- ^ М. Хаўстовіч. Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. — Кн. першая. — Мн.: БДУ, 2000.. — С. 3. — 214 с.
- ^ Wspomnienia o Mickiewiczu. — Kraków: 1897. — С. 76.
- ^ Dobrzycki St. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII.
- ^ Turska H. Język Jana Chodźki. Przyczynek do historji języka polskiego na obszarze północno-wschodnim Rzeczypospolitej. — Wilno: 1934. — С. 32.
- ^ Federowski M. Basnie, przypowiesci i podania ludu z okolic Wolkowyska, Slonima, Lidy i Sokolki. Cz. 1 // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1902 Т. II. — С. 57. — 359 с.
- ^ Kallenbach J. Uwagi do II t. wyd. lwowskiego «Dzieł» Mickiewicza. — С. 395.
- ^ Dobrzycki St. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII. — С. 317.
- ^ а б Klich Edward. Teksty bialoruskie z powiatu Nowogrodskiego. - Materyaly i prace Komisyi jezykowej. — Kraków: 1903 Т. II. — С. 53.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 209. — 459 с.
- ^ Federowski M. Basnie, przypowiesci i podania ludu z okolic Wolkowyska, Slonima, Lidy i Sokolki. Cz. 1. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1902 Т. II. — С. 12. — 359 с.
- ^ а б Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 146. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Federowski M. Baśnie, przypowieści i podania ludu z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. Cz. 2. Tradycye historyczno-miejscowe oraz powieści obyczajowo-moralne. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1903 Т. III. — С. 124. — 312 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 99. — 459 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 134. — 459 с.
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 225. — 459 с.
- ^ а б Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 228. — 459 с.
- ^ а б Станіслаў Станкевіч. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 147. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
- ^ Federowski M. Wiara, wierzenia i przesądy z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. // Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. — Kraków: 1897 Т. I. — С. 222. — 459 с.
- ^ Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — С. 426—427. — 30 000 ас.
Літаратура
- Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — 320 с.: іл. ISBN 985-6419-06-9
- І. Масляніцына. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
- МІЦКЕВІЧ Адам // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Ніна Баршчэўская. Адам Міцкевіч і Беларуская мова // Камунікат 2 / 2005 (27)
- XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. — Мн., 2000. — 228 с.
Вонкавыя спасылкі
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
Адам Міцкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 24 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1798 годзе
- Нарадзіліся ў Наваградзкім павеце Расейскай імпэрыі
- Памерлі 26 лістапада
- Памерлі ў 1855 годзе
- Памерлі ў Стамбуле
- Пахаваныя ў Кракаве
- Міцкевічы
- Нарадзіліся ў Гарадзенскай вобласьці
- Адам Міцкевіч
- Польскія літаратары
- Польскія паэты
- Беларускія літаратары
- Літаратары рамантызму
- Беларускія рэвалюцыянэры
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Сасланыя
- Філяматы
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы