Баляслаў Пачопка: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Радок 58: Радок 58:
[[Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віленскім павеце (Расейская імпэрыя)]]
[[Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віленскім павеце (Расейская імпэрыя)]]
[[Катэгорыя:Беларускія каталіцкія сьвятары ўсходняга абраду]]
[[Катэгорыя:Беларускія каталіцкія сьвятары ўсходняга абраду]]
[[Катэгорыя:Беларуская грэка-каталіцкая царква]]
[[Катэгорыя:Рэлігійныя публіцысты]]
[[Катэгорыя:Рэлігійныя публіцысты]]
[[Катэгорыя:Беларускія настаўнікі]]
[[Катэгорыя:Беларускія настаўнікі]]

Вэрсія ад 23:59, 15 сьнежня 2011

Баляслаў Пачопка (13 кастрычніка 1884, засьценак Уляны Рукойненскай гміны Віленскага павету — 26 сьнежня 1940, мяст. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі р-н) — каталіцкі сьвятар усходняга (бізантыйскага) абраду, настаўнік і рэлігійны публіцыст. Актыўны беларускі дзеяч — сталы аўтар газэты «Наша ніва», рэдактар-выдавец першай беларускай катaліцкай газэты «Biełarus» (19131915), складальнік і выдавец беларускага малітоўніка «Boh z nami» (1915) і першай беларускай граматыкі («Hramatyka biełaruskaj mowy. Apracawaŭ B.Pačobka», распрацавана ў 1915; надрукавана ў Вільні, у друкарні «Homan» у сакавіку 1918). Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску, зьбіраў беларускі фальклёр, дасьледаваў гісторыю батлейкі ў Беларусі.

Допісы ў газэты і публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозьвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэньняў уласнага імя і прозьвішча: B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў і інш.

Нарадзіўся ў незаможнай сялянскай каталіцкай сям’і Антона Пачопкі і Ганны з роду Гайдукевічаў, у якіх было пяць дзяцей. Ахрышчаны 21.10.1884 у рыма-каталіцкім касьцёле ў Лаварышках Віленскай дыяцэзіі. З малых гадоў любіў прыслугоўваць міністрантам у касьцёле і марыў стаць сьвятаром. Скончыў 4 клясы расейскай народнай вучэльні ў Рукойнях. З дапамогаю ксяндза з Лаварышак працягнуў навучаньне ў гімназіі ў Вільне. Пасьля шасьці клясаў гімназіі паступіў у 1905 у Віленскую духоўную сэмінарыю.

У 19051907 навучаўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, для вучобы матэрыяльную падтрымку яму аказала княжна Магдалена Радзівіл, якая падтрымлівала беларускі рух. У 1907 вымушаны быў перарваць навучаньне ў семінарыі. Афіцыйна — па прычыне пагаршэньня стану здароўя, аднак, ня выключана, што сапраўднымі прычынамі былі грамадзка-палітычныя фактары.

З 1907 Баляслаў Пачопка ў Пецярбургу, дзе ўладкаваўся на працу дробным чыноўнікам, адначасова па-за працай самастойна працягваў навучаньне. На працягу 2 гадоў браў удзел у беларускіх і польскіх культурна-асьветніцкіх гурках у Пецярбургу, куды прыносіў свае вершы і песьні. Царскія ўлады западозрылі палітычную дзейнасьць у гэтых гуртках і дзейнасьць іх была спынена. Сьледзтва па гэтай справе пацягнула для Б.Пачопкі звальненьне з працы і пазбавіла магчымасьці знайсьці іншую дзяржаўную службу ў сталіцы. Вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе працаваў прыватным настаўнікам у маёнтку Швядовічаў Крывейкішкі непадалёку ад старажытнага мястэчка Кернава на Віленшчыне. У 1911 у дзяржаўнай гімназіі ў Шаўлях здаў экстэрнам экзамен за курс 8 клясаў гімназіі і атрымаў атэстат.

Ад далейшых студыяў у Віленскай сэмінарыі адмовіўся і 31 студзеня 1912 ажаніўся на 19-гадовай Марцыяне Пілецкай, зь якой меў сем дзяцей.

З 1911 жыве ў Вільні, працуе ў рэдакцыях беларускіх выданьняў «Наша ніва» і «Biełarus», а таксама таксама як хатні настаўнік. Спрычыніўся да стварэньня першай беларускай катaліцкай газэты «Biełarus» (выходзіла раз на тыдзень, друкавалася беларускай лацініцай), пачынаючы з пятага нумару (№ 1, 1914) быў яе рэдактарам і выдаўцом.

Браў удзел у арганізацыі беларускага школьніцтва ў Вільні. Са сьнежня [1915] стаў адным з выкладчыкаў арганізаваных намаганьнямі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Івана і Антона Луцкевічаў ды інш., першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў. Працаваў у Вільні ў Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны.

У кастрычніку 1915 зь Вільні разам зь сям’ёй пераехаў у Сьвіслач, каб з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў разам з іншымі дзеячамі стварыць там першую беларускую настаўніцкую семінарыю. Зьяўляўся яе дырэктарам, хоць фармальна яе кіраўніком быў немец Бэндзеха.

У беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы, якая дзейнічала ў пэрыяд з 15.10.1916 па 15.11.1918 і за гэты перыяд падрыхтавала 144 беларускія настаўнікі, Баляслаў Пачопка выкладаў беларускую мову і лаціну. Падчас працы ў Сьвіслачы пачаў зьбіраць беларускія народныя песьні, якія плянаваў выдаць у зборніку «Беларуская ліра», аднак гэтая праца не была завершана і сёньня лёс яе невядомы.

Летам 1920, падчас кароткага панаваньня бальшавікоў, вымушаны быў хавацца ад магчымых рэпрэсіяў і жыў на нелегальным становішчы пад страхой аднаго з гаспадарчых будынкаў.

Пасьля ліквідацыі польскімі ўладамі беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы і беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах Ваўкавыскага павету: у в. Вільчукі (19201922), в. Масюкі (19221926). Выкладаў у старэйшых клясах прадметы гуманістычнага цыклю: гісторыю, рэлігію і польскую мову. У 1923 г. для пацьвярджэньня кваліфікацыі настаўніка скончыў педагагічныя курсы ў Лідзе. Займаўся рэлігійна-выхаваўчай працай з дзецьмі, рыхтаваў з імі розныя імпрэзы з вершамі і песьнямі, у тым ліку і яго ўласнымі. Некаторыя з іх былі надрукаваны невялікім зборнічкам, аднак большасьць загінула.

У міжваенны час вырашыў прысьвяціць сябе справе адраджэньня Уніі ў Беларусі і прыняў усходні абрад на прапанову ўкраінскага манаха-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага (пазьней — біскупа, Апостальскага візітатара неаўніяціх парафіяў у Польшчы, сёньня вызнанага Царквой блаславёным). Дзеля гэтага падаў пісьмовую просьбу ў Рым і вясною 1921 атрымаў асабісты дазвол ад папы Бэнэдыкта XV. З 1921 аднавіў свае тэалагічныя студыі — у грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Львове, дзе 5 гадоў вучыўся завочна. 18 ліпеня 1926 быў высьвячаны на дыякана, а 25 ліпеня — на сьвятара ў царкве сьв. Юра ў Львове. Сьвятарскія сьвячаньні паводле бізантыйскага абраду яму ўдзяліў Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.

23.08.1926 рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі прызначыў яго «выконваючым абавязкі вікарыя Целяханскай парафіі для аблугоўваньня вернікаў усходняга абраду, з рэзыдэнцыяй у Бабровічах».

Падчас працы ўніяцкім парахам у Бабровічах а. Баляслаў Пачопка, акрамя сьвятарскага служэньня, выкладаў рэлігію дзецям у школе, актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасьцю для бедных, браў удзел у Пінскіх унійных канферэнцыях, на якіх выступаў з дакладамі, дасылаў артыкулы ў беларускую і польскую прэсу («Da Złučeńnia», «Przegląd Wileński»). Стаў першым біёграфам біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага (цяпер вядзецца бэатыфіувцыйны працэс). У 1938 уласнымі рукамі збудаваў і аздобіў новую драўляную ўніяцкую царкву ў Бабровічах (значную частку грошаў на яе ахвяравала Магдалена Радзівіл). У душпастырскай дзейнасьці карыстаўся пераважна беларускай мовай.

Баляслаў Пачопка меў шырокую перапіску з рознымі асобамі далёка па-за межамі краіны, падтрымліваў шматгадовую лістоўную сувязь з мэцэнаткай беларускага руху княжной Магдаленай Радзівіл, сябраваў зь вядомым славістам прафэсарам Брэслава (Уроцлава) Рудольфам Абіхтам, зь якім працаваў у Сьвіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

З прыходам Саветаў у 1939 пачаўся маральны і матэрыяльны ціск на сьвятара і яго сям’ю, а ў лютым 1940, калі ў Заходняй Беларусі адбылася першая масавая апэрацыя НКВД па дэпартацыі ў Сыбір, у яго царкве адбыўся пагром. Праз некалькі тыдняў спрабавалі абвінаваціць яго ў крадзяжы збожжа. Гэтыя перажываньні моцна адбіліся на стане здароўя сьвятара, якое ўвесну 1940 моцна пагоршылася, узьніклі паважныя праблемы з сэрцам. Некалькі тыдняў ён правёў у шпіталі ў Целяханах. Увосень сьвятаром заняліся сьледчыя НКВД. У сьнежні 1940 сьвятар другі раз трапіў у шпіталь у Целяханах, а на другі дзень сьвятаў Божага Нараджэньня (26 сьнежня 1940) там памёр. Пахаваны ён быў на каталіцкіх могілках у Целяханах.

Творы і працы

  • Miatawyja listoczki (Apawiadańni). Wilnia, 1914. 31 s.
  • Žyćсio papieža piusa X. Wilnia, 1914. 16 s.
  • Pačopka B. czaławiek na wyszynie swajej hodnaści. Wilnia, 1915. 87 s.
  • P-ka B. Boh z nami. Biełaruski modliteŭnik. Wilnia, 1915. 264 s.
  • B.P. Światy Jozafat Kuncewicz. Wilnia, 1916. 16 s.
  • Pačobka B. Hramatyka biełaruskaj mowy. Wilnia, 1918. 37 s.
  • B.P. Wiazanka nowych piosenek religijno-patriotycznych. Wołkowysk, 1923. 8 s.
  • Paczopka B. Jak wučyć nas wieryć i žyć świataja Chrystowaja Paŭsiudnaja Cerkwa? Wilnia, 1932. 16 s.
  • Nowenna ku czci św. Józefata i litania do św. Józefata. Wilno, 1936.
  • Modlitwa o wsławienie świętobliwego Zygmunta I-go Biskupa Pińskiego i życiorys biskupa Zygmunta Łozińskiego. Wilno, 1938.
  • Krótkie nabożeństwo do Chrystusa Króla i Litania do Chrystusa Króla. Wilno, 1939.

Літаратура

  • Ігар Бараноўскі. Помнік сьвятару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004. С. 14—15.
  • Piotr Poczopko. Kapłan unicki rodem z Wileńszczyzny. — Jabłonna, 1999. 56(+12) S.
  • Пётр Пачопка. Страчанае Палесьсе (Уніяцкая царква ў Бабровічах) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 3 (30), 2001, с. 14.
  • Сяргей Чыгрын. Пра аўтара першай беларускай граматыкі // pahonia.org