Слован Лібэрац
| Слован Лібэрац | |
| Поўная назва | FC Slovan Liberec, a.s. |
|---|---|
| Заснаваны | 1958 |
| Горад | Лібэрац, Чэхія |
| Стадыён | Стадыён у Нісы Умяшчальнасьць: 9900 |
| Кіраўнік | Preciosa[d] і Ондржэй Каня[d] |
| Галоўны трэнэр | |
| Чэмпіянат | Першая ліга |
| · 2025—2026 | 6 месца |
fcslovanliberec.cz (чэс.) (ням.) (анг.) | |
«Сло́ван» (па-чэску: Slovan) — чэскі футбольны клюб з гораду Лібэрцу. Заснаваны ў 1958 годзе. Трохразовы чэмпіён Чэхіі, двухразовы ўладальнік Кубка Чэхіі (2000, 2015).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першым папярэднікам футбольнага клюбу «Лібэрац» быў футбольны клуб «Райхэнбэргер», заснаваны ў 1899 годзе[2]. Паколькі Лібэрац быў горадам, дзе большасьць жыхароў былі немцамі, да 1945 году менавіта немцы стварылі першы клюб, які спаборнічаў у сваёй уласнай лізе. Першы чэскі футбольны клюб, «Лібэрац», быў заснаваны па Першай сусьветнай вайне 11 траўня 1919 году. Да Другой сусьветнай вайны паўсталі яшчэ некалькі чэскіх клюбаў. У 1938 годзе было падпісанае Мюнхэнскае пагадненьне, паводле якога прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Нямеччыны прымусілі Чэхаславаччыну здаць сваю памежную тэрыторыю Гітлеру. Пасьля таго, як горад Лібэрац трапіў у склад Трэцяга Райху, чэскі футбол зьнік у горадзе на сем гадоў.

Па заканчэньні Другой сусьветнай вайны і вызваленьня Чэхаславаччыны ў 1945 годзе Лібэрац набыў характар чэскага гораду. Першы паваенны матч быў згуляны ў Турнаве 10 чэрвеня 1945 году футбольным клюбам «Славай» зь Лібэрца. 15 ліпеня 1945 году прадстаўнікі чэскіх футбольных клюбаў з памежных раёнаў, якія аднавілі сваю дзейнасьць, сустрэліся ў гатэлі «Радніца». Вынікам сустрэчы стала рашэньне, што кожны зь іх мусіць працягваць гуляць у той жа лізе, у якой ён гуляў да 1938 году. Пасьля сямі гадоў вымушанай бязьдзейнасьці «Славай» зноў была ўлучана ў клясу IА. У 1958 годзе было пастаноўлена, што мясцовыя клюбы «Іскра» і «Славай» мусяць быць закрытыя і аб’яднаныя ў адную каманду, якая б займела патэнцыял на здабыцьцё месца ў Першай лізе чэмпіянату Чэхаславаччыны[3]. Не зважаючы на тое, што гэты плян выклікаў вельмі нэгатыўную рэакцыю сярод футбалістаў і заўзятараў, у рэшце рэшт яны перадумалі. У выніку 12 ліпеня 1958 году паўстаў аб’яднаны клюб «Слован». Першапачатковы плян не спрацаваў, бо «Слован» доўгі час ня меў посьпеху ў барацьбе за месца ў Першай лізе і нават на пэўных этапах сваёй гісторыі вылятаў у рэгіянальны дывізіён або трэцюю лігу. У 1970-х гадах «Словану» ўдалося вярнуцца ў Другую лігу, у якой на той момант выступалі пяць багемскіх, адная мараўская і дзесяць славацкіх камандаў. Празь вялікія адлегласьці футбалістам зь Лібэрцу нават даводзілася лятаць самалётамі, каб згуляць супраць камандаў з усходніх ускрайкаў краіны.
Пасьля пераадоленьня фінансавага крызісу, у якім апынуўся клюб пасьля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 году, «Слован» нарэшце атрымаў шанец прабіцца ў найвышэйшую лігу. Па распадзе краіны на Чэхію і Славаччыну шэсьць найлепшых камандаў другой лігі былі пераведзеныя ў новаўтвораную чэскую Першую лігу. Толькі тады «Слован» узьняўся ў Першую лігу ў 1993 годзе, замацаваўшыся там на доўгія гады. У 1990-х гадах клюб пераважна быў сярэдняком у турнірнай табліцы. У 2002 годзе «Слован», ачолены трэнэрам Ладзіславам Шкорпілам, упершыню стаў чэмпіёнам Чэхіі і першым чэмпіёнам краіны па-за межамі Прагі. Дзякуючы гэтаму, лібэрцы трапілі ў Лігу чэмпіёнаў, дзе ў трэцім адборачным раўндзе сустрэліся зь «Мілянам», саступіўшы італьянцам толькі паводле правіла выязднога гола.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Актуальны на 19 верасьня 2026 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ ČT Sport Radoslav Kováč v Liberci po dvou letech dokoučoval, nahradí ho Fodrek — Чэскае тэлебачаньне, 2026.
- ↑ History Before 1958. FC Slovan Liberec.
- ↑ Jeřábek, Luboš Český a československý fotbal | lexikon osobností a klubů. — Prague, Czech Republic: Grada Publishing, 2007. — ISBN 978-80-247-1656-5