Слабада (Хвойніцкі раён)
| Слабада лац. Słabada | |
| Дата заснаваньня: | перад 1816 годам |
| Краіна: | Беларусь |
| Вобласьць: | Гомельская |
| Раён: | Хвойніцкі |
| Сельсавет: | Судкоўскі |
| Часавы пас: | UTC+3 |
| Тэлефонны код: | +375 2346 |
| СААТА: | 3254816061 |
| Нумарны знак: | 3 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 51°40′17″ пн. ш. 29°46′59″ у. д. / 51.67139° пн. ш. 29.78306° у. д.Каардынаты: 51°40′17″ пн. ш. 29°46′59″ у. д. / 51.67139° пн. ш. 29.78306° у. д. |
Слабада на мапе Беларусі ± Слабада | |
Слабада́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць]У назве гэтага паселішча на працягу яго існаваньня адзіным нязьменным элемэнтам заставаліся ўзаемазамяняльныя Слабада і Слабодка, бо ўжываліся як асобна, так і ў спалучэньні зь іншымі імёнамі. У крыніцах, аднак, сустракаюцца розныя найменьні — Слабодка Персец, Персец, Слабодка Перстава, Перстава Слабада, Слабада Перст[a], Слабада або Слабодка Лісец[b], Лісец, Слабада/Слабодка Кажушкаўская[c].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць]Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць]
Самая раньняя згадка пра паселішча ў ваколіцах сяла Кажушкі[d], вядомая зь сялянскай рэвізіі 1816 году, калі маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога фальварак Кажушкі з аднайменным сялом і іншымі прылегласьцямі, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У рэвізіі 1816 году названая Слабодка Персец[3]. У мэтрычнай кнізе Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы 1823 году двойчы згаданыя жыхары Слабодкі Перставай. Прозьвішчы — Папок[e], Гайдамаха, Грыц[h][9].
У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[10].








Больш пэўна вёска лякалізаваная ў выданьні «Специальная карта Западной части Российской Империи, составленная и гравированная в 1/420000 долю настоящей величины[j] при Военно-Топографическом Депо, во время управления генерал квартирмейстера Нейдгарта под руководством генерал-лейтенанта Шуберта», якое выйшла ў 1832 годзе, хоць праца працягвалася Ф. Ф. Шубэртам да 1840 г. На мапе на паўднёвы ўсход ад Кажушкаў — Персец[k]. Названая Слабада Переца і ў рэвізіі 1834 году, калі Кажушкаўскім фальваркам працягваў валодаць Д. Горват[11]. На тапаграфічнай мапе Менскай губэрні, выдадзенай у 1846 годзе паводле здымкі генэрала-маёра А. К. Фіцінгофа, на тым самым месцы пазначаная Слабада Лісец[l]. Але ў кліравой ведамасьці Тульгавіцкай царквы за 1847 год сказана, што ў 1 і 1/4 двара[m] Слабады Перставай жылі 5 мужчын і 9 жанчын[12]. І ў астатніх дзьвюх згадках пра паселішча ў мэтрыцы Тульгавіцкай царквы 1848 году, жнівеньскай і кастрычніцкай, названая Слабада Перставая. Першы запіс зроблены ў сувязі з нараджэньнем і хростам Акіліны, дачкі сялянаў Конана Амяльянавага і Ганны Анапрэевай Марозаў[n]. Выканалі дзею сьвятар Васіль Плышэўскі зь дзячком Антонам Нямшэвічам[14].
Найбольш раньняя пакуль зьвестка пра назву Слабодка Кажушкаўская сустрэтая ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[o]. 11 траўня 1852 году атрымала хрост, народжаная па-за шлюбам трыма днямі раней, Вікторыя, дачка аднадворкі[p] Марыяны Піатроўскай. Таямніцу зьдзейсьніў вікары Хвойніцкай філіі Астраглядаўскай парафіі ксёндз Лукаш Пюро[15] з закону братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). Аднак, у «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» паведамляецца, што 6 жыхароў Слабады Перст (не Кажушкаўскай) зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага (не Астраглядаўскага) касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Сярод паселішчаў і верных прыходу Тульгавіцкай царквы Слабада і яе жыхары не названыя[q][16].
У парэформавы пэрыяд вёска адміністрацыйна належала да Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету. Слабада Кажушкаўская названая 8 кастрычніка 1861 году, калі вікары Хвойніцкай філіі Астраглядаўскай парафіі ксёндз Лукаш Пюро ахрысьціў Марыяну, дачку шляхетных (благородных) Юзафа і Ганны зь Цішкевічаў Дваракоўскіх[17].
У 1871 годзе пабачыла сьвет падрыхтаваная І. А. Стрэльбіцкім «Специальная карта Европейской России» — самая дакладная за ўсё XIX ст.[r] На ёй пазначаны Лісец. Зьвесткі пра жыхароў вёскі мазырскіх мяшчанаў Валасевічаў, сялянаў Юравіцкай воласьці Дудоўскіх, Куліцкіх (жонкі з Маеўскіх, Сакалоўскіх) ёсьць у мэтрыках Астраглядаўскага касьцёлу 1876 года. Назва, што праўда, перайначаная тут на Слаботку (Слоботка)[18], але найменьне Лісец ня ўжытае ні разу.
На 1909 год у вёсцы Слабодка Кажушкаўская было 9 двароў з 74 жыхарамі, у аднадворным фальварку тае ж назвы — 15 жыхароў[19].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Слабада ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[20].



1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. З 8 ліпеня 1931 году Кажушкі і Слабодка ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Слабодцы было 27 двароў з 84 жыхарамі. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску, загубілі чатырох чалавек[21]. 6 вяскоўцаў загінулі на франтах і прапалі безь вестак[22].
З 8 студзеня 1954 году Слабада — у Гомельскай вобласьці.
Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў Слабады ў колькасьці 20 сем'яў перасялілі ў чыстыя рэгіёны [23][24]. Да 8 студзеня 1987 году вёска ўваходзіла ў склад Кажушкаўскага сельсавету[25], да 28 лістапада 1991 году — у Тульгавіцкім сельсавеце, да 1 сьнежня 2009 году — у Дварышчанскім сельсавеце. Ліквідаваная ў 2010 годзе[26].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць]- ^ Імаверна, так калісьці называлася ўрочышча, імя якога зь цягам часу было перанесенае на слабаду. Або (магчыма, задоўга да заснаваньня слабады) Перст — мянушка першапасяленца? Яшчэ вядома, што ў старабеларускай мове слова «персьць» (персть) азначала «зямля»[2]. У кожным выпадку, гэтая назва нададзеная тутэйшымі жыхарамі, а іншыя, Персец і Лісец, створаныя перапісчыкамі рэвізскіх душ і ўкладальнікамі мапаў, для якіх мясцовая тапанімія — чужая.
- ^ Такія назвы вядомыя выключна з мапаў, дзе першае слова падавалася ў скарочаным выглядзе — Слоб. (рас.), Сл.
- ^ Апошняя форма дазваляла зарыентаваць людзей у аддаленых месцах, бо ж сяло Кажушкі старадаўняе і больш вядомае па абодва бакі Прыпяці. Але аснова назвы — Слабада/Слабодка.
- ^ Зразумела, акрамя фальварку Кажушкі і вёскі Ламачы, якая, падобна, да таго фальварку ня мела дачыненьня.
- ^ Пракоп Іванаў Папок у 1802 г., калі Кажушкаўскім фальваркам з прылегласьцямі валодаў пан Пётар Грахольскі, запісаны як жыхар сяла Кажушкі[4], хоць слабада магла ўжо існаваць.
- ^ На 1817 г. запісаны ўсё яшчэ ў Кажушках[5]. У 1832 г. у ягонай дачкі Анастасіі Іванавай Гайдамачанкавай, жыхаркі Перставай Слабады, па-за шлюбам нарадзіўся і ахрышчаны сын[6].
- ^ Ва ўзросьце 55 г. памёр у Слабадзе Перставай пана Даніэля Горвата ў 1831 г.[7].
- ^ Некаторы час у царкоўных кнігах выселеныя ў Слабаду людзі маглі запісвацца жыхарамі Кажушкаў, як у 1810 г.: Іван Андрэеў Гайдамашка[f], Тарас Іванаў Папок[g], Мікалай Гарасімаў Папок, Якім Дзям'янаў Грыц[8].
- ^ Значак на мапе сьведчыць, што паселішча мела ад 5 да 20 двароў. У гэтым выпадку — бліжэй да 5.
- ^ У 1 дзюйме 10 вёрст.
- ^ Калі б не запіс у рэвізіі 1816 г., зьявілася б думка, што менавіта Ф. Шубэрт альбо ягоныя супрацоўнікі стварылі гэткую форму назвы.
- ^ Усе наступныя картографы прынялі Лісец, г. зн. проста перапісвалі памылковую назву ў А. Фіцінгофа. А яна яшчэ больш аддаленая ад арыгіналу, чым Персец. Калі ў апошняй можна распазнаць Перст, дык у назве Лісец — аніяк.
- ^ Так запісана ў крыніцы. Як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- ^ У 1854 г. Конан Амяльянаў Мароз выступаў кумам як жыхар Кажушкаў[13]
- ^ Першы вядомы выпадак пражываньня ў Слабодцы парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу да таго, як у 1865 г. расейскія ўлады ліквідавалі Юравіцкую парафію.
- ^ За кума выступіў і аднадворац Фелікс Піатроўскі. На тэрыторыі Беларусі, паводле закону ад 19.10.1831 г., да аднадворцаў залічвалі незацьверджаную ў правах расейскага дваранства шляхту, якая жыла ў сельскай мясцовасьці. У 1868 г. аднадворцы былі запісаныя ў сяляне або ў мяшчане.
- ^ Праваслаўныя вяскоўцы былі пераселеныя ў Кажушкі, адкуль раней трапілі ў Слабодку. Тут жа пазьней зьявіўся фальварак і людзі каталіцкага веравызнаньня.
- ^ Інфармацыя з гэтай мапы перавыдавалася да 1930-х гг. уключна.
- ^ Калі гэтая невялічкая вёска існавала, дык пад назвай, звыклай для яе жыхароў, увагу картографаў не прыцягвала. Але ўрэшце здарылася.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf). Сустракаюцца таксама варыянты Кажу́шкаўская Слабада́, Слабо́дка
- ^ Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. — Мінск, 2005. С. 515 (спасылка на: Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік / М. Р. Прыгодзіч, Г. К. Ціванова. Мн.: Беларускае выдавецкае таварыства "Хата", 1997. 175 с.)
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 246. А. 135адв.-138адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 500. А. 378
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 517. А. 418
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 534. А. 773
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 533. А. 734
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 509. А. 519адв., 522, 523.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 524. А. 467адв., 469адв.
- ^ Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213)
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 649-653
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41952. А. 182адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 434. А. 1239адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 397. А. 1012адв.-1013, 1018адв.-1019
- ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 27
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694
- ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 4. А. 14
- ^ НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 3. А. 146адв.-147, 148адв.-149, 151адв.-152
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 187
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 503
- ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць). — Мінск: БЭ, 1993. С. 168, 250
- ^ Памяць. — С. 19
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 458
- ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
- ^ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21 сентября 2010 г. № 25 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района Архівавана 21 красавіка 2021.