Перайсьці да зьместу

Вольны тэатар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Свабодны тэатр»)

«Во́льны тэа́тар» (таксама «Свабодны тэатар») — андэграўндны тэатральны праект беларускіх прафэсійных актораў, рэжысэраў, драматургаў, які ўваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю.

«Вольны тэатар» быў заснаваны 30 сакавіка 2005 году Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой. У траўні 2005 году ў склад «Вольнага тэатру» увайшоў рэжысэр Уладзімер Шчэрбань.

У Беларусі тэатар ня мае ні сцэны, ні памяшканьня для рэпэтыцый, ні дзяржаўнай падтрымкі. У Беларусі спэктаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах.

Так, падчас прэм’ернага паказу спэктаклю францускага рэжысэра Крысьціяна Бэнэдэці паводле п’есы Эдварда Бонда «Адзінаццаць кашуль» у жніўні 2007 году супрацоўнікамі праваахоўных органаў былі затрыманыя ўсе гледачы і акторы «Вольнага тэатру». Халезіна некалькі разоў арыштоўвалі за выступы з крытыкай беларускіх улад.

Спэктаклі «Вольнага тэатру» пабывалі з гастролямі ў Рызе, Маскве, Магілёве, Барысаве, Летуве, Фінляндыі, Польшчы, Нямеччыне і Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША. «ВТ» выступаў на лепшых пляцоўках Эўропы, такіх як Швэдзкі каралеўскі тэатар, і браў удзел у самых прэстыжных эўрапейскіх фэстах — такіх, як Тэатральнае біенале ў Вісбадэне, фэст Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыі ў Сэнт-Эцьене. У траўні 2007 году «Вольны тэатар» запрошаны Парыскім тэатрам пад кіраўніцтвам Крысьціяна Бэнэдэці на месячныя гастролі ў Парыж. У пачатку траўня «Вольны тэатар» прымаў удзел у фэсьце «Пасаж» у Нансі.

«Вольны тэатр» падтрымліваюць выдатныя творцы сучаснасьці: Том Стопард, Вацлаў Гавэл. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр яшчэ пры жыцьці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. «Свабодны тэатр» уваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвенцыю.

У сьнежні 2010 году Вольны тэатар паказаў ў адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікабрытаніі, лёнданскім «Young Vic», 2 спэктаклі — «Спасьцігаючы каханьне» і «Лічбы». Удзел у пастаноўцы прынялі знакамітыя брытанскія акторы: Джуд Лоў, Іан Маккелен, Сэмюэль Уэст і іншыя[1].

Удзельнікі тэатру праводзілі неаднаразовыя акцыі пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў Нью-Ёрку і Лёндане.

  • 2005 — «Псыхоз 4.48» (Сары Кэйн, рэж. Уладзімер Шчэрбань),
  • 2007 — «Мы. Самаідэнтыфікацыя» (паводле пьесаў Паўла Пражка, Паўла Расолька і Кастуся Сьцешыка, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
  • 2007 — «Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы» (Натальля Мошына, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
  • 2006 — «Белівуд» — (Павал Пражка, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
  • 2006 — «Пакаленьне Jeans» (Мікалай Халезін)
  • 2006 — «Быць Гаральдам Пінтэрам» (паводле пьесаў Г. Пінтэра, рэж. Уладзімер Шчэрбань).
  • 2009 — «Спасьцігаючы каханьне» (аўтар і рэж. Міклай Халезін)
  • 2008 — «Лічбы» (рэж. Уладзімер Шчэрбань)

Узнагароды й прэміі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • ляўрэат прэміі Францускай Рэспублікі ў галіне абароны правоў чалавека
  • красавік 2008 — у грэцкіх Салёніках «Свабодны тэатр» атрымаў прэстыжную тэатральную прэмію «Эўропа — тэатру»
  • Люблю Беларусь (2010)[2]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]