Канстытуцыя Паўночнай Карэі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сацыялістычная Канстытуцыя Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (кар. 조선민주주의인민공화국 사회주의헌법) — асноўны закон Паўночнай Карэі, зацьверджаны ў сьнежні 1972 году.

Зазнала 7 паправак у 1992, 1998, 2009, 2010, 2012, 2013 і 2016 гадах. Ёй папярэднічала першая канстытуцыя КНДР 1948 году.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2017 год Сацыялістычная Канстытуцыя КНДР, пасьля 7 паправак з 1992-га па 2016 год, налічвала 172 артыкулы і ўлучала прэамбулу і 7 разьдзелаў:

  1. Палітыка (артыкулы 1—18);
  2. Гаспадарка (артыкулы 19—38);
  3. Культура (артыкулы 39—57);
  4. Абарона (артыкулы 58—61);
  5. Асноўныя правы і абавязкі грамадзянаў (артыкулы 62—86);
  6. Дзяржаўныя органы (артыкулы 87—168; 82 са 172 артыкулаў);
  7. Герб, сьцяг, гімн і сталіца (артыкулы 169—172).

У першым разьдзеле канстытуцыі КНДР абвяшчалася сацыялістычнай (1-ы артыкул) і рэвалюцыйнай (2-і артыкул) дзяржавай, «якая кіруецца палітыкай самадастатковасьці і першаснасьцю войска» (3-і артыкул). Паводле 11-га артыкула, «КНДР мае ажыцьцяўляць усю дзейнасьць пад кіраўніцтвам Працоўнай партыі Карэі». У 17-м артыкуле згадвалася, што «Дзяржава мае імкнуцца да адзінства з народамі ўсяго сьвету, якія бароняць сваю незалежнасьць».

У 2-м разьдзеле абвяшчалася, што «Ў КНДР сродкі вытворчасьці належаць дзяржаве і грамадзкім, каапэратыўным арганізацыям» (20-ы арт.). Паводле 21-га арт., «Усе прыродныя багацьці, чыгункі, службы паветраных перавозак, пошта і ўстановы сувязі, як і асноўныя заводы і прадпрыемствы, парты і банкі краіны належаць выключна дзяржаве. Дзяржава мае бараніць і разьвіваць на пераважнай аснове дзяржаўную ўласнасьць». Згодна з 30-м артыкулам «Працоўны дзень мае складаць 8 гадзінаў». Таксама дзяржава мае забараняць найм ва ўзросьце да 16 гадоў (31-ы арт.). Паводле 34-га арт., «Народная гаспадарка КНДР ёсьць плянавай». Пагатоў 37-ы артыкул прадугледжвае, што «Дзяржава мае заахвочваць установы, прадпрыемствы і арганізацыі краіны ажыцьцяўляць капітальныя або дамоўныя сумесныя пачынаньні з замежнымі карпарацыямі і асобамі, засноўваць і кіраваць прадпрыемствамі розных відаў у адмысловых эканамічных зонах».

3-і разьдзел зьмяшчаў 45-ы артыкул, паводле якога: «Дзяржава мае разьвіваць усеагульную абавязковую 12-гадовую адукацыю, што ўлучае абавязковую 1-гадовую дашкольную асьвету». Паводле 54-га арт., «Дзяржава мае бараніць нашую мову ад усіх спробаў зьнішчыць яе і мае разьвіваць яе ў адпаведнасьці з патрэбамі сёньняшняга дня». У 4-й разьдзеле 59-ы артыкул прадугледжваў, што найперш «Задачай узброеных сілаў КНДР ёсьць абарона правадыроў рэвалюцыі». 5-ы разьдзел абвяшчаў: «Усе грамадзяне, якія дасягнулі 17 гадоў, маюць права выбіраць і быць выбранымі» (арт. 66). Паводле 83-га арт., «Праца ёсьць высакародным абавязкам… Грамадзяне маюць ахвотна і сумленна ўдзельнічаць у працы».

Паводле 7-га разьдзелу, апошні 172-і артыкул Сацыялістычнай Канстытуцыі вызначаў Пхэньян у якасьці сталіцы замест Сэулу, як тое было ў папярэдняй Канстытуцыі 1948 году.

Дзяржаўныя органы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6-ы разьдзел Сацыялістычнай Канстытуцыі КНДР падзяляўся на 8 частак:

  1. Вярхоўны народны сход (артыкулы 87—99);
  2. Старшыня Дзяржаўнай рады (артыкулы 100—105);
  3. Дзяржаўная рада (артыкулы 106—111);
  4. Прэзыдыюм Вярхоўнага народнага сходу (артыкулы 112—122);
  5. Кабінэт міністраў (артыкулы 123—136);
  6. Мясцовыя Народныя сходы (артыкулы 137—144);
  7. Мясцовыя Народныя камітэты (артыкулы 145—152);
  8. Пракуратура і суд (артыкулы 153—168).

Паводле 1-й часткі, Вярхоўны народны сход (ВНС) ажыцьцяўляў заканадаўчую ўладу і выбіраўся на 5 гадоў. Прызыдыюм ВНС пераймаў уладу між пасяджэньнямі ВНС. Паводле 91-га артыкула, Вярхоўны народны сход меў паўнамоцтвы выбіраць старшыню Дзяржаўнай рады, прэм’ера Кабінэта міністраў, склад свайго Прэзыдыюму, галоўнага пракурора і старшыню Вярхоўнага суда. Кворум складае 2/3 дэпутатаў.

Паводле 2-й часткі, старшыня Дзяржаўнай рады ёсьць найвышэйшым кіраўніком КНДР (арт. 100) і яе ўзброеных сілаў (арт. 102). Ён мае паўнамоцтвы прызначаць кіраўнікоў у галіне абароны, зацьвярджаць міжнародныя дамовы, абвяшчаць надзвычайнае становішча і паспалітае рушэньне (арт. 103). Згодна з 3-й часткай Дзяржаўная рада назірае за выкананьнем загадаў свайго старшыні (арт. 109).

4-я частка надзяляе Прэзыдыюм ВНС паўнамоцтвамі зацьвярджаць Дзяржаўны плян разьвіцьця народнай гаспадаркі і дзяржаўны каштарыс, тлумачыць канстытуцыю і законы, праводзіць выбары, ствараць і скасоўваць ведамствы Кабінэта міністраў, выбіраць і здымаць судзьдзяў Вярхоўнага суда, прызначаць і адклікаць амбасадараў, зьмяняць адміністрацыйны падзел краіны (арт. 116). Прэзыдыюм можа склікаць пасяджэньне свайго Пастаяннага камітэту ў складзе старшыні, намесьнікаў і сакратара. Паводле 5-й часткі Кабінэт міністраў ажыцьцяўляе выканаўчую ўладу і мае паўнамоцтвы складаць накід Дзяржаўнага пляну разьвіцьця народнай гаспадаркі і дзяржаўнага каштарысу.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 сьнежня 1972 году Вярхоўны народны сход Паўночнай Карэі 5-га скліканьня зацьвердзіў Сацыялістычную Канстытуцыю Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) замест першай Канстытуцыі КНДР ад 8 верасьня 1948 году, якую старшыня Савету міністраў СССР Ёсіф Сталін папярэдне асабіста адрэдагаваў паводле Канстытуцыі СССР 1936 году. 9 красавіка 1992 году Вярхоўны народны сход КНДР 9-га скліканьня ўнёс першую папраўку ў Сацыялістычную Канстытуцыю. 5 верасьня 1998 году Вярхоўны народны сход 10-га скліканьня дадаў у канстытуцыю прэамбулу. Цягам 2009—2013 гадоў Вярхоўны народны сход 12-га скліканьня ўнёс 4 папраўкі ў канстытуцыю.

9 красавіка 2009 году ў Сацыялістычную Канстытуцыю дадалі 6 артыкулаў, якія склалі новы 2-ю частку «Старшыня Дзяржаўнага камітэту абароны» 6-га разьдзелу. Паводле 100-га артыкула, якім пачыналася 2-я частка 6-га разьдзелу, «старшыня Дзяржкамітэту абароны зьяўляецца найвышэйшым кіраўніком КНДР». З артыкулаў 29 і 40 пра гаспадарку і культуру адапведна прыбралі згадкі камунізму. Роўна праз год у канстытуцыю зноў унесьлі 4-ю папраўку. 13 красавіка 2012 г. Вярхоўны народны сход унёс папраўку ў прэамбулу канстытуцыі, паводле якой КНДР абвяшчалася ядзернай дзяржавай. Папярэдне Паўночная Карэя правяла ў 2006 і 2009 гадах выпрабаваньні ядзернай зброі[1]. 1 красавіка 2013 году ўнесьлі 6-ю папраўку да канстытуцыі. У чэрвені 2016 г. 7-я папраўка пераўтварыла Дзяржаўны камітэт абароны ў Дзяржаўную раду.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]